Рэйтынг “Маладзечна”

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

Зоркі погляд на спеўнае свята

ХІІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”, які адсвяткаваў сваё 20-годдзе, стаўся адным з самых паспяховых такіх святаў за апошнія гады. Але на агульным фоне ўздыму яшчэ больш відавочна выявіліся набалелыя праблемы беларускай песні. Як жа прыйсці да простай музычна-паэтычнай матэматыкі, каб памножыць пэўныя мінусы адзін на другі — і атрымаць у выніку плюс?

/i/content/pi/cult/431/8923/2-1.jpeg

Рэп-1: рэпетыцыі

Конкурс маладых выканаўцаў, што калісьці быў галоўным “цэнтрам прыцягнення” фестывалю, а потым неяк “размыўся” сярод іншых падзей, сёлета пачаў вяртацца ў кола самых значных імпрэз. І не праз піяр з боку прэсы, бо асноўную плынь журналістаў, цэнтралізавана арганізаваную ўпраўленнем ідэалагічнай работы Мінаблвыканкама, прывезлі з Мінска пасля падвядзення вынікаў, калі амаль усе канкурсанты і нават некаторыя з пераможцаў ужо раз’ехаліся. Конкурс, калі можна так сказаць, зрабіў сябе сам — праз высокі выканальніцкі ўзровень, асабліва ў параўнанні з леташнім. Праўда, у слове “сам” ёсць вялікая прафесійная заслуга мастацкага кіраўніка фестывалю і конкурсу, народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга. Паводле традыцыі, ён збіраў канкурсантаў на рэпетыцыі ў Мінску, даваў слушныя парады, “даводзіў” іх выступленні да патрэбнага ўзроўню. Напярэдадні ж фэсту я была сведкай таго, як Міхаіл Якаўлевіч разам з выконваючай абавязкі начальніка ўпраўлення Мінаблвыканкама Святланай Баранок намагаўся прадугледзець усе дробязі, каб канкурсанты, і без таго пастаўленыя ў складаныя конкурсныя ўмовы, пачувалі сябе больш утульна.

Так, хтосьці ехаў начным цягніком, хтосьці ўставаў а 4-й ночы, бо ўжо а 9-й яго чакала акустычная рэпетыцыя першага тура ў Палацы культуры Маладзечна. А 12-й — выступленне з першай песняй, пад фанаграму “мінус адзін”, следам — рэпетыцыя з аркестрам (і абед), бо другі тур, у амфітэатры, пачынаўся а 15-й. Вытрымаць такое і прафесійным спевакам было б складана, а тут — пачаткоўцы. Праўда, ужо спрактыкаваныя, бо ў кожнага за плячыма даволі важкі “паслужны спіс” фестывальна-конкурсных удзелаў і перамог. Зрэшты, гэтую інфармацыю не згадвалі: маўляў, каб выканаўцы не пачувалі сябе “завершанымі зоркамі”. Пагодзімся, рашэнне — вельмі слушнае. Аднак публіцы, прынамсі, цікава было даведацца, хаця б які горад, навучальную ўстанову ці эстрадную студыю прадстаўляе ўдзельнік, бо называліся толькі прозвішча і вобласць (па тры з кожнай і з Мінска — усяго 21 канкурсант).

Рэп-2: рэпертуар

Вельмі шкада, што часам не называліся песні. Дый самі ўдзельнікі, як заўсёды на падобных паказах, блыталі імёны аўтараў. Галоўнай праблемай як быў, так і застаўся рэпертуар. Вядома, сёлета ён быў куды больш цікавы па мастацкім узроўні, паменела аматарскіх опусаў, але не на карысць новых прафесійных, а — песеннай класікі, пераважна канца 1970-х — пачатку 1990-х. Можна парадавацца і таму, што некаторыя песні выконваліся некалькімі прэтэндэнтамі: вось, маўляў, рэйтынг аўтараў! Дарэчы, самым папулярным кампазітарам у час конкурсу аказаўся, відаць, Дзмітрый Далгалёў. Яно і не дзіва: менавіта ён “спецыялізуецца” на баладах, якія даюць максімум магчымасцей прадэманстраваць голас па ўсім дыяпазоне. Дый ягоны аўтарскі вечар у пачатку года, калі сталічная філармонія зведала небывалы аншлаг, дазволіў камусьці наноў звярнуць увагу на яго творчасць.

Але ж дзе песні новыя? На жаль, як не было раней, так і практычна няма сёлета. Некаторыя з выканаўцаў па некалькі гадоў круцяць усё адны і тыя ж “дзяжурныя” беларускамоўныя песні, пераязджаючы з імі з аднаго агляду на другі. Між тым, адно з выйсцяў — правядзенне конкурсу не толькі выканаўцаў, але і песень. Мяркую, такі конкурс — папросту неабходны! А тое, што фестываль супадае з канцом навучальнага года, магло б стаць дадатковым стымулам. За пэўны тэрмін, вызначаючыся з удзельнікамі-спевакамі (чым раней, тым лепш), трэба падключаць да гэтага маладых кампазітараў, паэтаў, аранжыроўшчыкаў, нават дызайнераў (з праектамі канцэртных строяў, адпаведных песням) — можа, таксама студэнтаў адпаведных навучальных устаноў. Няхай прапануюць сваім аднагодкам новыя кампазіцыі! Адначасова гэтая праца магла б залічвацца як частка навучальнага працэсу. Такім чынам, на конкурсе спевакі выходзілі б не толькі з ранейшымі “хатнімі нарыхтоўкамі”, але і з нумарамі, падрыхтаванымі акурат для Маладзечна. Могуць быць і іншыя варыянты — калі ласка! Але без конкурсу песень праз некаторы час можа страціць сэнс само спаборніцтва спевакоў. Мо і сапраўды варта задумацца?

Некалькі новых песень — Алены Атрашкевіч на словы Уладзіміра Караткевіча, Эдуарда Зарыцкага, маладзечанкі Таццяны Атрошанка — прагучалі ў канцэртах адкрыцця і закрыцця. Ды ўсё ж песенныя прэм’еры павінны станавіцца большай падзеяй. І ў самім канцэрце, і ўвогуле ў час фестывалю, і напярэдадні яны маглі б мець розгалас. Як тут не ўзгадаць былы вопыт? Самыя папулярныя сёння — тыя песні 20 — 30-гадовай даўніны, якія тады і ствараліся, і распаўсюджваліся мэтанакіравана: праз тэле-, радыёпраграмы “Прэм’ера песні”, фестывалі “Песню бярыце з сабой!”, што праходзілі па чарзе ва ўсіх абласных цэнтрах, ды іншыя захады. А дзе прагучаць сённяшнія прэм’еры? У чарговых выступленнях Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі дзякуючы плённай працы маэстра Фінберга — і ўсё? На жаль…

Цяперашнія канцэрты фестывалю ішлі ў эфіры радыё і тэлебачання. Пэўна, праз час яны будуць паўтораны, бо той жа канал “Беларусь 3”, як можна заўважыць па яго праграмах, адчувае недахоп новых паступленняў. Дык можа, ёсць сэнс вылучыць з канцэртаў асобныя нумары ды папулярызаваць іх больш шырока?..

Джаз “па нотах”

