Дык у чым дактрына?

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

Ці можна пасля непрафесійнай рэстаўрацыі лічыць помнік аўтэнтычным?

Інфармацыйнымі нагодамі апошнім часам становяцца прыклады дзяржаўнай рэстаўрацыі буйных замкаў і палацаў, набыцця і аднаўлення прыватнымі інвестарамі аб’ектаў старадаўняй архітэктуры. Балазе некалькі гадоў існавала магчымасць купіць сядзібу ўсяго за адну базавую… Праўда, не заўсёды новыя ўласнікі разумеюць, што пасля набыцця такой маёмасці іх чакае вялікі фронт прафесійных рэстаўрацыйных работ. А таму маецца шмат прыкладаў, калі замест аўтэнтычных элементаў будынка з’яўляюцца іх сучасныя і зусім не дарэчныя адпаведнікі. Аднак ці можна пасля непрафесійнай рэстаўрацыі лічыць помнік аўтэнтычным? Пра гэта дыскутавалі выкладчыкі і слухачы “Нясвіжскай акадэміі” пад час “круглага стала”, які адбыўся ў сценах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Галоўнае ў рэстаўрацыі — кошт работ?

На думку доктара гуманітарных навук, дырэктара ўстановы “Пошук культурных каштоўнасцей” з Літвы Лінаса КВІЗІКЯВІЧУСА, у нашых краінах так і не распрацаваны методыка, філасофія паняцця аўтэнтычнасці архітэктурных будынкаў.

Літоўскі спецыяліст мяркуе: калі рэстаўратары з сучаснымі тэхналогіямі ўваходзяць у той або іншы архітэктурны помнік, — з гэтага моманту аб’ект нельга лічыць цалкам аўтэнтычным. Акрамя таго, відавочна, што калі новыя элементы і ўводзяцца, то яны не павінны “кідацца ў вочы”. На жаль, сустракаюцца прыклады рэстаўрацыі, калі новыя элементы адцягваюць на сябе ўвагу, і ў Літве, і ў Польшчы, і ў Беларусі.

Што ж да паняцця аўтэнтычнасці, то, як мяркуе каардынатар “Нясвіжскай акадэміі” з польскага боку, супрацоўнік Нацыянальнага інстытута спадчыны ў Варшаве Лідзія КЛЮПШ, не існуе яго дакладнага “матэматычнага” вызначэння. Гэты тэрмін мае шмат розных аспектаў, якія спецыялісты, згодна з рэстаўрацыйнай дактрынай, павінны выкарыстоўваць пры ацэнцы аб’екта.

/i/content/pi/cult/431/8929/2-1.jpeg

Графічная рэстаўрацыя Гальшанскага замка.

Іншая справа, што, па словах Лідзіі Клюпш, пры правядзенні рэстаўрацыі на аб’екце працуюць не толькі рэстаўратары. Гэта, у тым ліку, і гісторыкі мастацтва, і архітэктары. Падыходы ж у іх — розныя. І калі першыя імкнуцца максімальна захаваць помнік у аўтэнтычным выглядзе, без істотных змен, то другія, імкнучыся выкарыстаць свае творчыя задумы, вельмі часта стараюцца ўвесці нейкія новыя элементы, пакінуўшы тым самым след у гісторыі. Узнікае лагічнае пытанне: ці з’яўляецца архітэктар якасным рэстаўратарам? На жаль, як і ў Беларусі, так і ў Польшчы пры правядзенні рэстаўрацыйных работ вельмі часта выкарыстоўваецца праца не майстроў сваёй справы, а будаўнічых арганізацый. Абсурднасць сітуацыі ў тым, што, з аднаго боку, у той жа Польшчы ў ВНУ рыхтуюць рэстаўратараў — як тэарэтыкаў, так і практыкаў, — але пры неабходнасці правядзення рэстаўрацыйных работ тэндары выйграюць фірмы, якія просяць менш грошай. І вырашальным з’яўляецца не кампетэнтнасць спецыялістаў, а кошт работ той або іншай арганізацыі.

— Сапраўды, на аб’екце, дзе вядзецца рэстаўрацыя, працуе вельмі шмат людзей, — мяркуе старшыня архітэктурнага бюро Беларускага камітэта ICOMOS Ігар РАХАНСКІ, — а таму вельмі важна вызначыць, хто якую ролю выконвае. Як іх намаганні аб’яднаць, не прычыніўшы шкоды аб’екту, — тэма асобнай гаворкі. Самае галоўнае — трэба перавесці працэс рэстаўрацыі з поля канфліктаў у поле кансалідацыі.

Мінус тысяча помнікаў

У той жа час, па словах Лідзіі Клюпш, у Польшчы апошнім часам вядзецца дыскусія адносна рэстаўрацыйнай дактрыны. Кропкай адліку пры правядзенні рэстаўрацыі плануецца ўзяць палажэнне аб тым, што аб’ект лепш захаваецца, калі будзе выкарыстоўвацца тым або іншым чынам. Але ці мае права на існаванне гэтая пазіцыя? “Асабіста я выступаю супраць такога палажэння. Можна прыгадаць прыклад расійскай царскай турмы, якая апынулася ў цэнтры гандлёвага цэнтра “Плаза”. Маюцца падобныя прыклады і ў Польшчы. Думаецца, у многіх выпадках інвестараў цікавіць не лёс помніка, а валоданне выгаднай тэрыторыяй”, — адзначыла каардынатар “Нясвіжскай акадэміі”.

Выступоўца паведаміла, што для захавання аўтэнтычнасці аб’ектаў і нават самога іх існавання вялікай перашкодай з’яўляецца сістэма катэгорый помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны. Так, у Польшчы сёння прыкладна 65 тысяч аб’ектаў маюць ахоўны статус, большая частка з якіх — 3-й і 4-й катэгорый. Але, на думку спецыяліста, нашы суседзі зараз не ў стане забяспечыць іх паўнавартасную ахову. У выніку такога становішча рэчаў краіна масава страчвае помнікі, знакавыя для пэўных мясцовасцей, рэгіёнаў. Паказальны факт: штогод адбываецца зверка аб’ектаў, унесеных у Нацыянальны рэгістр, і, да прыкладу, летась Нацыянальны інстытут спадчыны ў Варшаве не далічыўся тысячы помнікаў. Таму, на думку Лідзіі Клюпш, няма агульнага “рэцэпту”, як дзейнічаць у адносінах да ўсіх аб’ектаў спадчыны. Таксама як і гатовага адказу на пытанне, як разумець аўтэнтычнасць.

Як адзначыў Ігар Раханскі, праблема “катэгарыйнасці” помнікаў існуе і ў Беларусі. Той жа Гальшанскі замак мае ўсяго рэгіянальны статус — 3-ю катэгорыю. Тым не менш, гэта не перашкаджае займацца яго кансервацыяй, аднаўленнем аўтэнтычнага культурнага ландшафту. Пацвярджае гэта і прыклад аб’екта з больш высокім катэгарыйным статусам. Так, як паведаміў Аляксандр КАЧАНОЎСКІ, дырэктар філіяла “Брэстрэстаўрацыяпраект”, пры правядзенні рэстаўрацыйных работ у Косаўскім палацы было вырашана размясціць кацельню за 600 метраў ад аб’екта, каб яна сваімі трубамі не парушала аўтэнтычны вобраз. Акрамя таго, у свой час у Косаўскім палацы ўсе дымаходы забетанавалі, каб умацаваць сцены. Цяпер жа рэстаўратарам трэба вырашаць, поруч з пытаннямі захавання аўтэнтычнасці, праблемы з ацяпленнем і вентыляцыяй. Ускладняе гэтую задачу, на думку Аляксандра Качаноўскага, праблема падбору добрых матэрыялаў для рэстаўрацыі, паколькі сёння, “дзякуючы” велізарным пошлінам, распрацоўкі вядучых будаўнічых прадпрыемстваў свету для Беларусі практычна не даступныя. У выніку і атрымліваецца стракатасць ды неадпаведнасць элементаў у адрэстаўраваным будынку.

