"Чалавек харошы, дай кату грошы!", або Сувенір для турыста ды фаната

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

Прамысловы сувенір

Трапіўшы за мяжу, чалавек пачынае параўноўваць іхняе з нашым. Гэта адбываецца само сабой, падсвядома, нават калі ён загадзя такой мэты не меў.

/i/content/pi/cult/431/8920/1-1.jpeg

Вясной мы з жонкай наведалі Рыгу і Стакгольм. Сярод іншых прыемных заняткаў, якія можна дазволіць сабе на адпачынку, быў і такі: баўленне часу ў сувенірных крамах у пошуках чаго-небудзь "на памяць" —сабе, дзецям, сябрам. Гэты "шопінг", дарэчы, дазваляе лепш зразумець краіну, даведацца пра яе гістарычныя каштоўнасці і культурныя прыярытэты, урэшце — пра нацыянальны менталітэт. Бо на шкатулках, насценных пано, "магніціках" ды іншай сувенірнай прадукцыі звычайна змяшчаюць выявы аб’ектаў ці сімвалы з’яў, знакавых для краіны. Гэта "нацыянальныя" жывёлы, птушкі і расліны, помнікі дойлідства, дзяржаўная і рэгіянальная сімволіка… Асобна варта згадаць лялек у народных строях.

Са Швецыі бадай кожны турыст прывозіць фатаграфію шведскай каралеўскай сям’і, бо гэта сапраўды і сімвал, і брэнд, і — яшчэ што-небудзь з дзяржаўнай сімволікай, якая ў гэтай краіны вельмі выразная ды запамінальная. З Латвіі — выяву гістарычнага цэнтра Рыгі. Такі ж "стандартны" набор прывезлі з вандроўкі і мы. І быў яшчэ адзін латвійскі сувенір, надзвычай арыгінальны, — хлеб, які нам давялося самім замясіць ды спячы пад час экскурсіі ў вядомую на ўсю Латвію пякарню.

/i/content/pi/cult/431/8920/1-2.jpeg

Пад час экскурсіі нашу турыстычную групу спачатку азнаёмілі з вытворчым працэсам і асартыментам вырабаў, а потым прапанавалі разбіцца на "брыгады" па чатыры чалавекі, каб самім спекчы бохан хлеба — зразумела, пад наглядам экскурсавода-кансультанта. У нашай "брыгадзе" функцыі падзяліліся такім чынам: двое варажылі над цестам, а двое — фатаграфавалі працэс. Пасля таго, як нашы боханы заклалі ў печ, у нас быў час выпіць кавы ў кавярні побач з вытворчай зонай і паглядзець, што ёсць цікавага ў сувернірным шапіку. Там мы з жонкай набылі сімпатычную керамічную мышку. А тут і хлеб даспеў… Гэтым хлебам мы частавалі сяброў у Мінску, згадваючы, што ён зроблены нашымі рукамі.

Думаю, падобны атракцыён для турыстаў "Зрабі сабе сувенір сам" можна было б і ў Мінску зладзіць. Тым больш, што адзін са сталічных хлебазаводаў знаходзіцца ў зоне гістарычнага гарадскога цэнтра.

Пасля наведання пякарні нашы турысты жартавалі, што ў Беларусі замежныя госці змаглі б сабраць на канвееры "БелАЗ" або трактар "Беларус", а потым на гэтым "сувеніры" дадому паехаць. Жарты жартамі, а прадстаўнік турфірмы, які нас суправаджаў, згадаў, што турысты з Прыбалтыкі і насамрэч вельмі цікавяцца нашымі славутымі заводамі ды замаўляюць экскурсіі на іх. Зразумела, не паўсюль замежнікаў пускаюць, не ўсё паказваюць. Але ўвогуле тэма "прамысловы сувенір" можа быць актуальнай.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"