Сеткавыя "хованкі": хто каго ідзе шукаць?

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

Сёння практычна ўсе нашы тэатральна-канцэртныя ўстановы і нават творчыя калектывы маюць свой сайт ці хаця б старонку на сайце вышэйстаячай арганізацыі. Але ж ці выкарыстоўваюць яны напоўніцу магчымасці Інтэрнэту для прасоўвання сваіх праектаў? Тэма — не новая, але воз, падаецца, шмат дзе так і не пачаў рухацца ні ў які бок.

На Сеціва часцей глядзяць як на звычайную афішу ці газету, толькі не папяровую, змяшчаючы там адно вербальную інфармацыю: маўляў, адбудзецца — прыходзьце. Што ж, гэта, безумоўна, важна. Але, да прыкладу, у той жа канцэртнай сферы музыка бывае часцей куды больш красамоўнейшая за словы. Асабліва калі гаворка ідзе пра не самага знакамітага, але таленавітага выканаўцу. Ці пра нейкую новую з’яву — тую ж прэм’еру, што пакуль не набыла розгаласу. Інтэрнэт прывабны тым, што ўсё можна адразу, як кажуць, "памацаць", не давяраючы адно словам. Замест таго, каб слухаць "суседа" (крытыка, журналіста, "піяршчыка", выказванні на форуме ці ў сацыяльнай сетцы), дастаткова паслухаць самому. Фрагмент. Такі, што зацікавіць паслухаць усё цалкам. І пераканае, такім чынам, абавязкова наведаць канцэрт.

Тое ж самае — з тэатрамі. Добра яшчэ, што некаторыя пачалі змяшчаць на сваіх сайтах шэраг фотаздымкаў, праз якія хоць неяк можна "пралічыць" саму эстэтыку спектакля. Бо ў тэатры ж важна не толькі "пра што" (каб даведацца, чым скончыцца, можна і п’есу прачытаць, а камусьці і ўвогуле сціслага зместу хопіць), важна — як. Ну, хаця б прыблізна: маўляў, гэта рэжысёрскі авангард — ці "традыцыя на пастаменце", усё пабудавана на пластыцы — ці на "гаворачых галовах". Прыхільнікі ж ёсць у кожнага кірунку! Галоўнае — іх не пераблытаць. Асабліва актуальна гэта для прыцягнення ў тэатр моладзі, бо пакуль асноўны кантынгент наведвальнікаў — старэйшае пакаленне, якое, дарэчы, "сябруе" з камп’ютарам менш.

Як рэалізаваць усё гэта на практыцы? Можна, вядома, змяшчаць аўдыя і відэа на самім сайце. Больш танны варыянт (як гэта робіць, да прыкладу, наш Вялікі тэатр) — даваць на сайце спасылкі на гэтыя матэрыялы, змешчаныя на іншых інтэрнэт-рэсурсах, уключаючы вялікія файлаабменнікі ды сацыяльныя сеткі. Праўда, з расійскімі сацсеткамі апошнім часам не ўсё так проста. І не выключана, што ў будучым гэтыя рэсурсы будуць даваць збоі, бо там збіраюцца прыняць закон, які будзе абмяжоўваць іх дзейнасць. Але ж ёсць і міжнародныя, і беларускія аналагі. Хто шукае, той знойдзе. Толькі хто павінен шукаць: "гандляр" ці "пакупнік"?

Чамусьці многія ўстановы культуры лічаць, што апошні. Не ўсімі сайтамі зручна карыстацца. А ўжо пра абнаўленне інфармацыі лепш увогуле не згадваць! Здараецца, так і вісяць "тэрміновыя" аб’явы двух-, трохгадовай даўніны. Ну а сайты конкурсаў ды фестываляў (за выключэннем хіба флагмана — "Славянскага базару ў Віцебску" ды некаторых іншых) абнаўляюцца хіба напярэдадні іх наступнага правядзення: змяшчаецца новая праграма — дый годзе. Ні пра склад журы, ні пра пераможцаў, якія будуць вызначаны напрыканцы, праз сайт не даведаешся. Дык навошта такая "скарбніца інфармацыі"?

А між тым, у замежжы магчымасці Сусветнага павуціння выкарыстоўваюцца куды паўней. На апошнім Міжнародным конкурсе імя П.Чайкоўскага ў Маскве праслухоўванні ішлі ў рэжыме он-лайн, што прыцягнула да яго яшчэ большую ўвагу ва ўсім свеце, а ўдзельнікі змаглі атрымаць запрашэнні ад шматлікіх замежных імпрэсарыа. З’явіліся і спецыяльныя он-лайн-конкурсы, для ўдзелу ў якіх не трэба ехаць праз увесь свет: дастаткова выйсці ў Інтэрнэт. Прычым такія спаборніцтвы распаўсюджваюцца ўжо не толькі на конкурсы прыгажосці ці дзіцячага малюнка, але і на музыку. Вядома, нішто не заменіць жывога акустычнага гучання. Але ў якасці першага адборачнага тура куды зручней выкарыстоўваць усё ж не запісы, а он-лайн-трансляцыі. Бо дасланы запіс, нават без дадатковай апрацоўкі, можа быць адзіным добрым дублем з усёй сотні: як такі распазнаеш?

А колькі магчымасцей у Інтэрнэта ў навучальным працэсе! І для он-лайн-лекцый, і для майстар-класаў на адлегласці — была б толькі добрая сувязь: іншымі словамі — надзейныя каналы перадачы інфармацыі і высокая хуткасць доступу ў Інтэрнэт. Але гэта — тэма для іншай размовы...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"