Клуб згарэў — пытанне знікла?

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

У пошуках вясковага брэнда: знаходкі і расчараванні

Акцыя “К”: журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі

Чарговы творчы праект “К” працягвае рэдакцыйную традыцыю летніх журналісцкіх вандровак па беларускіх рэгіёнах. Сёлета выкарысталі для камандзіровак фармат аўтапрабегу. 6 — 8 чэрвеня мы паглядзелі, як наладжана работа сельскіх устаноў культуры Міншчыны, Брэстчыны і Гродзеншчыны.

/i/content/pi/cult/431/8926/1-1.jpeg

Пад час аўтапрабегу мы пастараліся адшукаць у бібліятэках ды клубах цікавыя праекты, звязаныя з развіццём сельскіх брэндаў. Гэтая тэма апошнім часам стала ці не самай галоўнай у пераліку пытанняў, магчымасць вырашэння якіх аналізуе рэдакцыйны аддзел рэгіянальнай культуры. І ўвогуле, вельмі хацелася ўбачыць, як і чым жыве беларуская вёска — не толькі аграгарадок, але і паселішча, якое прынята называць аддаленым ды маланаселеным.

У сённяшняй публікацыі гаворка — пра стан культурных спраў у Мінскай вобласці.

“Да зімы чытаць не буду!”

Пакуль дабіраліся да Дзяржынскага раёна, вырашылі, што храналагічнай пазнакай часу пры падрыхтоўцы матэрыялу грэбаваць не варта, бо, вядома, бібліятэкі і клубы маюць свае рэжымы працы, зручныя для іх і насельніцтва. Карацей, улічылі, што пэўныя ўстановы цягам дня будуць зачынены на абедзенны перапынак...

/i/content/pi/cult/431/8926/1-2.jpeg

У вёску Баравое трапілі недзе аб 11-й. Гандлёвы цэнтр на той момант быў зачынены насуперак усім графікам. А вось ля замкнёных дзвярэй бібліятэкі чакалі нядоўга: літаральна праз хвілю са стосам свежай прэсы прыйшла бібліятэкар Ніна Чорная. “На пошту забягала”, — патлумачыла яна. Неўзабаве з’явіліся і першыя чытачы. Не адзін і не два, дарэчы. Пенсіянерка Зінаіда Антонаўна Іваніцкая бібліятэкара хваліць: “Заўжды патрэбную кнігу падбярэ”. А падабраць ёсць з чаго. Апошнім часам фонды папоўніліся, як кажа Ніна Чорная, сотнямі кніг. Увага аддзела культуры да сельскіх бібліятэк — самая пільная. Ды толькі вось колькасць чытачоў беззваротна падае — за кожнага падлетка трэба змагацца. І Ніна Чорная змагаецца: распавяла пра безліч мерапрыемстваў, у тым ліку краязнаўчых. На Бараўской гары, аказваецца, жылі паны Дыбоўскія, валодалі на Койданаўшчыне маёнткамі ды фальваркамі. Ад той раскошы засталася толькі каплічка. Вось вам і брэнд... Але ўсё роўна “жывых” чытачоў набярэцца не больш за сотню.

Баравое — аграгарадок з 2007 года. Тут — больш за 500 падворкаў. Сотня актыўных чытачоў — мала, на наш погляд. Але і ад камп’ютарнай явы сённяшняга жыцця не схаваешся. На вясковых вуліцах, як распавядае Чорная, з зайздроснай перыядычнасцю з’яўляецца легкавік Белтэлекама, падключэнне Інтэрнэту ледзь не штодня ладзіцца. А фраза чытачоў сярэдняга веку “Да зімы чытаць не буду!” даўно стала крылатай.

/i/content/pi/cult/431/8926/2-2.jpeg

Інфрачырвонае святло

Трэба сказаць, што беларускую сталіцу і даволі буйны аграгарадок “Баравое” аддзяляюць усяго 50 кіламетраў. Тым не менш, вырвацца на адпачынак, на тую ж дыскатэку ў Мінск, можа сабе дазволіць далёка не кожны: аўтобусы па гэтым маршруце курсіруюць толькі пару разоў на дзень. А таму застаецца спадзявацца ці на ўласную машыну, ці на мясцовы Сельскі дом культуры. Але наколькі гэтыя спадзяванні апраўданы? Згодна з распарадкам працы, Дом культуры ў чацвер (менавіта ў гэты дзень і пачалася наша вандроўка) адчыняецца а 12-й гадзіне. Мы прыйшлі трохі раней і прыемна здзівіліся: дырэктар СДК Алена Жыбуль ужо займалася надзённымі працоўнымі клопатамі. Працуе ж Алена Вітальеўна на гэтым аб’екце з 1984 года.

