Новыя абсягі творчай адукацыі

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

Для выпускнікоў беларускіх ССНУ пашыраны магчымасці атрымання вышэйшай адукацыі ў творчых ВНУ Расіі. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня падпісаў Указ “Аб некаторых пытаннях, звязаных з атрыманнем вышэйшай адукацыі ва ўстановах адукацыі ў сферы культуры Расійскай Федэрацыі”.

На працягу многіх гадоў склалася практыка атрымання выпускнікамі беларускіх ССНУ культуры вышэйшай адукацыі ў вядучых творчых ВНУ Расіі, дзе сфарміраваліся прызнаныя ва ўсім свеце творчыя школы і выкладаюць педагогі-майстры з ліку выдатных дзеячаў мастацтва, магчымасць навучання ў якіх у многім вызначае якасць прафесійнай адукацыі ды ўзровень кваліфікацыі творчага работніка.

Аднак, з уступленнем у сілу Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, выпускнікі ССНУ, якія атрымалі адукацыю за кошт бюджэту, абавязаны адпрацаваць два гады па размеркаванні (за выключэннем асоб, што паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі на навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту) альбо кампенсаваць сродкі, затрачаныя на іх падрыхтоўку.

Такая сітуацыя істотна абмяжоўвала магчымасці атрымання прадстаўнікамі таленавітай моладзі Беларусі вышэйшай адукацыі ў Расійскай Федэрацыі.

У мэтах яе вырашэння Указам устаноўлена, што выпускнікі дзяржаўных ССНУ Беларусі ў сферы культуры, абавязаныя адпрацаваць па размеркаванні, заахвочаныя спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, або тыя, што з’яўляюцца пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў ды алімпіяд альбо атрымалі дыплом з адзнакай і паступілі ў год заканчэння ССНУ ў творчую ВНУ Расійскай Федэрацыі на дзённае навучанне за кошт бюджэту, адпрацоўваюць тэрмін абавязковай работы па размеркаванні ў Беларусі пасля заканчэння ВНУ (або пасля датэрміновага адлічэння з яе).

Выпускнікі, якія не адпрацавалі тэрмін абавязковай работы па размеркаванні пасля заканчэння расійскай ВНУ, абавязаны вярнуць сродкі, затрачаныя на іх навучанне ў беларускай ССНУ.

Гэты механізм дасць магчымасць, з аднаго боку, павысіць сацыяльную абароненасць выпускнікоў, а з іншага — гарантаваць вяртанне ў Беларусь найбольш таленавітых і перспектыўных маладых дзеячаў мастацтва, якія атрымалі высакаякасную адукацыю ў ВНУ Расіі.