Пра Доўнар-Запольскага

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшла прэзентацыя выстаўкі “Мітрафан Доўнар-Запольскі — даследчык гісторыі трох народаў”, падрыхтаванай установай супольна з Музеем гісторыі Акадэміі, Інстытутам гісторыі, Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Францыска Скарыны, санкт-пецярбургскім філіялам Архіва Расійскай акадэміі навук.

Экспазіцыя адлюстроўвае шматгранную навуковую дзейнасць вядомага беларускага гісторыка, этнографа, фалькларыста і эканаміста Мітрафана Доўнар-Запольскага (1867 — 1934 гг.).

На выстаўцы прадстаўлена каля 100 дакументаў XVIII — XXI стст. з фондаў ЦНБ НАН Беларусі: працы Доўнар-Запольскага, у тым ліку прыжыццёвыя выданні; літаратура пра яго жыццё і дзейнасць, кнігі з асабістага кнігазбору навукоўца з яго аўтографамі ды пячаткамі. Таксама дэманструюцца фотаздымкі і ўспаміны з асабістага архіва вядомага беларускага гісторыка, археографа Мікалая Улашчыка, якія дазваляюць “убачыць” легендарнага вучонага пад час яго кароткага знаходжання ў Мінску вачыма маладога на той час яго калегі.

Экспануюцца і копіі дакументаў з іншых, у тым ліку расійскіх ды ўкраінскіх, сховішчаў, што раскрываюць малавядомыя старонкі жыцця і дзейнасці Доўнар-Запольскага. Частка з гэтых дакументаў — прадстаўлена ўпершыню.