Васіль Ясюк: “Канцэнтрацыя талентаў з гадамі не змяншаецца”

№ 50 (816) 15.12.2007 - 21.12.2007 г

Паступленне у Мінскую дзяржаўную мастацкую вучэльню імя А.К.Глебава пры Акадэміі мастацтваў дае магчымасць не толькі ўпэўнена стаць на першую прыступку на шляху да прафесіянальнай творчасці, але і вызначыцца з далейшай адукацыяй. Толькi ў 2007 годзе больш за 50 працэнтаў выпускнікоў вучэльні сталі студэнтамі акадэміі, і гэты паказчык — адзін з самых высокіх у гісторыі ўстановы. Шасцідзесяцігадовы юбілей “глебаўка” сустракае новымі поспехамі і надзеямі, аб якіх распавядае “К” яе дырэктар Васіль Ясюк.

 /i/content/pi/cult/141/894/Yasjuk1.jpg
Васіль Ясюк.
— Васіль Іларыёнавіч, свята вучэльні— добрая нагода пагутарыць з вамі.
Чым можаце пахваліцца?
— Самы вялікі наш гонар — гэта выпуск альбома, які прымеркаваны да юбілею. У ім будзе каля чатырохсот старонак, якія ахопяць усю гісторыю нашай установы. Альбом падзелены на тры перыяды, кожны па дваццаць гадоў. Прадставім хоць бы па адной карціне з усіх выпускаў. Гэта выдатная даследчыцкая праца ўключыць у сябе ўсе дасягненні вучэльні, аддасць даніну павагі цэлай плеядзе знакамітых беларускіх мастакоў. Пакуль што рыхтуецца сігнальны нумар, а ўсяго мы плануем выпусціць тры тысячы экземпляраў. Хочацца падзякаваць “Пріорбанку”, які пайшоў нам насустрач.
На завяршальным этапе выпуску знаходзіцца юбілейны медаль, аўтарская работа нашага былога студэнта Паўла Лявонава. Двухбаковых бронзавых медалёў будзе 15, таксама выпусцім шмат керамічных копій.
— А якія мерапрыемствы пройдуць у гонар юбілею?
— 17 снежня ў галерэі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а 19 — у Музеi сучаснага выяўленчага мастацтва адкрыюцца выстаўкі работ нашых знакамітых выпускнікоў і студэнтаў. У музеі мы пакажам своеасаблівую рэтраспектыву карцін народных мастакоў, пачынаючы з канца 60-х гадоў. Я таксама аддаў сваю дыпломную працу, бо і сам — выпускнік вучэльні 1976 года.
Немагчыма размясціць у памяшканнях творы ўсіх народных мастакоў, якія выйшлі адсюль, — іх вельмі шмат. Напрыклад, за час з 1967-га па 1987-ы год кожны дзесяты наш былы студэнт стаў членам Саюза мастакоў. Але мы пастараемся паказаць, як і ў альбоме, хоць бы па адной карціне з кожнага года. Што да святкавання, то ўрачысты канцэрт адбудзецца 18 снежня ў Палацы культуры прафсаюзаў.
Шаноўныя госці, студэнты і выкладчыкі, прадстаўнікі іншых мастацкіх навучальных устаноў змогуць раздзяліць з намі нашу радасць.
— Прыміце і мае віншаванні. А скажыце, якія змены адбыліся ў вучэльні за два гады вашай працы тут?
— У нас быў незвычайна вялікі конкурс, да адзінаццаці чалавек на месца, гэта сведчыць аб вялікай цікавасці да вучэльні. Парадаваў мяне і мінулы выпуск, адзін з самых паспяховых у нашай гісторыі. Асабліва пастараліся скульптары, яны зараз складаюць амаль палову першага курса Акадэміі мастацтваў.
Нашы студэнты ўдзельнічаюць у выстаўках, якія арганізоўвае Міністэрства культуры і Саюз мастакоў, становяцца пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў, выдатна сябе паказваюць на міжнародных.Яшчэ за апошнія некалькі гадоў мы выхавалі 26 стыпендыятаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Гэта вялікая лічба гаворыць аб тым, што канцэнтрацыя таленавітых людзей высокая, і мы выйшлі зноў на належную хвалю, не спыняем рыхтаваць будучых прафесіяналаў.
— Якія людзі прадстаўляюць калектыў вучэльні сёння?
 /i/content/pi/cult/141/894/Yasjuk2.jpg
Маладыя жывапісцы малююць натуру. 

— Асноўная маса выкладчыкаў, наш “залаты фонд” — сярэдняе пакаленне творцаў, якія вучыліся тут у 80-х гадах. Яны дасягнулі вялікіх поспехаў у мастацтве, многія — члены Беларускага саюза мастакоў. Менавіта яны захоўваюць традыцыі беларускай рэалістычнай школы, бо самі прайшлі ўрокі нашых слынных народных мастакоў. У гэтым годзе мы ўзялі некалькі выкладчыкаў, якія толькі што скончылі Акадэмію, і будзем працягваць гэту тэндэнцыю. Задор маладых і вопыт вядомых мастакоў — правільнае спалучэнне.
— А вашы студэнты? Хто яны?
— Да нас паступаюць больш-менш падрыхтаваныя дзеці, бо вялікі конкурс не вытрымліваюць тыя, хто не прайшоў першапачатковую мастацкую школу. Але аднаго таленту можа не хапіць, хаця экзаменацыйная камісія пільна ўглядаецца ў працы абітурыентаў, каб заўважыць зерне, якое можа даць важкі колас. Згадзіцеся, калі б у савецкія часы выкладчыкі патрабавалі ад вясковых дзяцей такiх жа ведаў па спецыяльных прадметах, як i ад гарадскіх, мы б не мелі сёння многіх выдатных творцаў. Ёсць падлеткі з правінцыі, якія спачатку не ў стане праявіць сябе, але з часам становяцца аднымі з самых лепшых навучэнцаў, а потым і мастакоў. Змяніліся вучэбныя планы Міністэрства адукацыі, і нам давялося скараціць у агульных планах колькасць гадзін малюнка і жывапісу за кошт павелічэння аб’ёму выкладання агульнаадукацыйных прадметаў. Гэта, на жаль, не на карысць мастацтву.
Непатрэбных прадметаў, канечне, няма, матэматыка ды фізіка таксама нялішнія, аднак спецыяльных дысцыплін, на мой погляд, павінна быць значна больш. Вырашыць праблему можна за кошт павелічэння заняткаў,студэнты баяцца перагрузак, ім падабаецца займацца мастацтвам.
— Ці адпавядае сённяшняя адукацыя ў ММВ тэхнічным дасягненням часу?
—Увогуле для падмурка, які закладвае вучэльня, новыя тэхналогіі не надта актуальныя. Усіх студэнтаў мы вучым асновам жывапісу, малюнка, кампазіцыі, адкрываем гісторыю беларускага і сусветнага мастацтва. І на гэтыя веды ў далейшым жыцці яны могуць накладваць усё, што захочуць, галоўнае — зрабіць гэта граматна. Традыцыйная мастацкая школа павінна вучыць моладзь рабіць галавой, рукамі, алоўкам. З самага пачатку ўсе творцы пачынаюць браць у рукі аловак. Канечне, для графікаў і дызайнераў дасягненні цывілізацыі маюць асаблівае значэнне.
Да размовы падключаецца выкладчыца дызайну Вольга Пачкаева, якая тлумачыць сітуацыю:
— Сённяшнія студэнты маюць доступ да Інтэрнета, да вялікай колькасці каталогаў, альбомаў, але яны не могуць правільна выкарыстоўваць гэтыя сродкі. Колькасць інфармацыі не пераходзіць у якасць ведаў, далягляд многіх не расце, а, на жаль, з кожным годам звужаецца. Дызайн сёння варыцца ва ўласным соку, няма спецыяльных курсаў для пашырэння далягляду саміх настаўнікаў, таму ім даводзіцца засвойваць усе веды самастойна.
Пра навейшыя заваёвы ў гэтай сферы яны даведваюцца з кніг, якія набываюць самі, ходзяць на выстаўкі, калі ёсць магчымасць, набіраюцца вопыту за мяжой. Спецыяльнасць, зразумела, вельмі папулярная, але і складаная, бо, каб дасягнуць поспеху, трэба лепш арганізаваць працэс навучання.
— А ў якім стане матэрыяльная база вучэльні?— пытаюся ў Васіля Іларыёнавіча.
—У класы паставілі новыя камп’ютэры для дызайнераў, актыўна ўваходзім у Інтэрнет-сетку — гэта ўжо ім палёгка. Сёлета мы не забыліся на жывапісцаў: закупілі каля сарака мальбертаў, увогуле ўсё неабходнае для працы амаль цэлага курса. Пашырылі таксама бібліятэку, адкрылі кабінет псіхолага.
Зараз мы часова пераязджаем у будынак былой школы-інтэрната на вуліцу Мендзялеева, 36. Гэта вельмі добрае месца ў старым прыгожым парку, дзе будзем чакаць, калі пабудуюць спецыяльны будынак Мінскай мастацкай вучэльні. Цяперашні корпус знаходзіцца ў аварыйным стане, у ім ужо немагчыма займацца.
Заканчваецца распрацоўка праекта новага будынка, на што ўжо засвоена 500 мільёнаў рублёў. У будучым мы будзем мець сваю выставачную залу, інтэрнат, добрыя майстэрні, спартыўную і актавую залы, сховішча. На працягу двух гадоў усё гэта павінна ажыццявіцца.
Шмат у нас складанасцей, але ўжо адно тое, што дзяржава ўключыла вучэльню ў інвестыцыйную праграму сведчыць: унікальнасць нашай навучальнай установы стараюцца захаваць і падтрымаць.

Гутарыла Алена САБАЛЕЎСКАЯ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА