Фініта ля камедыя ?

№ 50 (816) 15.12.2007 - 21.12.2007 г

Для мяне, сталічнага жыхара, рэгіянальныя тэатры падаюцца нечым экзатычным. Вельмі складана адказваць на пытанне, навошта Баранавічам, Барысаву, Оршы ці Жодзіну патрэбны тэатр, бо апроч таго, што тэатраў увогуле мусіць быць як мага болей, аргументаў у мяне няма. Тэатр — гэта жывы культурны арганізм, які, бы хатнія расліны, робіць сваю карысную працу па аздараўленні клімата паступова, незаўважна, але пастаянна. У самым побытавым сэнсе, тэатр у горадзе — гэта нагода для рамантычнай сустрэчы, у ім найлепш “праветрыць” вячэрні туалет, а пасля спектакля падчас нетаропкага вяртання дадому напэўна зручней за ўсё пагаманіць на высокія тэмы...

Падчас візіту ў пінскі Палескі драматычны тэатр я чакаў пабачыць мадэль менавіта такога тэатра — у добрым сэнсе кансерватыўнага, камернага, душэўнага, і не падмануўся. Невялічкі светлы будынак былога кінатэатра нават лепш адпавядае назве “палац культуры”, чым тыя грувасткія, шэрыя будыніны, што звычайна так называюцца. Зайшоўшы ўнутр, трапляеш у вялікае, прыгожа прыбранае фае, з гардзінамі на высокіх вокнах, буйнымі люстэркамі і такой бліскучай падлогай, што баішся на ёй паслізнуцца. Маленькая (усяго на сто месцаў) і ўтульная глядзельная зала. Праблемная аднак сцэна: вузкая, але глыбокая, яна кожны раз ставіць перад пастаноўшчыкамі цяжкае сцэнаграфічнае заданне.
Пачынаеш думаць: ці ж не пярэчаць у гэтым тэатры знакамітаму прынцыпу Станіслаўскага, які заклікаў: “Усё для артыста! Калі артысту будзе добра — то і гледачу таксама...” Але і службовыя памяшканні прыемна здзівілі сваёй чысцінёй, прыбранасцю, прасторныя ўтульныя грымёркі (хаця тут варта прызнаць, што ў мужчынскай цеснавата), ёсць дзе пасядзець, паўсюль стаяць вазоны. “Дадатковых рэпетыцыйных памяшканняў няма,” — адзначыў я, але адразу ж успомніў прасторнае, прыгожае фае. Праходзячы па калідорах тэатра, не заўважыў нічога, што замінала б паўнавартаснай, творчай працы. У кабінеце дырэктара Івана Базана пабачыў стос часопісаў “Мастацтва” і “Сучаснай драматургіі”, канечне ж, газету “Культура”. “А да інтэрнета доступ ёсць?” — спытаў я і пачуў станоўчы адказ. Мажліва, у хуткім часе мы пабачым інтэрнет-старонку Палескага драматычнага тэатра...
У тэатры адчувалася атмасфера ўзаемапавагі і дабразычлівасці. Артысты не проста віталіся паміж сабой, я бачыў, як, незанятыя ў спектаклі, яны падтрымлівалі сваіх калег з глядзельнай залы — такое не часта пабачыш у нас, у Мінску. Калі ў тэатры і імкнуліся стварыць ілюзію перад заезджым крытыкам (маўляў, у нас усё цудоўна), дык атрымалася тое на “выдатна”.
Але тэатр — гэта не будынак, тэатр адбываецца на сцэне. Што можна сказаць наконт уласна тэатральных імпрэзаў?.. Мне б не хацелася “пырскаць слінай” і злоснічаць наконт таго, што ў тэатры не атрымалася... Я, зрэшты, бачыў толькі маленькую частку рэпертуара.
Ды ўсё ж мушу заўважыць, што тэатр вымагае сур’ёзнай прафесійнай размовы, грунтоўнай, па-гамбургскім рахунку ацэнкі іх спектакляў, пэўных рэкамендацый. Да таго ж, у тэатры шмат творчай моладзі (адзначыць хаця б маладога Паўла Мамонава, які ўжо нават спрабуе самастойна ставіць спектаклі), і нельга ўпускаць выхаваўчы момант: нядрэнна было б забяспечыць прыезд у Пінск хоць на нядоўгія майстар-класы знаных выкладчыкаў па вакале, сцэнічным руху, мэтава накіраваць туды рэжысёраў “акадэмічных” сцэн — усё гэта будзе спрыяць развіццю маладой часткі труппы, развіццю маладога тэатра.
Калі пра “адмоўнасці” патрэбна асобная, спецыяльная размова, то не адзначыць, з майго пункту гледжання, удалую работу я не магу. П’еса Андрэя Курэйчыка “Асцярожна, жанчыны!” добра вядома ў тэатральным асяродку. Яна перамагала ў свой час у драматургічных конкурсах, з розных гарадоў прыходзяць весткі аб прэм’ерах. Сам драматургічны матэрыял мне падаўся ў свой час нават занадта лёгкім, гумар на мяжы фолу, невыразная канцоўка, адсутнасць вартага ўвагі канцэпту: паводле сюжэту, кемлівы хлопец, так падавалася мне, абводзіць вакол пальца дзяўчынку-студэнтку ды двух недалёкіх кабет і застаецца не пакараным — смешна, але, адсмяяўшыся, забываеш гэты анекдот, бы і не чытаў. Гэтаксама распачынаўся і спектакль. Але пасля таго, як нарэшце махляр быў выкрыты і звязаны, тры выканаўцы жаночых роляў (Таццяна Барышчук, Ганна Масальская, Наталля Гусак) сваім непараўнальным ансамблем зрушылі акцэнты ў гэтай гісторыі. І аказалася, што яна на самой справе не пра хітрага хлопца, а пра жанчын...Традыцыйна ў камедыі, калі падобны падман выкрыты, наступае канец, далей гісторыя працягвацца не можа. Але тры падманутыя жанчыны зацыкліваюцца на сваім крыўдзіцелі, праз феерычную сцэну суда нібы дадаткова перажываюць свой падман, а калі злодзей збягае, клянуцца яго яшчэ і шукаць, нібыта ён таго варты. На сцэне аднак гэта выглядала не істэрычнай апантанасцю, а нейкай звышжаноцкай ветранасцю і непасрэднасцю. Сур’ёзнае і несур’ёзнае пераплялося, “караць нельга памілаваць” так і засталося без косак. Вельмі не хапала фінальнага моцнага акорда, які падкрэсліўбы гэтую “жаноцкасць” спектакля і вывеў бы яго на вышыню філасофска-мастацкага абагульнення...
Але тут я трошкі забываюся: знайшоўшы чорную котку у цёмным пакоі, не варта ўключаць святло... Рэжысёр спектакля А.Гаўрыловіч наўрад ці ставіла перад сабой іншыя задачы, апроч як пазабаўляць публіку, пераказаць для яе забаўны анекдот, — і сваёй мэты яна дасягнула. У гэтых маіх словах няма абвінавачвальнага пафасу (хаця мне, канечне, падаецца, што тэатр можа паслужыць і больш высокім задачам), бо я зыходжу з той аб’ектыўнай сітуацыі, у якой існуе Палескі драматычны тэатр. Але, я перакананы, тэатр здольны ставіць перад сабой і выконваць самыя сур’ёзныя задачы. І гэта падводзіць нас да наступнай вельмі цяжкай праблемы...
Пінск, якім я яго пабачыў, — гэта пакуль што нетэатральны горад. Пінчукі могуць на мяне пакрыўдзіцца за такі жорсткі прысуд, але лагічны націск тут хацелася б ставіць на слове “пакуль”.
Пінскі тэатр толькі пачынае абрастаць колам блізкіх прыхільнікаў (трэба аддаць належнае кіраўніцтву тэатра, якое плануе праводзіць вельмі глыбокую працу з гледачом). Тэатр імкнецца сцвярджаць сябе у культурным жыцці горада. Гэта вельмі адбіваецца на самаадчуванні калектыву, яму бракуе пакуль творчай упэўненасці ў сабе. І справа далёка не ў тым, што, па прызнанні супрацоўнікаў тэатра, ім даводзіцца праводзіць пастаянную выхаваўчую работу, тлумачыць правілы тэатральнага этыкету дзеля таго, каб у глядзельнай зале быў парадак. Справа, у тым, што тэатр вымушаны ў значнай ступені падпарадкоўвацца густам менавіта “нетэатральнай” публікі. “Асцярожна, жанчыны!” не благі, хай сабе і не глыбокі камедыйны спектакль. Але я патрапіў на дваццаты паказ, і мне кажуць, што ён, хутчэй за ўсё, — адзін з апошніх: далей проста немагчыма збіраць касу.
Вядома ж, на “незабаўляльны” спектакль ходзяць і таго менш. І тэатр, каб збіраць залу і выконваць план, мусіць ставіць яшчэ камедыю, і яшчэ, і яшчэ.
Толькі дзеля таго, каб глядач хоць бы не забываўся на шлях да тэатральнай касы. І калі ўжо скончыцца гэтая суцэльная камедыя?.. У такой гонцы, зразумела, не заўсёды знаходзіцца час, каб падшукаць трапны матэрыял, паставіць важную для рэгіёна п’есу.
Між іншым, вартае ўвагі тое, якім чынам у тэатры вырашылі адсвяткаваць юбілей нашых песняроў: была пастаўлена п’еса Г.Марчука “Адгукніся, браце!”, прысвечаная тым гадам жыцця Якуба Коласа, якія ён правёў на Палессі. Гэта правільны накірунак: узнімаючы сваю рэгіянальную тэматыку, Палескі тэатр зойме сваю нішу на тэатральнай карце краіны. І мне вельмі хочацца, каб Пінск зрабіўся нашым тэатральным Панявежысам, Вроцлавам, Стратфардам-на-Эване. Дзеля гэтага тэатру патрэбна падтрымка на рэспубліканскім узроўні, хаця б маральная. Але ж, безумоўна, галоўнае залежыць у першую чаргу ад саміх артыстаў, кіраўнікоў, ад іх імпэту да творчасці, ад іх умення марыць...

Алекс СТРЭЛ
Мінск — Пінск — Мінск