Пры папраўдзе высокім конкурсным узроўні, абсалютна ўсім яго ўдзельнікам, уключаючы ўладальніцу Гран-пры, ёсць куды расці. 18-гадовую Валерыю Грыбусаву — сёлетнюю выпускніцу Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў па спецыяльнасці “харавое дырыжыраванне”, за плячыма якой шмат міжнародных конкурсных перамог, вылучылі, найперш, за індывідуальнасць, адметны тэмбр. Мулявінская “Чырвоная ружа” атрымалася ў яе вельмі рокавай, крыху агрэсіўнай, але прыцягальнай сваёй уласнай манерай. З аркестрам яна спявала “Спі, малы сокал” Рамана Козырава на верш Янкі Лучыны. І — “згубілася” сярод іншых канкурсантаў, не дацягнуўшы ні вакалам (стамілася?), ні манерай, дзе быў адчувальны гэткі “рэстаранны” ўплыў. Пэўна, на рэпетыцыях песня гучала лепш. Значыць, трэба працаваць над стабільнасцю, чым спявачка і зоймецца, бо ўжо зараз прынята ў склад аркестра Міхаіла Фінберга і будзе паступаць у БДУКіМ.

Наталля Кіраенка — сёлетняя выпускніца Мінскага каледжа мастацтваў, размеркаваная ў родны Жодзіна весці эстрадную студыю ў Палацы культуры “БелАЗ”, — была папраўдзе бездакорнай, што і прынесла ёй Першую прэмію. А як яна вырасла за апошні час! І гэта — яшчэ адно сведчанне добрых парасткаў, узрошчаных не толькі каледжам, што ўжо даўно набыў славу адной з самых прэстыжных навучальных устаноў, але і Рэспубліканскім конкурсам “Белазаўскі акорд”, з якога яна калісьці пачынала. Яе сакурсніца Ксенія Жук (Sonika), пераможца таго ж “... Акорда” 2010-га, заняла другое месца. Трэцяе — у 16-гадовага Ягора Шаранкова са Светлагорскай студыі “Ліра”, які летась быў адным з фіналістаў адбору на дзіцячае “Еўрабачанне”, а днямі перамог на “Залатой пчолцы” ў Клімавічах. Яшчэ двое лаўрэатаў, што дзялілі з імі Другую і Трэцюю прэміі, дадаліся, на мой погляд, найперш па геаграфічным прынцыпе. Кіраўнік эстраднай студыі Докшыцкага ГДК Андрэй Чабан і саліст народнай эстраднай студыі “Экспрэс”, студэнт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Цямчык — абодва з добрымі галасамі, прадставілі па дзве лірычныя песні. Але сярод удзельнікаў былі не горшыя! Тая ж Кацярына Лазука са Старых Дарог скарыла асаблівай музычнасцю, кранальна мяккімі джазавымі элементамі. Можа, для такіх сітуацый трэба не прэміі дзяліць, а ўручаць спецыяльныя прызы? Лепш — “імянныя”, каб на фестывалях дадатковы раз гучалі імёны дзеячаў нашай культуры, а моладзь раўнялася на іх заваёвы. Дарэчы, Прыз імя Уладзіміра Мулявіна, які сёння аўтаматычна сыходзіць да ўладальніка Гран-пры (і пры гэтым нават не называецца са сцэны, з-за чаго некаторыя журналісты ахрысцілі яго проста “Крыштальнай гітарай”), мог бы размяркоўвацца і асобна. Можна было б падумаць і пра адзнаку лепшых эстрадных выкладчыкаў, бо пакуль іхнія імёны ўвогуле не называюцца.

А між тым, іх старанная праца была заўважна і па некаторых... імправізацыях — дакладней, па імітацыі апошніх, калі ў фінале той або іншай песні выканаўцы старанна выводзілі добра завучаныя “варыяцыі на тэму”. Што ж, калісьці такія “музычныя фэнтазі” былі за рэдкасць, сёння — ледзь не “конкурсны мінімум”, а наступіць час — са “школьнага” пераймання-паўтарэння ўзрастуць і сапраўдныя джазавыя “блуканні”, што нараджаюцца нават не голасам, а душой.

Маладзечна — ад малых да вялікіх

Усе даўно прызвычаіліся да таго, што маладзечанскі фестываль — гэта абсалютна неаспрэчнае шматбаковае майстэрства сталічных музыкантаў і найперш Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі з усім багаццем яго камерных калектываў, якія, паводле традыцыі, давалі асобны канцэрт беларускай акадэмічнай музыкі. І гэта быў, як заўсёды, фурор — не меншы, чым на песенным канцэрце адкрыцця ў амфітэатры, дзе мы па-новаму адкрывалі вядомых салістаў калектыву, радаваліся эстрадным прэм’ерам і здзіўляліся новаму прачытанню знаёмых мелодый. Але сёлетні фэст куды больш, чым ранейшыя, сакцэнтаваў яшчэ і вялізны ўнёсак саміх маладзечанцаў — як у нацыянальную культуру, так і ў некаторыя замежныя.

У “Горадзе майстроў” астраўкамі крэатыву былі экспазіцыі менавіта маладзечанскіх школ і гімназій. А канцэрт закрыцця ўпершыню даручылі Заслужанаму аматарскаму калектыву — сімфанічнаму аркестру Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага на чале з заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь Рыгорам Сарокам. Калектыў даўно заслужыў гэтае права, бо ягоны ўзровень — зусім не студэнцкі, высока ацэнены ў многіх краінах свету, а запісы рабіліся нават у студыі Варшаўскага радыё.

У цяперашняй праграме “Ты ў шчасці жыві, мая Беларусь!”, прысвечанай 75-годдзю Мінскай вобласці, з аркестрам спявалі не толькі славутыя мінскія госці — Ірына Дарафеева, якая была і адной з вядучых, Пётр Ялфімаў, Алена Ланская, вакальная група “Чысты голас”. Калектыў запрасіў лепшых выхаванцаў каледжа, запатрабаваных на розных сцэнах свету: з Масквы прыехаў Валянцін Сухадолец, з Санкт-Пецярбурга — Уладзімір Александровіч. Асаблівы гонар маладзечанцаў — лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, удзельнік разнастайных замежных праектаў Анатоль Сіўко, які сёлета скончыў Беларускую акадэмію музыкі і размеркаваны салістам у наш Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр. Граў аркестр і сольныя нумары — у харэаграфічным атачэнні і без яго. А ў “Перапёлачцы” Яўгена Глебава выдаў такую джазавую апрацоўку, якой маглі б пазайздросціць куды больш спрактыкаваныя джазмены, прытым што ў групе медных духавых саліравалі не толькі выкладчыкі, але і самі навучэнцы.

Тое, наколькі тактоўна і з настроем вяла конкурс метадыст Палаца культуры Таццяна Цагалка, “выдавала” ў ёй пастаянную вядучую шматлікіх іншых канцэртаў. Дый уласна “Маладзечна-2013” сёлета ўключала таксама своеасаблівую “постфактум-прэзентацыю” аднаго з найбольш адметных праектаў Палаца — Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок”. Канцэрт пераможцаў гэтага спаборніцтва, што адбыўся ў другі фестывальны дзень, не толькі ўпрыгожыў свята, але і пакінуў упэўненасць, што дзятва літаральна наступае на пяты даросламу конкурсу. Тым больш, “Маладзічок” са сваімі чатырма ўзроставымі групамі (ад 6 да 18 гадоў) “ахоплівае” частку магчымых удзельнікаў “Маладзечна”, дзе сёлета самаму юнаму было 16. Так і трэба! Штосьці зрушыцца ў нашай эстрадзе тады, калі будзе пераемнасць паміж пакаленнямі, заснаваная на лепшых дасягненнях. І не толькі ад старэйшых да малодшых, але і наадварот: “Маладзічок” кожны раз пераконвае ў тым, што ў дзятвы ёсць чаму павучыцца.

Добра зрабілі маладзечанцы і тое, што на нядзелю 9 чэрвеня прымеркавалі “ў дадатак” да двух фестывальных дзён XV Рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля” — у амфітэатры, на чатыры ўзроставыя групы, з адкрыццём і закрыццём, з гасцявымі выступленнямі вядучых мясцовых калектываў. Дык вось дзе пачынаюць гартавацца будучыя зоркі!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"