Як аказалася, мы прыехалі ў, скажам так, эксперыментальны раён. Справа ў тым, што, па словах Алены Жыбуль, колькі месяцаў таму быў створаны Дзяржынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, які размясціўся ў вёсцы Станькава. Менавіта з гэтай структурай цяпер і каардынуюць сваю дзейнасць дамы культуры раёна. Акрамя таго, да Бараўскога СДК былі далучаны сельскія Дом культуры і клуб — “культурныя пляцоўкі” вёсак Журавінка і Касілавічы.

/i/content/pi/cult/431/8926/1-4.jpeg

Праўда, адной пляцоўкі ў хуткім часе можа не стаць. Па словах Алены Вітальеўны, у кіраўніцтва раёна ёсць намер закрыць сельскі клуб у Журавінцы. Найперш, з-за, мякка кажучы, непрывабнага будынка. Што і казаць, на маленькай сцэне СК калектыў з васьмі чалавек размясціцца не здолее. І гэта прытым, што Журавінка — досыць вялікая вёска, а ў свой час (прыкладна дзесяць гадоў таму) старшыня мясцовай гаспадаркі планаваў узвесці новы клубны будынак. Але нешта так і “не зраслося”, у тым ліку з фінансавых прычын.

Лішку ў грошах няма і ў Бараўскога ДК. Усё, што зарабляецца, траціцца пераважна на закупку патрэбнай для плённай працы ўстановы тэхнікі. З апошняга там з’явіўся новы ноўтбук. У перспектыве — набыццё якаснай гукаўзмацняльнай апаратуры, бо пакуль выкарыстоўваюцца калонкі, прынесеныя з дому. Што да лічбаў, то за мінулы месяц ДК зарабіў 1,5 мільёна рублёў пры гадавым плане ў 20 мільёнаў. Як зазначыла дырэктар установы, да апошняга часу шмат сродкаў ішло на аплату камунальных паслуг. А таму было вырашана пачаць эканоміць дзякуючы новым тэхналогіям, і найперш інфрачырвонаму абаграванню: у выніку цяпло ідзе не на абагрэў паветра, а непасрэдна да людзей.

/i/content/pi/cult/431/8926/1-5.jpeg

Але за кошт чаго зарабляе ДК грошы? Вядома ж, за кошт масавых мерапрыемстваў, дыскатэк. На Новы год быў сапраўдны аншлаг: 150 чалавек. У сярэднім жа на танцпляцоўцы збіраецца каля пяцідзесяці аматараў музыкі. Пры гэтым кожнаму — свая дыскатэка. У прыватнасці, на пастаяннай аснове дзейнічаюць тры музычныя праграмы, разлічаныя на розныя ўзроставыя катэгорыі, у тым ліку і для тых, каму 18 і больш. Гэта прадыктавана часавымі абмежаваннямі, згодна з якімі пасля 22-й гадзіны ў клубе павінна заставацца толькі дарослая аўдыторыя.

Надаецца ўвага і захаванню мясцовых абрадаў. Так, пры ДК два гады таму з’явіўся дзіцячы фальклорны гурток, сваімі сіламі быў адноўлены валачобны абрад. Супрацоўнікі ДК праводзяць фальклорныя святы і ў бліжэйшых вёсках, для чаго бяруць мікрааўтобус у аддзеле культуры. Што ж да планаў Бараўской установы культуры, дык цяпер перад ёй стаіць задача далучыцца да Рэспубліканскай праграмы па адраджэнні традыцыі слуцкіх паясоў.

“Don’t stop Петрашэвічы”.

Развітаўшыся з мясцовымі аратымі на ніве культуры, наша каманда вырашыла бліжэй пазнаёміцца з навакольнымі краявідамі і паспрабаваць самастойна знайсці адметныя брэнды. Як аказалася, не дарэмна. Літаральна за чвэрць гадзіны мы паспелі падумаць пра вечнае ля помніка ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, пабачыць статак коней (адразу ўявіўся магчымы культурна-спартыўны комплекс), а таксама пару белых лебедзяў, што плавалі ў мясцовым вадаёме.