Коп’і — Міру vs. Венецыянская хартыя

Шмат коп’яў адносна гэтай стракатасці было кінута ў бок Мірскага замка, у тым ліку слухачамі “Нясвіжскай акадэміі”. Аднак, па словах навуковага кіраўніка кансервацыі Гальшанскага замка Нэлі ДАРАШКЕВІЧ, усё, зробленае на гэтым аб’екце, рэстаўратары могуць абгрунтаваць Венецыянскай хартыяй. У аснове першапачатковай канцэпцыі, ідэі рэстаўрацыі Мірскага замка было захаванне толькі аўтэнтычных фрагментаў, а ўсё астатняе, паводле Венецыянскай хартыі, павінна было быць з новых матэрыялаў. Пры гэтым яны мусілі адрознівацца ад арыгінальных фрагментаў. Іншая справа, што архітэктар прыўнёс сваё разуменне навізны. Адпаведна, і паліраваны граніт, які многім сёння рэжа вока ў Мірскім замку, паводле задумы рэстаўратара, быў абсалютна дарэчы. Іншая справа, што гэта не адпавядае этычным і эстэтычным патрабаванням да аўтэнтычнага вобраза аб’екта.

У сваю чаргу, на думку дэкана факультэта дадатковай адукацыі БДУКіМ, каардынатара “Нясвіжскай акадэміі” з беларускага боку Ігара ГАРНАКА, Мірскі замак — спадчына некалькіх стагоддзяў, розных стыляў. А таму разумець аўтэнтычнасць, арыентуючыся выключна на рэстаўрацыйныя матэрыялы, не зусім правільна.

У той жа час, абраны зусім іншыя падыходы да рэстаўрацыі Гальшанскага замка. Галоўная задача — кансервацыя аб’екта без выкарыстання новых матэрыялаў.

— Тое, што мы робім у Гальшанах, — адзначыў Ігар Раханскі, — гэта спроба ад кансервацыі аб’екта адразу перайсці да экспанавання вобраза. Найперш плануецца экспанаваць культурны ландшафт Гальшан, паказаць руіны замка як фрагмент ландшафту. Прыватным чынам мы набылі будынак колішняга сельскага кінатэатра для пераабсталявання яго ў музей. Там будуць прадстаўлены ўсе навуковыя матэрыялы, рэканструкцыі. Акрамя таго, мясцовымі ўладамі ўжо вырашана пабудаваць каля руін Гальшанскага замка візіт-цэнтр, які “прыкрые” калгасны мехдвор, а таксама можа стаць музейнай пляцоўкай…

На думку дырэктара Цэнтра архітэктурных даследаванняў Літвы Віталіі ВЕЖАВІЧЭНЕ, усё неабходнае для прыцягнення турыстаў сапраўднай аўтэнтыкай у Гальшанах ужо маецца. Гэта і самі руіны, і працэс іх кансервацыі. Усё гэта можна вельмі ўдала сумясціць. Такі падыход апошнім часам пачаў практыкавацца і ў Літве. Па словах Вежавічэне, важна зрабіць візуалізацыю аб’екта, няхай сабе і праз расстаўленыя побач планшэтныя выявы, аднаўленне хаця б фрагментаў аўтэнтычнага ландшафту, паколькі гэта, найперш, — пытанне культурнага выхавання.

Надаў увагу тэме навакольнага асяроддзя вакол старадаўніх палацаў ды сядзіб і Аляксандр Качаноўскі. На яго думку, увагу варта звярнуць на аўтэнтычнасць аб’ектаў садова-паркавага мастацтва, паколькі практычна кожны з беларускіх старадаўніх фальваркаў мае свой непаўторны навакольны ландшафт.

Што ж, сапраўды, гэтая тэма магла б стаць цэнтральнай у рамках наступных курсаў “Нясвіжскай акадэміі”, а разам з тым — аднавіць дыскусію адносна падрыхтоўкі кадраў для захавання аўтэнтычнага ландшафтнага дызайну.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"