“Параіцца” з камп’ютарам

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

Сучасны работнік культуры, сцвярджае Лілія Вашкоўская, без камп’ютара працаваць проста не можа. Штодзённыя “парады” ад яго яна лічыць абавязковай умовай фарміравання творчай асобы і прапаноўвае чытачам свае інтэрнэт-ідэі.

Лілія ВАШКОЎСКАЯ, галоўны спецыяліст аддзела культуры Жлобінскага райвыканкама

/i/content/pi/cult/431/8930/2-2.jpeg

1. Відэастасункі

Днямі на Гомельшчыне прайшла чарговая відэаканферэнцыя. Пры дапамозе мультымедыйнай тэхнікі кожны райвыканкам, у тым ліку і наш — Жлобінскі, — кантактаваў з аблвыканкамам. Кіраўніцтва Гомельшчыны абмяркоўвала з кіраўніцтвам раёна ды прадстаўнікамі аддзелаў культуры, ідэалогіі і г. д. пытанні сацыяльнага развіцця. Гаворка ішла і пра клопат сённяшніх сельскіх устаноў культуры. Было б цудоўна, каб такую тэхнічную магчымасць у перспектыве займелі і структурныя падраздзяленні нашага аддзела.

2. Краязнаўчы “вышук”

У раёне — 40 бібліятэк. 13 з іх — камп’ютарызаваны і маюць выхад у Інтэрнэт. Безумоўна, мала. Але кожны ПК выкарыстоўваецца напоўніцу. Паколькі бібліятэчныя ўстановы займаюцца краязнаўствам, дык вопыт гэтай дзенасці абагульняецца менавіта з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў. У выніку выдаюцца буклеты. Апошні прыклад: выданне пра выхадцаў з вёскі Шчэдрын сур’ёзна пашырана за кошт карпатлівага камп’ютарнага “вышуку”.

3. Буккросінг і не толькі...

“Пераўтвары ўвесь свет у бібліятэку!” — чарговая акцыя нашых бібліятэкараў, у ходзе якой ладзяцца буккросінгавыя мерапрыемствы. Пра іх ужо шмат напісана. Але першымі, наколькі ведаю, на буккросінгавую ідэю натрапілі ў Інтэрнэце бібліятэкары з Гомеля.

4. Раскажы мне, Яндэкс

Я — клубны работнік, і мне цікава, як, да прыкладу, ідзе аптымізацыя ў Расіі. Паглядзела. “Спампавала” шмат цікавага наконт узбуйнення муніцыпальных устаноў культуры. Напэўна, мае сэнс і нам у выніку аптымізацыі сеткі значна павялічыць фінансаванне, штатны расклад, тэхнічныя магчымасці тых сельскіх клубаў ды бібліятэк, што не трапляюць у лік неперспектыўных. І варта выдаткаваць сродкі на пашырэнне парку мабільных устаноў.

5. Віртуальны “метадыст”

Праблем са сцэнарыямі для культурна-масавых мерапрыемстваў быць цяпер не павінна. На дапамогу дасведчанаму спецыялісту прыйшоў камп’ютар-”метадыст”. Сцэнарнае “ядро” заўжды можна адшукаць. А далучыць да яго канкрэтны мясцовы матэрыял — звыклая справа для любой творчай асобы... Інакш кажучы, Інтэрнэт нас узбагачае. Ігнараваць яго — праява абыякавасці.