"Экзекутар": Гульня і...

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

Беларускі пост-”Рэвізор” паміж інтэртэкстам і пошукамі тэмпарытму

Прэм’ерай п’есы Аляксея Дударава “Экзекутар” у пастаноўцы Сяргея Кавальчыка Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага распачаў праект “Сезон беларускай драматургіі”. Як жа “па-беларуску” быў увасоблены “працяг” гогалеўскага “Рэвізора”? Бо спектакль пачынаецца быццам бы з фіналу знакамітай класікі, але нібыта ў сне...

Сон, дарэчы, — адзін з улюбёных вобразаў постмадэрну, бо там можна змяшаць усё, што заўгодна. І — гуляць з чужым тэкстам, стылямі, сімваламі, асацыятыўнымі шэрагамі. На радасць сабе і людзям. З гумарам, іроніяй, лёгка ды нязмушана, як і ўсё ў гульні. Але ж назва штосьці “не гульнёвая”, нейкая “цяжкавагавая”, яна ўжо апрыёры выклікае далёка не феерычныя асацыяцыі. Убачыўшы такую на афішы, пачынаеш адпаведна настройвацца...

У п’есе галоўнае — зусім не смех у зале (хаця, пабольш дасціпнай іроніі, асабліва напачатку, ёй не пашкодзіла б). І не постмадэрнісцкая гульня (хаця крыху гульнёвасці-гуллівасці ёй таксама месцамі бракуе). І нават не тое, што айчынная драматургія паступова асвойвае сучасныя прыёмы ўжывання інтэртэксту — “спасылак” на класіку. Галоўнае — адкрыты і зусім не чаканы фінал. Жудасна трагічны. Пра лёс грамадства, калі яно не зрушыць з накатаных рэек падману і хабарніцтва.

/i/content/pi/cult/431/8924/1-2.jpeg

Вось толькі каб усё гэта папраўдзе “грымнула”, патрэбен рэзкі кантраст: весела, смешна — і раптам... “ба-бах”! Пацярпелыя — усе. Цар — не сапраўдны. Невыпадкова ж Архіп, параўноўваючы яго з выявай на залатым рублі, кажа: “Не падобны...” Здавалася б, вось дзе інтрыга!

У спектаклі ёсць усё. Маша (Алена Дуброўская) павольна лётае пад каласнікамі. Шматфункцыянальны стол-трансформер ездзіць па рэйках нахіленай паверхні. Карэта раз-пораз спускаецца з нябёс, бы тая манна нябесная (мастак-пастаноўшчык — Ала Сарокіна). Сцэнічныя строі пафарбаваны ва ўсе колеры вясёлкі, быццам па іх прайшліся бляклай дзіцячай гуашшу (мастак — Марыя Герасімовіч). Музыка Цімура Каліноўскага з “забойна” жвавымі мелодыямі настройвае на камедыю становішчаў. Праз увесь спектакль мы чуем каларытныя сола на... піле — гэта ж увогуле авангард (дакладней, поставангард)! Так і хочацца “пільшчыка” (Юрый Бельскі) прымусіць удзельнічаць у дзеі, а не толькі сціпла сядзець у закуточку, спрабуючы нашы нервы “на зуб” той пілы. Ну “ажывае” ж партрэт побач з “пільшчыкам”, каб з-за яго рамы выйшаў сапраўдны Цар (Андрэй Захарэвіч).

Гараднічы (Анатоль Голуб) — па-беларуску мяккі, няспешны, нават крыху рамантычны. Дый Дзержыморда (Іван Мацкевіч) — нейкі настальгічны, з элегічнай усмешачкай і “салодкімі” прыцмокваннямі. А Паштмайстар (Андрэй Крывецкі), з яго доўгімі валасамі, сабранымі ў модны “хвосцік”, — увогуле “мара жанчын”, калі б не наўмысна парадыйныя рысы. А ўсе героі разам…

/i/content/pi/cult/431/8924/1-1.jpeg

Гэтыя, на першы погляд, “мілыя людзі” забіваюць літаратара Трапічкіна, разумеючы, што хабар яму давалі дарма: ну які з яго экзекутар? І сапраўды, Аляксандр Суцкавер з яго шчырасцю, натуральнасцю ды проста таленавітасцю аказваецца ледзь не адзіным ва ўсім спектаклі, дзякуючы якому дзеянне канчаткова не ператвараецца ў экзекуцыю. Сапраўдную. Бо такога кшталту “фантасмагорыя”, як жанрава вызначылі яе ў афішах, павінна, пераканана, быць куды больш “фантастычнай”, "улётнай" ды, калі жадаеце, запальнай. Не, не легкадумнай па змесце! Але — лёгкай, бліскучай, зіхатліва-іскрамётнай па ўвасабленні.

Гледачы, як я заўважыла, надта хутка наталяюцца гэтай работай. Артысты — працуюць. Цяжка. Старанна. Ажно словы “глытаюць”, не разжаваўшы як след. А павінны б лётаць усёй душой. Перашкаджае “стылізацыя” гутарковай мовы — “пад даўніну”? Ці проста стаміліся за пастановачны перыяд? Не ведаю. Але тэмпарытм спектакля надта марудны, і ва ўсёй той “павольнасці”, праславутай ментальнай “памяркоўнасці” ды “эпічнасці” — ніякай унутранай энергетыкі, што трымала б увагу. Пэўна, трэба дачакацца канца сезона? Ці, наадварот, пачатку наступнага? Іншымі словамі, таго часу, калі артысты і ўвесь спектакль будуць жыць “у прадчуванні”. І проста — ажываць…

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"