"Вялікае мастацтва..."

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

Фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі папоўніўся ўнікальным кніжным помнікам XVII стагоддзя — кнігай Казіміра Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі” на нямецкай мове. Старадрук перададзены ў дар сумесным закрытым акцыянерным таварыствам “БелАВМ”.

Да мінулага года ў сховішчах Беларусі не было ніводнага асобніка выданняў К.Семяновіча XVII ст. Летась фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі папоўніўся двума першымі выданнямі трактата “Вялікае мастацтва артылерыі” на лацінскай і французскай мовах 1650 і 1651 гг.

Сёлета, дзякуючы спонсарскай падтрымцы, да калекцыі дадалося трэцяе выданне кнігі “Вялікае мастацтва артылерыі” — на нямецкай мове. Манаграфія знакамітага беларускага даследчыка была надрукавана ў Франкфурце-на-Майне ў 1676 г. у перакладзе Томаса Бэрэна, з уступным словам капітана артылерыі Даніэля Эрліха.

Наш суайчыннік К.Семяновіч лічыцца адным з заснавальнікаў сусветнай ракетнай балістыкі і касманаўтыкі. Яго славутая праца складалася з пяці частак і ўключала вялікую колькасць гравюр, выкананых па эскізах аўтара. Даследаванне было перакладзена на шматлікія еўрапейскія мовы. На працягу стагоддзяў гэты твор з’яўляўся не толькі адной з найважнейшых у Еўропе навуковых прац, але і адным з найбольш запатрабаваных падручнікаў па артылерыі. Нямецкае выданне было значна дапоўнена, у параўнанні з папярэднімі, за кошт новых раздзелаў тэксту і вялікай колькасці новых цудоўна выкананых гравюр.

Усе тры першыя выданні кнігі К.Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі” будуць экспанавацца для шырокай грамадскасці ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі да 21 чэрвеня.