"Забыты" артыкул 47: кампенсацыя шкоды ці яшчэ адна нагода "не звязвацца"

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

Хто і чаму павінен плаціць за "нагрузкі на спадчыну"

Праверка выканання заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, праведзеная не так даўно на Гомельшчыне абласнымі структурамі Камітэта дзяржаўнага кантролю, выявіла не толькі тыповы "джэнтльменскі набор" парушэнняў (гл. "К" № 22 за 2013 г.), але і папраўдзе "правальную тэму" — як у межах рэгіёна, так і краіны ў цэлым. "У выніку невыканання Мінкультуры і мясцовымі выканаўчымі ды распарадчымі органамі сваіх абавязкаў у бюджэт не паступалі значныя сумы адлічэнняў у фонд па падтрымцы культуры і мастацтва", — адзначана ў прэс-рэлізе КДК Гомельскай вобласці. Як засведчыла праверка, толькі два суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці Гомельшчыны за 2011 год павінны былі пералічыць 276 мільёнаў рублёў у якасці кампенсацыі за стварэнне дадатковых нагрузак для тых гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія яны выкарыстоўваюць. А ўсяго такіх суб’ектаў у вобласці — 448!

Лічбы, вядома, уражваюць. Аднак пры дэталёвым разглядзе становіцца відавочна, што гэтая заканадаўчая норма пакуль выклікае нямала пытанняў — як датычных канкрэтных выпадкаў яе прымянення, так і куды больш глабальнага характару: наколькі яна стасуецца са стратэгічнай дзяржаўнай палітыкай па лібералізацыі эканомікі? І ці не перашкодзіць інвестыцыйнай прыцягальнасці помнікаў спадчыны?

"Забыты" артыкул

Па словах начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігара Чарняўскага, згаданая норма ўпершыню з’явілася ў айчынным заканадаўстве яшчэ ў 1992 годзе. У 2006-м яна была замацавана ў артыкуле 47 цяперашняй версіі Закону "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь", а праз год — і ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 527, а таксама ў пастанове Міністэрства культуры краіны.

Як пазначана ў адпаведным артыкуле Закону, прадпрымальнікі, чыя дзейнасць "аказвае непасрэднае ўздзеянне на гісторыка-культурную каштоўнасць або зоны аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці шляхам стварэння дадатковых транспартных нагрузак, прыўнясення функцый, не характэрных для гэтай каштоўнасці, стварэння дадатковых аб’ёмна-прасторавых збудаванняў, не ўласцівых і не характэрных для гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці", павінны рабіць штогадовыя адлічэнні ў фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва ў памеры 5% ад прыбытку для беларускіх юрыдычных і фізічных асоб і 25% — для замежных.

Як вынікае з фармулёўкі, плаціць павінен далёка не кожны са згаданых 448 суб’ектаў бізнесу, а толькі тыя з іх, чыя дзейнасць негатыўна ўплывае на помнік спадчыны. І яшчэ адно важнае ўдакладненне: як адзначыў Ігар Чарняўскі, дадзеная норма не датычыцца ўласнікаў помнікаў спадчыны — яна актуальная выключна ў адносінах да арандатараў ці карыстальнікаў.

— Як правіла, уласнік больш актыўна ўкладае ўласныя сродкі ў правядзенне рамонтных работ, мінімізуючы фактары шкоднага ўздзеяння на помнік пад час яго эксплуатацыі, — патлумачыў Ігар Чарняўскі. — А вось арандатар зазвычай прыходзіць ужо на падрыхтаваныя плошчы, прыўносячы дадатковыя нагрузкі…

Урэшце, немінуча ўзнікае пытанне: як жа ацаніць прыведзеныя вышэй фактары негатыўнага ўплыву прымяняльна да канкрэтных аб’ектаў? Тым больш, справа аховы спадчыны — далікатная, і часам нават спецыялісты не могуць аднадушна вызначыцца, ці карысным было пэўнае "ўмяшальніцтва" ў жыццё помніка. Колькі ўжо коп’яў зламалі аб муры таго ж Мірскага замка!

Па словах Ігара Чарняўскага, справа тут не ў падыходах і, тым больш, не ў густах, а ў дакладных лічбах будаўнічых нарматываў. Адлічэнні — гэта кампенсацыя за "незапланаванае ўздзеянне".

— Любы аб’ект мае дакладна вызначаныя разліковыя нагрузкі, і калі рэальныя паказчыкі іх перавышаюць, зразумела, што будынку прычыняецца пэўная шкода, — патлумачыў начальнік упраўлення.

У выпадку, скажам, з кавярняй, размешчанай у старых лёхах, гэты прынцып дзейнічае немінуча: яе наведвае значна больш людзей, чым разлічвалі будаўнікі. Ды яны і ўвогуле не разлічвалі, што праз стагоддзе-другое тут будзе кавярня... А чым больш людзей, тым больш і негатыўнага ўплыву — прынамсі, у "фізічным" вымярэнні.

