"Дыялог" з... капіталам

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

Гарадской скульптурай сёння мала каго здзівіш, але ж адкрыццё "Дыялога" Канстанціна Селіханава, якое адбылося ў Мінску 12 чэрвеня, усё адно стала прыкметнай падзеяй.

Па-першае, яе ініцыятарам і фундатарам ці не ўпершыню ў нашай гісторыі выступіў банк — "БелВЭБ". І па-другое — на праспекце Пераможцаў быў устаноўлены не звыклы ўзор той "легкадумнасці", якая даўно ўжо натхняе менавіта на цяжкія роздумы, але сапраўды адметны твор сучаснай манументальнай пластыкі.

/i/content/pi/cult/431/8943/2-1.jpeg

Канстанцін Селіханаў вядомы сваёй "шматстанковасцю": яго аўтарству належаць як традыцыйныя ўзоры манументалістыкі, так і канцэптуальныя праекты, дзе скульптура з’яўляецца хіба адным са складнікаў візуальна-сэнсавай мазаікі. Гэтым разам скульптар прадэманстраваў своеасаблівы сплаў акадэмізму ды актуальнасці. "Дыялог" выглядае лагічным працягам старой "вулічнай" пластыкі, якая ацалела ў некаторых мінскіх сверыках яшчэ з савецкіх часоў, — ды, у той самы час, цалкам сучасным творам, што выдатна дапасоўваецца да свайго дзелавога ўрбаністычнага асяроддзя.

Да ідэі ўпрыгожыць уваход ва ўласны галаўны офіс прадстаўнікі банка паставіліся з належнай для такіх паважных устаноў грунтоўнасцю. Ад беларускага мастацтва ім патрабавалася не проста "нешта прыгожанькае", але арыгінальнае пераасэнсаванне галоўнай ідэі ўстановы — адкрытасці да паразумення. Падобна на тое, што, задумваючы гэты твор, Канстанцін Селіханаў наўрад ці меў на ўвазе банкаўскую дзейнасць, але.. У выніку "Дыялог" розных суб’ектаў сапраўды адбыўся. І быў адліты ў бронзе на ўсеагульную карысць — уключна, вядома, і з шараговымі мінакамі.