Наступны пункт нашай вандроўкі вызначыў мясцовы жыхар Баравога. Як высветлілася з размовы, мужчына ў свой час пераехаў у аграгарадок з “неперспектыўнай” вёскі Петрашэвічы. Яе галоўная дамінанта сёння — напаўразбураны будынак колішняга СК. Драўлянае збудаванне, якое пабачыла за свой век не адзін дзясятак дыскатэк, а разам з імі і народжаных там пачуццяў першага кахання, першых кранальных абдымкаў ды пацалункаў, сустракала нас пустымі шыбамі, абрушанай столлю, а таксама сімвалічным надпісам “Don’t stop Петрашэвічы”.

/i/content/pi/cult/431/8926/1-6.jpeg

Як стала бачна з мясцовай архітэктуры, цяпер Петрашэвічы нагадваюць больш дачны пасёлак, які ажывае толькі ў летні час, ды і тое пераважна па выхадных днях. А таму, паблукаўшы трохі па вясковых вулачках, мы рушылі далей.

Перад выездам на Брэсцкую шашу вырашылі наведаць гістарычную славутасць мясцовасці: незвычайнае мураванае збудаванне ў выглядзе ратонды — старадаўнюю капліцу Дыбоўскіх, шляхецкага роду, вядомага з ХVI стагоддзя. Капліца размяшчаецца на ўзгорку, за некалькі кіламетраў ад цэнтра Баравога. Цікава, што ўласна родавы маёнтак Дыбоўскіх знаходзіўся на тэрыторыі сённяшняга аграгарадка.

/i/content/pi/cult/431/8926/1-7.jpeg

Што да цыліндрычнага храма-ратонды, дык, як сведчаць гістарычныя звесткі, пабудаваны ён быў на пачатку ХХ стагоддзя з цэглы і бутавага каменю. У інтэр’еры помніка, па перыметры цокальнай часткі, размешчаны лучковыя нішы для пахаванняў. Насупраць прамавугольнага ўваходнага праёму — алтарная ніша, над якой цяпер вісіць самаробны крыж. На жаль, капліца была разрабавана ў 1939 годзе і да нашага часу знаходзіцца далёка не ў лепшым стане. Праўда, нельга не адзначыць і руплівасць мясцовых улад, якія, не маючы відавочнай выгады, усё ж даглядаюць аб’ект: побач з каплічкай — добры газон. У выніку, пры адпаведным маркетынгавым падыходзе, на пляцоўцы побач з незвычайным архітэктурным помнікам можна разбіць маляўнічы парк, які яшчэ больш прывабліваў бы турыстаў наведаць Баравое.

Да слова, і ў мясцовым Доме культуры задумваліся над правядзеннем побач з капліцай творчых мерапрыемстваў, да прыкладу, літаратурных святаў. Абмяркоўвалася гэтае пытанне на ўзроўні аддзела культуры Дзяржынскага райвыканкама, але да гэтага часу бакі не вызначыліся з фарматам і зместам будучай дзеі.

Бабуля ў Петрашэвічах, якая паказала, дзе месціцца закінуты клуб, зазначыўшы, што і “культуры няма, і аўтакрамы не дачакацца” (падобную фразу, дарэчы, мы будзем чуць цягам трох камандзіровачных дзён), неяк неўпрыкмет вярнула мяне ў юнацтва... Вось такая прыкладна вёска — гэткая ж маленькая, утульная, з буслянкай ды неўтаймоўным птушыным хорам, — дзе жылі сёстры маёй маці (гэткія ж ветлівыя, як і бабуля з Петрашэвіч), знаходзілася штогод у маім поўным летнім распараджэнні. Усё было гэткім жа: і прырода, і ветлівасць сяльчан... Але вось людзей тых было ў пяць разоў больш. І колькасць моладзі павялічвалася пад вакацыі на столькі ж. І ад свойскіх кароў ды быкоў не было спакою. І клуб працаваў суткамі, бо калі загадчыца стамлялася ад наплыву адпачываючых, дык проста аддавала маладзёнам клубныя ключы… І танцы пасля 22.00 ніхто не адмяняў. Карацей, мы былі шчаслівымі. Ці вернем былое?..