Падобныя фактары заўсёды можна прадухіліць. Па словах Ігара Чарняўскага, Закон ставіць карыстальніка аб’екта спадчыны перад выбарам: альбо прыводзіць свае плошчы ў адпаведнасць са згаданымі нарматывамі, альбо — плаціць кампенсацыю.

— Калі на аб’екце праведзены мерапрыемствы па яго прыстасаванні да новых функцый, калі праектная дакументацыя ўлічвае ўсе асаблівасці яго выкарыстання, ад арандатара ніякіх выплат не патрабуецца, — запэўніў Ігар Чарняўскі. — Скажам, у Мірскім замку, як вядома, сёння размешчаны не толькі музей, але і рэстаран ды гатэль. Гэта не характэрная для помніка фартыфікацыі функцыя, але ж адпаведныя памяшканні папярэдне былі належным чынам да яе прыстасаваны…

Справа "вузкіх" спецыялістаў

Уласнік адной з кавярняў у цэнтры Мінска, які прадставіўся Сяргеем Іванавічам, ні пра якія "нагрузкі" нават ведаць не ведае і ніякіх адлічэнняў не плаціць. Артыкул 47 яму на вочы не трапляўся. І ён не адзін такі: па словах Ігара Чарняўскага, за апошнія гады ў Фонд па падтрымцы культуры і мастацтва паступіла ўсяго каля 90 мільёнаў рублёў. Сума, што ні кажы, — мізэрная!

— Безумоўна, у тым, што гэтая норма заканадаўства не выконваецца, ёсць і наша віна, — кажа Ігар Чарняўскі. — Але, у той самы час, нешматлікія спецыялісты ўпраўлення не могуць ахапіць неабдымнае і персанальна "дайсці" да кожнай кавяранькі або крамы. Уласна, як падаецца, гэта прэрагатыва тых, хто адказны за ахову спадчыны на месцах. Міністэрства культуры нагадвае аб неабходнасці забеспячэння выплат мясцовым органам кіравання ці не штогод, аднак, як бачыце...

Але ці здолеюць тыя самыя спецыялісты на месцах "расшыфраваць" спецыфічную мову тэхнічнай дакументацыі ды вынесці справядлівы вердыкт, датычны менавіта канкрэтнага аб’екта? Гэта і сапраўды пытанне, улічваючы як "тыповую" адукацыю такіх спецыялістаў (дыпламаваных архітэктараў, будаўнікоў, эканамістаў сярод іх я не сустракаў), так і аб’ём работы, асабліва вялікі менавіта ў буйных гарадах.

— Мы неаднаразова прасілі органы мясцовага кіравання хаця б толькі скласці спісы тых аб’ектаў, якія патэнцыйна трапляюць у поле дзеяння гэтай заканадаўчай нормы, — кажа Ігар Чарняўскі, — каб ужо спецыялісты Міністэрства маглі зрабіць адпаведны аналіз: што гэта за аб’ект, ці ўтварае ён транспартныя нагрузкі, ці не ўзнікаюць нейкія іншыя негатыўныя фактары ўплыву на гісторыка-культурныя каштоўнасці. Але гэтая работа амаль нідзе не была праведзена…

На думку начальніка ўпраўлення, да справы павінны далучыцца разнапрофільныя "вузкія" спецыялісты, абазнаныя ў тых або іншых яе аспектах — ад будаўніцтва да эканомікі. Несумнена і тое, што кожнае рашэнне павінна быць выразна матываваным. У адваротным выпадку, рэакцыя бізнес-супольнасці будзе надзвычай нервовай. Мала хто пагодзіцца пакорліва і з усмешкай плаціць "незразумела за што", няхай сабе і выдаткоўваючы гэткім чынам сродкі на такую шляхетную справу, як падтрымка культуры ды мастацтва.

Запатрабаванасць як зло

У дадатак, праблема мае і шматлікія нюансы ды "прыватныя выпадкі". Прыкладам, рост колькасці "нехарактэрных" прыбудоў да помнікаў спадчыны мае сезонны характар: у цёплую пару іх значна больш. Вось і кавярня пад вокнамі нашай рэдакцыі "прырасла" летняй верандай, а колькі іх наогул на праспекце Незалежнасці...

— Натуральна, праекты Паруснікава ды іншых архітэктараў нічога падобнага і блізка не прадугледжвалі, — кажа Ігар Чарняўскі. — Ды не выпадае сумнявацца ў тым, што такія новаўвядзенні  — няхай сабе і часовыя — перашкаджаюць візуальнаму ўспрыняццю помнікаў спадчыны. Ізноў жа, ніхто не кажа, што плаціць павінны ўсе. Калі арандатар адаптуе гэтыя летнія прыбудовы да агульнай стылістыкі помніка, каб яны ўжо не ўтваралі дысанансу, пытанне будзе знята. Менавіта так і робіцца за мяжой…

Як падаецца, за мяжой гэтая праблема нярэдка вырашаецца нават яшчэ прасцей. На ходніках ля кавярняў стаяць сціплыя столікі, якія не надта бяруць на сябе ўвагу. У нас жа рэстаратары ствараюць ледзь не капітальныя пабудовы з дрэва ды шкла. Адкуль такая дзіўная архітэктурная тэндэнцыя, і ці не вынікае яна з патрабаванняў тых ведамстваў, што курыруюць грамадскае харчаванне?

— Усе такія павільёны яшчэ на стадыі праекта зацвярджаюцца гарадскімі архітэктурнымі службамі, і пра дысанансны характар я чую ўпершыню, — кажа Сяргей Іванавіч.

Яшчэ адно спрэчнае пытанне: дадатковыя транспартныя нагрузкі. Як вызначыць, хто ў іх "вінаваты"? Адна справа, калі камерцыйны аб’ект адасоблены ў прасторы ды мае ўласную стаянку: тады можна проста падлічыць, колькі машын на ёй збіраецца. І зусім іншая — калі ён знаходзіцца ў нетрах вялізнага ансамбля, займаючы толькі драбнюткую яго частку.

— Непадалёк ад маёй кавярні зазвычай прыпаркавана мноства машын, але як вызначыць, колькі з іх прыехала непасрэдна да мяне? — пытаецца Сяргей Іванавіч.

Зрэшты, у справе абмежавання транспартных нагрузак не трэба вынаходзіць веласіпед. Як адзначыў Ігар Чарняўскі, розныя эфектыўныя механізмы ўжо паспелі ўкараніць у іншых буйных гарадах. Прыкладам, у Рызе карыстальнік аўто мусіць заплаціць немалую суму, каб праехаць у гістарычны цэнтр. Ёсць і альтэрнатыва: пакінуць машыну за яго межамі ды прайсці колькі соцень метраў пехатой. У Мінску ж ніякіх абмежаванняў няма, і таму прыцягальныя для турыстаў мясціны кшталту плошчы Свабоды або вуліцы Карла Маркса даўно пераўтвораны ў суцэльныя паркоўкі.

Наданне помнікам спадчыны не ўласцівых ім функцый часам адбываецца "не ад добрага жыцця". Прыкладам, гады чатыры таму ў ацалелым флігелі сядзібы Храптовічаў у Шчорсах адкрылася прыватная крамка. Натуральна, ніякіх мер па прыстасаванні зроблена не было: не тыя бюджэты ў гэтага камерцыйнага пачыну... Ды, як падаецца, падобная няпрофільная дзейнасць — усё адно лепш, чым нічога.

— Калі будынак пустуе, ён разбураецца куды хутчэй, чым той, які хоць неяк выкарыстоўваецца, — кажа Ігар Чарняўскі. — Нават адно толькі рэгулярнае праветрыванне памяшкання ўжо ідзе яму на карысць! І таму, без сумневу, згаданая норма не павінна адбіваць прадпрымальнікам ахвоту брацца за праблемныя аб’екты…

Закінутыя гістарычныя будынкі можна сустрэць не толькі дзесьці ў глыбінцы, але і ў цэнтрах буйных гарадоў: Берліна, Рыгі, Кіева... Ды і ў Мінску ёсць пара-тройка праблемных аб’ектаў. І прычына тут, вядома, зусім не ў іх незапатрабаванасці: у сталіцы кожны квадратны метр — на вагу золата! Але, падлічыўшы ўсе выдаткі, сёй-той прадпрымальнік выбірае нейкі іншы варыянт. Прыкладам, зладзіць стылізацыю пад старадаўнюю кавярню ў сучасным доме, дзе можна без праблем зрабіць любую перапланіроўку.

Лішне казаць, што ўкараненне ў паўсядзённасць "забытага" артыкула 47 зусім не надасць інвестыцыйнай прыцягальнасці аб’ектам спадчыны, прытым, што большасць экспертаў і без таго прызнае яе даволі нізкай. А калі ўлічыць, што замежнікі мусяць плаціць у пяць разоў больш за беларускіх прадпрымальнікаў... Тут ніяк не прасочваецца лагічная сувязь з палітыкай краіны па прыцягненні капіталу.

Менавіта таму Ігар Чарняўскі не хавае, што з’яўляецца прыхільнікам адмены практыкі адлічэнняў. На яго думку, гэта дазволіць хаця б больш-менш ураўнаваць умовы паміж тымі прадпрымальнікамі, якія працуюць на "звычайных" плошчах, і арандатарамі аб’ектаў "са статусам".

— Аднак пакуль гэтая заканадаўчая норма існуе, яе належыць выконваць, — тут жа дадаў ён. — І нашай задачай на дадзеным этапе з'яўляецца выпрацоўка больш дэтальных крытэрыяўпа вызначэнні суб'ектаў, якім належыць выплачваць адлічэнні. Хаця разумею, што зрабіць гэта, улічыўшы ўсе нюансы, дастаткова складана.