Расстаўляйце ў нотах націскі!

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

Аповеды пра тое, што маладым беларускім творцам цяжка “прабіцца”, здаецца, хутка сыдуць у нябыт, бо за справу ўзяліся самі музыканты і кампазітары акадэмічнага напрамку. З’яднаўшыся ў суполку “Мастацкі націск” (“Art attack”), яны зладзілі серыю канцэртаў і выпусцілі зборнік фартэпіяннай музыкі. Наперадзе — аўдыявыданні, імпрэзы з мастакамі, літаратарамі...

Гэтая танюткая праслойка айчыннага інтэлектуальнага пірага заўсёды лічылася самай, бадай, адарванай ад сучасных рэалій. Жывуць, маўляў, у свеце гукаў ды чакаюць, калі ім прынясуць усё на сподачку: канцэрты, запісы, выданні — і, вядома, спажыўцоў іхняй прадукцыі, не зразумелай нікому, акрамя іх саміх. А пакуль — адно пакутуюць. Але ж не! Нядаўні канцэрт “Мастацкага націску” ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў чарговы раз даказаў зваротнае: цікавая, добра спланаваная ініцыятыва заўсёды знойдзе падтрымку.

— Мы вельмі ўдзячны супрацоўнікам музея, — кажа лідар “Мастацкага націску” Андрусь ЯКУШАЎ, — што яны пайшлі нам насустрач, дазволілі вольны ўваход, нават самі зрабілі афішы. Дарэчы, Купалаўскі музей не ўпершыню адкрывае дзверы для беларускіх кампазітараў, але раней такія імпрэзы ладзілі ўжо прызнаныя майстры.

— Пэўна, і зараз вашы выкладчыкі вам дапамагалі, вялі перамовы? Бо ўсе вы пакуль вучыцеся ў Акадэміі музыкі, і летась канцэрт суполкі праходзіў у сценах вашай alma mater…

— Якраз з-за гэтага і ўзнікаюць часам праблемы: кампазітары баяцца пашырыць сваё даволі вузкае музычнае кола. А слухача трэба заваёўваць! І рабіць гэта самім, а не спадзявацца на кагосьці. Таму і назва — “Мастацкі націск”. Ну а наша супрацоўніцтва з музеем пачалося з таго, што мы дапамаглі “музычна аформіць” адну з выставак — таксама, між іншым, найноўшымі беларускімі творамі. Усім спадабалася — і мы вырашылі прадоўжыць.

— Вашы маскоўскія калегі назвалі сваю суполку “МолОт”, вы — “...Націск”, быццам у працяг руху “Бура і націск” часоў рамантызму. Не надта ваяўніча?

— Мы свядома ўлічвалі “паралелі” з нямецкімі рамантыкамі, тым больш, што і творы ў нас вельмі розныя, далёка не ўсе яны канструктывісцкія, куды больш — адкрыта рамантычных, якія апелююць да эмоцый. Але ёсць і беларускамоўны пераклад слова “насціск”, звязаны з правільна расстаўленымі “акцэнтамі”, а тыя, як вядома, датычацца не толькі вымаўлення. Мы ставім націск на акадэмічным мастацтве — у супрацьвагу папсоваму, скіраванаму на маскультуру. І спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва з іншымі маладымі беларускімі творцамі. Можна было б арганізаваць, да прыкладу, мастацкую выстаўку, дзе прагляд экспазіцыі “мадуляваў” бы ў музычна-паэтычную вечарыну, нязмушаныя стасункі з усімі прысутнымі. Гэтак жа можна збіраць творы на пэўную тэму — сінтэз мастацтваў заўсёды дае нейкі новы погляд.

— А публіку як збіраеце — праз “сарафаннае радыё”?

— Самы дзейсны метад — нават не праз афішы, а праз аб’явы ў Інтэрнэце, сацыяльных сетках. Найперш разлічваем на студэнтаў творчых ВНУ, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў. А хто зацікавіўся, і сапраўды сяброў прыводзіць — цэлымі кампаніямі! Мы ж, у сваю чаргу, публіку імкнёмся асабліва не “перагружаць”: канцэрт павінен доўжыцца прыблізна гадзіну, а прагрцама — быць максімальна разнастайнай…

Словы са справай не разышліся: акрамя інструментальных твораў для розных складоў (і ў выкананні сакурснікаў — лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, стыпендыятаў спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі) гучалі і апрацоўкі беларускіх народных песень для вакальнага квартэта, рамансы на вершы Уладзіміра Караткевіча, Ніны Мацяш.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"