А вяскоўцы — супраць

У Стаўбцоўскім раёне, уцякаючы ад навальнічных хмар, натрапілі на вёску Кучкуны. Як падалося, вельмі тыповае для Беларусі дачнае паселішча: хаты, абшытыя сайдынгам, спадарожнікавыя антэны, актыўныя завіханні на градах... Установу культуры знайшлі толькі ў суседняй (праз шашэйку) вёсцы Ябланоўка. Спыніліся ля калонкі папіць вады. Тут жа сустрэлі гаваркога веласіпедыста гадоў сарака. Ён у ахвотку распавёў, што на месцы вялікага дыхтоўнага клуба нейкі прыватнік узвёў сабе хаціну. У Ябланоўцы ў выніку аптымізацыі застаўся клуб-бібліятэка. Але, па словах веласіпедыста, на танцы моладзь сюды не ходзіць, бо прызвычаілася іх ладзіць на ўласных падворках: з абавязковымі шашлыкамі і зусім не салодкімі напоямі. Парадаксальна, але факт: калі няма выбару, выбар бывае змушаны пашырацца...

/i/content/pi/cult/431/8926/1-9.jpeg

У клубе-бібліятэцы словы суразмоўцы мы, на жаль, пацвердзіць не змаглі: абвестка на дзвярах паведамляла, што загадчык да 10 чэрвеня — у адпачынку. Так што палюбаваліся старанна прыбранай прылеглай тэрыторыяй з кветнікамі ды адправіліся ў Слабаду, дзе, як паведамілі вяскоўцы, клуб адрамантаваны і здатны на самыя разнастайныя — на выбар — платныя паслугі. Але і тут на дзвярах нас сустрэла абвестка, што кіраўнік установы адсутнічае: выправіўся ў аддзел культуры.

Дзень схіляецца да вечара, а наша “Хонда” мінае вёску Сцяцкі, якая павольна пераходзіць у вёску Заямнае. У апошняй — пашанотны аграгарадоцкі статус. Шукаем СДК. Мажны дзядзька кажа, што клуб у іх — “пагараты”, інакш кажучы, беззваротна згарэў, як летні дзень у чэрвені, аж пяць гадоў таму. Аграгарадок без СДК? Мы не паверылі. З гадзіну нас пераконвалі ў гэтым мясцовыя старшакласнікі, юнакі і дзяўчаты гадоў пад дваццаць, людзі больш сталага веку. Карціну намалявалі такую: бібліятэка знаходзіцца ў школе, а клуб, сапраўды, даўно згарэў. Моладзь піша скаргі, бо “дзікі” адпачынак на стадыёне іх не задавальняе, а сітуацыя не змяняецца ўжо колькі гадоў…

/i/content/pi/cult/431/8926/1-10.jpeg

Скіроўваемся ў мясцовыя ўладныя структуры. Тая сітуацыя, калі без каментарыя не абысціся. Старшыня сельсавета Уладзімір Гарохавік кажа, што, сапраўды, клуб — “пагараты”, вяскоўцы супраць такога становішча, а моладзь піша скаргі (“А вы не па скарзе прыехалі?”). Аднак вышэйстаячае начальства вырашыла, што новы клуб у аграгарадку ўзводзіць не мае сэнсу. А ён, старшыня сельсавета, ці ж мае права абвяргаць рашэнні начальства? Тыя ж рашэнні ўзніклі, відаць, з-за таго, што мясцовы прыватнік выкупіў рэшткі клубнага памяшкання, пачаў іх аднаўляць і паабяцаў, што пераўтворацца яны ў камерцыйны забаўляльны цэнтр. Дзе той прыватнік, дзе той цэнтр? А да Стоўбцаў — два кіламетры, на танцы праз поле па шашы не набегаешся.

Словам, моладзь Заямнага працягвае скардзіцца. А мы вырашаем праз пэўны час звярнуцца да тэмы больш грунтоўна і абавязкова — з удзелам прадстаўнікоў Пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якія займаюцца пытаннямі адукацыі, культуры і навукі.

