У 1935 Янка Купала ў складзе дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў і журналістаў наведаў Славакію, якая на той час была часткай Чэхаславацкай Рэспублікі. Вандроўка мела прапагандысцкі характар: яе мэтай было прадэманстраваць у славянскай краіне росквіт нацыянальных (прынамсі, славянскіх) культур народаў СССР пад сонцам сацыялістычнага рэалізму. Зразумела, што члены дэлегацыі паводзілі сябе вельмі абачліва і прытрымліваліся пратакольных рамак. Але, як прынята казаць, разумным людзям не трэба шмат слоў, каб зразумець адно аднаго. Так было і ў часе сумоўя савецкіх ды славацкіх літаратараў. Ёсць сведчанні, што Купала шчыра цікавіўся асаблівасцямі нацыянальна-культурнага і гаспадарчага будаўніцтва ў Славакіі і, відавочна, параўноўваў тое, што бачыў, з тым, што адбывалася ў той жа час у Беларусі.
Выстаўка распавядае пра мясціны, якія наведаў Купала, і пра людзей, з якімі ён сустракаўся. А гэта — слынныя пісьменнікі ды грамадскія дзеячы Славакіі. Сярод іх — Ганна Грэгарава, Ян Понічан, Эла Шандар, Гэйза Вамаш, Янко Алексы. Па сутнасці, дадзеная выстаўка з’яўляецца рэтра-вандроўкай у Славакію, якой яна была паміж дзвюма сусветнымі войнамі, панарамай культурнага жыцця брацкай славянскай краіны ў згаданы перыяд. Хроніка Купалавай вандроўкі адлюстравана ў славацкіх газетных публікацыях той пары.
Сёння ў святле новых гістарычных рэалій цікавы эпізод з Купалавай біяграфіі паўстае знакавай падзеяй у кантэксце беларуска-славацкіх культурных стасункаў.
На здымках: фрагменты экспазіцыі.