Радзівілаўскія “...Вечары”

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

21 — 23 чэрвеня жыхары і госці Нясвіжа змогуць ізноў адчуць сябе нашчадкамі старадаўняга магнацкага роду: тут пройдзе ўжо чацвёрты па ліку фестываль “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”.

Як заўсёды, гэтае трохдзённае свята ахопіць розныя жанры: оперу — вялікую і камерную, балет, розныя віды канцэртаў, уключаючы гала. Ёсць у праграме і адна з прэм’ер сезона — опера “Сівая легенда” Дзмітрыя Смольскага, пастаноўка якой была адзначана ў студзені спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта краіны дзеячам культуры і мастацтва. Змяшчэнне спектакля ва ўнутраны дворык палаца — у атмасферу “жывых” дэкарацый — прыўнясе, несумненна, новыя фарбы. Перад намі “ажыве” не проста опера ці аднайменная аповесць Уладзіміра Караткевіча, на аснове якой пісьменнік зрабіў аўтарскае лібрэта, а — сама гісторыя.

На “Вечарах Вялікага тэатра…” заўсёды згадваецца не толькі сусветная, але і нацыянальная класіка. Гэтым разам — на канцэрце ў Фарным касцёле, дзе прагучаць творы беларускіх кампазітараў ХІХ стагоддзя, а дырыжорам камернага складу выступіць галоўны хормайстар тэатра, народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч. Яшчэ адзін канцэрт, паводле традыцыі, адкрые фестываль: у тэатральнай зале замка будуць спяваць Таццяна Траццяк і Уладзімір Пятроў. Там жа ў апошні фестывальны дзень пакажуць аднаактовую камічную оперу Г.Даніцэці “Рыта, або Пірацкі трохкутнік”. Завершыцца свята, як заўжды, гала-канцэртам на адкрытым паветры. А “Лебядзінае возера”, паказанае ў дзень адкрыцця там жа, ля сцен палаца, стане своеасаблівай “рэпетыцыяй” перад такім жа паказам неўміручага балета ў Тракайскім замку, што непадалёк ад Вільнюса.

У Літву трупа выправіцца 29 чэрвеня, акурат наступным ранкам пасля закрыцця юбілейнага сезона. Там з нецярплівасцю чакаюць нашых артыстаў. Дый выступяць яны не проста ля сцен знакамітага Тракая, а на спецыяльным пантоне пасярод возера. Вось дзе рамантыка! Ці, можа, экстрым? Але падобныя пленэрныя паказы даўно ўжо сталі сусветнай тэндэнцыяй. Тым больш, што яны карыстаюцца павышаным попытам публікі. Вось і ва ўнутраным дворыку ў Нясвіжы раней ставілі па 600 крэслаў, а сёлета — паўтары тысячы. Шэрагі прыхільнікаў Вялікага растуць!..

Н.Б.