Беларусь і Славакія Аскара Марыкса

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

Днямі ў Варшаве адкрылася выстаўка “Аскар Марыкс — класік беларускай сцэнаграфіі”. Гэта сумесны праект Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Выстаўка — даніна павагі мастаку, славаку па нацыянальнасці, які стаяў ля вытокаў беларускай сцэнаграфіі, яскравае сведчанне культурнага супрацоўніцтва і заклік да далейшага ўзаемапазнання культур розных краін. Яна працуе да канца чэрвеня.

Дапамогу ў рэалізацыі праекта аказала Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча, Беларускі і Славацкі культурныя цэнтры ў Варшаве.

Аскар Марыкс, нагадаем, нарадзіўся ў Львове, які на той час уваходзіў у склад Аўстра-Венгрыі, бацька яго — славак па паходжанні. Марыкс скончыў пражскі філіял Венскай акадэміі мастацтва па класе архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Далейшую адукацыю атрымліваў як вольны слухач платных мастацкіх студый Аўстра-Венгрыі, Польшчы і Расіі. У гэты ж перыяд актыўна працаваў у тэатрах і прымаў удзел у выстаўках. Таму невыпадкова ініцыятыва — Славацкага культурнага цэнтра. Дарэчы, летась выстаўка з вялікім поспехам экспанавалася ў славацкім горадзе Банска Быстрыца.

Абставіны жыцця мастака склаліся такім чынам, што з 1922 года Аскар Пятровіч цалкам прысвяціў сябе працы ў Першым беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ-1), дзе разам з Еўсцігнеем Міровічам прымаў самы актыўны ўдзел у стварэнні першага беларускага тэатра, а затым — літаральна ўсіх айчынных тэатраў. З імем Марыкса звязана заснаванне ў Беларусі школы сцэнічнага афармлення.

З 1949 года Аскар Пятровіч займаўся выкладчыцкай дзейнасцю: працаваў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Дэкарацыі ж творцы вызначаліся вобразнасцю, глыбокім веданнем эпохі, стылявой своеасаблівасцю, кампазіцыйнай выразнасцю.

Аскар Марыкс — аўтар графічных серый “Помнікі дойлідства Беларусі” (1944 — 61 гг.), “Беларускае адзенне” (1950-я), “Беларусь старажытная” (1972 — 76 гг.), заснаваных на ўласных фальклорна-этнаграфічных і гістарычных даследаваннях.

Алена ЛАБОВІЧ, вучоны сакратар Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь