Рэзерв патэнцыялу

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

Пастаўскі фестываль: “ратацыя”, навацыі і эканоміка

Фэст “Звіняць цымбалы і гармонік” шаснаццаты раз праводзіцца ў Паставах як міжнародны. У ім удзельнічалі ўсе вобласці Беларусі і сталіца, а таксама Венесуэла, Латвія, Літва, Польшча, Расія, Украіна. Сярод гасцей фестывалю — Нацыянальны акадэмічны аркестр краіны імя І.Жыновіча, Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі…

Некамерцыйнасць

За час, што прайшоў з першага фестывалю ў 1989-м, склалася рэжысура, зручная і звыклая як для гледачоў, так і для артыстаў. Але дбаюць у Паставах і пра “ратацыю” творчых кадраў. У прыватнасці, мастацтва памежных з Беларуссю краін прысутнічае на фэсце стабільна, але ансамблі і выканаўцы штогод новыя. Асабліва багатая геаграфія ад Расіі і Украіны. На пытанне карэспандэнта “К”, чым вабіць іх пастаўскі фестываль, артысты ансамбля “Куране” з Курскай вобласці адказалі: "Тут артысты могуць рабіць тое, што даспадобы ім самім, а не тое, што дыктуе музычны рынак". Па іх словах, трапіць на сцэну фестывальных цэнтраў Расіі  па кішэні далёка не ўсім носьбітам народнай культуры: там — камерцыйны чыннік.

Парыжскія гастролі

На другі дзень фестывалю, пасля традыцыйнага конкурсу “Хто каго?”, артысты раз’язджаюцца па навакольных мястэчках і вёсках. Даведаўшыся, што кіеўскі ансамбль “Будьмо!” збіраецца выступаць у Парыжскім сельскім доме культуры, я напрасіўся на вандроўку. Па-першае, хацелася папрысутнічаць на паўнавартасным канцэрце ўкраінскіх артыстаў (на адкрыцці і закрыцці фестывалю, а таксама на конкурсе “Хто каго?” яны выконваюць толькі па адной песні), па-другое  — хацелася ў Парыж…

Пабачыўшы, з якім захапленнем украінцы фатаграфаваліся побач з дарожным указальнікам “Парыж” і пад шыльдай Парыжскага сельскага дома культуры, я зразумеў, што яны сюды і ехалі, каб потым сказаць, што былі ў Парыжы. І канцэрт (каля дваццаці нумароў) музыканты “Будьмо!” для перапоўненай залы СДК адпрацавалі сумленна.

/i/content/pi/cult/431/8927/1-1.jpeg

Гурт “Будьмо!” Кіеўскага дзяржаўнага інстытута культуры быў створаны ў 1994 годзе студэнтамі гэтай установы. Сёння ўсе ўдзельнікі ансамбля — прафесійныя музыканты, студэнт сярод іх — толькі адзін. Кіраўнік ансамбля Мікалай Галючак сумяшчае творчую працу з навуковай дзейнасцю. У рэпертуары ансамбля знойдзены баланс паміж народнай музычнай традыцыяй і эстрадным відовішчам. У Паставы гурт прыязджаў у трэці раз, у Парыж — упершыню.

Як “рэнесанс” згадваюць парыжане дзейнасць ксяндза Ёзаса Булькі. Ён збудаваў у вёсцы нейкае падабенства Эйфелевай вежы з крыжом на вяршыні, планаваў узвесці побач краязнаўчы музей. Але не паспеў…

Парыж мае некалькі помнікаў даўніны, маляўнічыя краявіды і гаспадарчую базу. Тут знаходзіцца адна з лепшых у краіне рыбных гаспадарак. Добра, што "ўскраіна" раёна мае свой "кавалак" ад пастаўскага фестывальнага пірага. Былі ў мясцовым СДК і беларускія артысты, і замежныя. Хочацца спадзявацца, што ў недалёкай перспектыве на гастролі ў мясцовы Парыж выканаўцы і зоркі будуць прыязджаць не толькі дзеля таго, каб сфатаграфавацца ля дарожнага ўказальніка…

“Венесуэла, Айчына дарагая!”

