“Паплавок” Славука

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

“Рэч у сабе” па нязвыклым бачанні свету

У Нацыянальным мастацкім музеі нядаўна завяршылася выстаўка мастака-графіка, лаўрэата Дзяржпрэміі Беларусі Валерыя Славука. Ён даўно шырока вядомы ў краіне як майстар з уласцівым толькі яму поглядам на свет, у якім пад яго разцом ды алоўкам арганічна ўжываюцца рэальнасць і казка, фантазія і іронія, сучаснасць і нацыянальная спадчына.

Па нязвыклым бачанні свету яго часам параўноўваюць з Босхам, але тут такія паралелі не вельмі карэктныя. Славук — “рэч у сабе”, ягоныя персанажы  — усе гэтыя пярэваратні, цуды-юды, вадзянікі, чэрці балотныя і чэрці-карцёжнікі, русалкі, дамавікі, грэшнікі — не наганяюць страх, як у Босха ці нават у Брэйгеля, а, наадварот, выклікаюць добрую ўсмешку і жаданне праз мастакоўскія “сюжэты” больш спазнаць беларускую самабытную міфалогію.

Я ўжо не кажу пра яго выдатныя віртуозныя ілюстрацыі да беларускіх народных казак, такіх, як “Удовін сын”, “Піліпка-сынок”, “Людзей слухай, а свой розум май”, а таксама да кніг В.Лукшы, Р.Барадуліна, В.Скота (некаторыя былі прадстаўлены ў экспазіцыі), — яны даўно атрымалі прызнанне чытачоў. Але ў апошнія, мабыць, два дзесяцігоддзі Валерый Пятровіч усё ж больш “купаецца” ў графічным мастацтве “вялікіх форм” — станковых кампазіцыях — “вандроўках па белым свеце” ў пошуках новых вобразаў, што павінны даць нам, гледачам, сапраўднае задавальненне. Я бачыў, з якой цікавасцю разглядвалі гледачы афорты Славука “Зімовае паляванне”, “Дрэва”, “Восень”, “Зімовыя забавы” — разглядвалі і здзіўляліся: з якім незвычайным майстэрствам аўтар рабіў увесь гэты цуд!

/i/content/pi/cult/431/8946/8-1.jpeg

В.Славук. "Восень".

А што ён сам кажа пра сябе? “У сваіх сусветах я — гаспадар, уладар і цар”. І далей: “У мяне хапае шчасця, каб радавацца і жыццю, і сваім сябрам, і сваёй любімай справе, якой мяне адарыў Бог. Канешне ж, і ў мяне бываюць хвіліны, гадзіны і нават дні нездаволенасці сабой. Але на выручку заўсёды прыходзіць маё мастацтва. Проста, не даю сабе расслабіцца. А пачынаеш займацца творчай справай — і сумневы ў сваім душэўным дабрабыце паспяхова застаюцца ў мінулым. Гэта — мой паплавок…”

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"