Як зберагчы традыцыю?

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

Інстытут культуры Беларусі днямі ладзіў "круглы стол" "Зберажэнне культурнай самабытнасці арганізацыямі і ўстановамі культуры ў рэгіянальнай камунікатыўнай прасторы".

Мадэратарамі сумоўя былі Іван Крук і Аксана Катовіч, рэктар і дацэнт згаданай установы, каардынатарам — Лілія Жмачынская, начальнік аддзела міжнароднай і сацыякультурнай дзейнасці. Распачаўся "круглы стол" мультымедыйнай прэзентацыяй "Клуб сучаснага аграгарадка". У секцыях сумоўя былі абмеркаваны актуальныя праблемы захавання і адаптацыі да сучаснасці традыцыйнай народнай культуры. Адбылася прэзентацыя кнігі "Мікольская свяча", аўтарамі якой з’яўляюцца мадэратары "круглага стала".

Сярод удзельнікаў дыскусіі — супрацоўнікі культурных устаноў з усіх абласцей Беларусі, спецыялісты сістэмы адукацыі; асобы, дасведчаныя ў справе маркетынгу і менеджменце культуры. Цікавасць прысутных выклікаў досвед асэнсавання традыцыйнай народнай культуры ў Венесуэле, пра які распавёў Першы Сакратар Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Херарда Эстрада Марцінэс. Не абмінулі ўвагай і міжнародны культурны дыялог у кантэксце культуры рэгіянальнай, а таксама суадносіны прафесійнага і самадзейнага чыннікаў сучаснага культурнага працэсу.

У рамках "круглага стала" адбылося ўзнагароджанне ўдзельнікаў Рэспубліканскага агляду-конкурсу "Лепшы клуб аграгарадка". Па выніках сумоўя мяркуецца выдаць зборнік матэрыялаў.