З гэтай песняй выходзіў на сцэну гурт “Алі Прымера” Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра імя Сімона Балівара ў Мінску. Кіруе гуртом Херарда Эстрада Марцінэс — дыпламат, музыкант, кампазітар. Ансамбль складаецца з беларускіх студэнтаў, якія вывучаюць іспанскую мову і лацінаамерыканскую культуру.

Трэба аддаць належнае творчаму і арганізацыйнаму таленту спадара Эстрады, які здолеў сабраць каманду. Я запытаўся ў яго, ці не прыходзіла яму, прапагандысту культуры сваёй радзімы ў Беларусі, думка заняцца на такім жа ўзроўні распаўсюджаннем беларускай культуры ў Венесуэле? Ён адказаў, што думка гэтая — слушная і пэўныя захады для яе рэалізацыі робяцца.

Літаратура плюс мастацтва

Навацыя фестывалю — адкрыццё мастацкай выстаўкі па выніках пленэру, прысвечанага 180-годдзю Альфрэда Ромера, ураджэнца гэтых мясцін, і літаратурна-музычная імпрэза з удзелам членаў літаратурнага аб’яднання “Світанак” ды пісьменнікаў Навума Гальпяровіча і Анатоля Бутэвіча. Такім чынам, свята набыло новую грань.

А студэнты кафедры скульптуры Акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам знанага майстра Аляксандра Фінскага другі год запар ладзілі пленэр, у выніку якога Паставы ўпрыгожыў памятны знак у гонар фестывалю. У мясцовага кіраўніцтва ёсць намер праводзіць такія пленэры штогод і ўвогуле больш цесна супрацоўнічаць з Акадэміяй. Няхай бы, да прыкладу, дыпломнікі згаданай кафедры выстаўлялі на абарону скульптуры, замоўленыя Паставамі.

Крыху эканомікі

Добрую арганізацыю фестывалю адзначаюць усе. Як журналіст я ўдзячны арганізатарам за вычарпальную і своечасовую інфармацыю. Кожны прадстаўнік СМІ акрамя брашуры з праграмай фэсту ды звесткамі пра ўдзельнікаў атрымаў "памятку куратара". Там былі пазначаны даты прыезду і ад’езду ўдзельнікаў, месцы пражывання, выступленні, нумар транспарту, каардынаты куратара, што іх апякуе. Я меў магчымасць упэўніцца ў тым, наколькі гэтая памятка зручная рэч. Гледачы ж, думаю, былі ўдзячныя за новы плазменны экран на плошчы, на які транслявалася тое, што адбывалася на сцэне. Былі і іншыя прыемнасці з эфектам навізны.

Аднак, як слушна адзначыў “хросны бацька” Пастаўскага фэсту Тадэуш Стружэцкі, зараз — добра, а можа — і павінна — быць лепш. У прыватнасці, фестываль можа паступова пераходзіць на самаакупнасць, а ў перспектыве — і прыбытак прыносіць. Ужо сёння можна прадаваць білеты на канцэрты камернай музыкі, што праходзяць у касцёле бясплатна. Кошт мае стаць пад’ёмным для мясцовай публікі. Але праз гэта бюджэтныя выдаткі на фестываль будуць меншыя.

Форум мог бы прымаць больш гасцей, каб была вырашана праблема іх размяшчэння. Мясцовае кіраўніцтва плануе ў перспектыве размяшчаць гасцей па аграсядзібах. Выгада для гаспадароў — відавочная, але ці шмат знойдзецца ахвотных плаціць за суткі суму, адпаведную 150 доларам? Зрэшты, калі над праблемай задумаліся, дык гэта ўжо крок да яе вырашэння. Яшчэ гаворка ішла пра тое, што непадалёк — Нарач, а значыць, наведанне канцэртаў можна ўключыць ў праграму адпачынку турыстаў,. Гэта ўжо ўзровень міжраённай культурнай кааперацыі. Ды і рэзервы самой Пастаўшчыны, скажам шчыра, заздзейнічаны яшчэ не ўсе. Значыць, перспектывы можна акрэсліваць.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Пастаўскі раён — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"