Вядома ж, лета — час адпачынку. І культасветработнікі тут — не выключэнне. А таму ўсе “запіскі”, пакінутыя на дзвярах, не павінны выклікаць нейкага абурэння. Іншая справа — замест такіх пасланняў хацелася б бачыць паўнавартасную афішу (няхай сабе і раздрукаваную на аркушы паперы) з пералікам бліжэйшых мерапрыемстваў, прадастаўленых у клубе паслуг кшталту настольнага тэніса ці більярда, не кажучы ўжо пра інфармаванне аб разнастайных майстар-класах для тых жа дачнікаў…

Чарговы аб’ект нашай экспедыцыі абумовіў велічны праваслаўны храм у вёсцы Вішнявец Стаўбцоўскага раёна. Праязджалі побач і не маглі не спыніцца ды сфатаграфаваць на памяць гэты цікавы помнік айчыннай архітэктуры... Мясцовая ўстанова культуры, дзе месцяцца СДК, бібліятэка, школа мастацтваў, нагадвае здаля старадаўні дыхтоўны гмах. Але толькі здаля…

Падышлі да дзвярэй магутнай будыніны, глянулі на распарадак працы (у ДК толькі пачаўся абедзенны перапынак) і са шкадаваннем скіраваліся ў бок аўтамабіля. Але, не паспеўшы завесці рухавік, мусілі вярнуцца: на ганку ДК з’явілася сімпатычная дзяўчына. Як аказалася, Дар’я Каменка — выкладчык школы мастацтваў, кіраўнік тэатральнага гуртка “Іскрынка”. Як расказала Дар’я, у гуртку, які паспеў “засвяціцца” далёка за межамі раёна, — 21 падлетак. Сімвалічны і яго рэпертуар: тэатр актыўна выкарыстоўвае творчасць славутага земляка — Якуба Коласа.

Разам з Дар’яй Каменка мы прайшліся вакол будынка. Калісьці магутнае збудаванне сёння развальваецца літаральна на вачах... Сцяна з левага боку будынка знаходзіцца ў аварыйным стане... Небяспечна выходзіць і на балкон Дома культуры…

На жаль, пакуль мясцовы аддзел культуры ніяк не адрэагаваў на такую сітуацыю. Прынамсі, апошнім часам хоць нейкіх захадаў зроблена не было. Тым часам, у актавай зале прагніла падлога — і гэта там, дзе пастаянна знаходзяцца дзеці... Што ўжо ў такім выпадку казаць пра касцюмерную, якую пастаянна залівае дажджом... Даводзіцца выкарыстоўваць плёнку, падстаўляць вёдры... А гледзячы на старыя аконныя шыбы, думаецца, што зімой у памяшканні захоўваецца “спартанскі рэжым”: вельмі холадна. Тым не менш, дзеці, якія зусім нядаўна пайшлі на летнія канікулы, з нецярплівасцю чакаюць заняткаў у гуртку.

Уражанне ад першага дня аўтапрабегу — неадназначнае. Дык мо сапраўды будучыня рэгіянальнай культуры — за камерцыйнымі забаўляльнымі ўстановамі? Яны мо хоць нейкім чынам прасочаць за непаўнагадовымі, якія ніяк не жадаюць сядзець па дамах пасля дзясятай вечара? Логіка (асабліва калі згадаць Заямнае на Стаўбцоўшчыне) — досыць сумніўная. Але аптымізацыя, як нам падалося, выбару не пакідае…

Яўген РАГІН і Кастусь АНТАНОВІЧ, нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск — Мінская вобласць — Брэсцкая вобласць —Гродзенская вобласць — Мінск

Фота аўтараў

На здымках:

1. Будынак колішняга Петрашэвіцкага СК.

2. Сімвалічныя надпісы на Петрашэвіцкім СК.

3. Капліца-ратонда непадалёк ад Баравога.

4. Чарговы наведвальнік Бараўской бібліятэкі.

5. Дырэктар Бараўскога ДКрасказвае пра дасягненні і клопаты.

6. Кіраўнік тэатральнага гуртка з вёскі Вішнявец Дар'я Каменка.

7. Падобныя надпісы суправаджалі маршрут неаднаразова.

8. Усё, што засталося ад СДК вёскі Заямнае.

9. Хадзіць каля гэтай сцяны Вішнявецкага СДК небяспечна.

P.S. Наступныя артыкулы журналісцкага аўтапрабегу будуць прысвечаны развіццю сельскіх устаноў культуры Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.