Знайсці таленавітых праз Сеціва...

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

Сёння ніводнае структурнае падраздзяленне аддзела культуры, ніводная ўстанова культуры Дубровеншчыны не можа абысціся без інтэрнэт-рэсурсаў. Гэта — крыніца крэатыву і інфармацыі, сродак дзелавых стасункаў. Інакш кажучы, без камп’ютарнай “узброенасці” пра эфектыўнасць нашай працы і казаць не выпадае.

Людміла ДУДАРАВА, начальнік аддзела культуры Дубровенскага райвыканкама

/i/content/pi/cult/430/8911/2-1.jpeg

1. Сеціва запрашае гасцей

Інтэрнэт і электронная пошта дапамагаюць у падрыхтоўцы Міжнароднага фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, які сёлета святкуе 20-годдзе. І пастаянна ў фестывальнай праграме прымаюць удзел мастацкія калектывы з васьмі — дзевяці краін. Менавіта Інтэрнэт дапамагае знайсці ды запрасіць іх, а таксама — вырашыць усе арганізацыйныя пытанні, азнаёміць калектывы з праграмай фестывалю, яго праектамі. Тыя, хто ўпершыню збіраецца наведаць наш горад, імкнуцца не толькі больш даведацца пра яго, але і пазнаёміцца з каментарыямі калектываў, што ўжо прымалі ўдзел у фестывалі. Натуральна, і нам цікава пазнаёміцца з уражаннямі, якія засталіся ў нашых гасцей. Вельмі спадабаўся, да прыкладу, відэаролік “Прыгоды латвійцаў у Беларусі”, які размясцілі ў Сеціве ўдзельнікі фестывалю з горада Краслава.

2. Калі бабуля чытае… рэп

Інтэрнэт — гэта дзейсны сродак рэкламы. Менавіта ў Сеціве можна сустрэць найбольш цікавыя моманты з мерапрыемстваў нашага раённага Дома культуры. Так, пераможца шоу-праграмы “Супербабуля-2012” Таццяна Толчыкава стала папраўдзе знакамітай пасля таго, як фрагмент “візітоўкі”, дзе бабуля чытае… рэп, быў размешчаны ў Інтэрнэце. Яго паглядзела 25 690 чалавек, у тым ліку карыстальнікі з Канады, Украіны, Расіі… Пасля такога рэкорду сюжэты пра “Супербабулю” і пра наш раённы Дом культуры былі зняты на СТБ, АНТ...

Больш за тры тысячы праглядаў — у музычнага нумара, які стаў пераможцам раённай шоу-праграмы “Хвіліна славы”. Доўга абмяркоўваліся ў нашым горадзе рэкламны ролік Клуба маладой сям’і “Гармонія” раённага Дома культуры, асобныя нумары з шоу-праграмы для моладзі “Ідэальны хлопец”... Таленавітая творчая моладзь нашага РДК спрабуе сябе і ў запісах кліпаў, што таксама можна сустрэць у Сеціве.

3. Дык якая вёска — аддаленая?

Інтэрнэт — крыніца інфармацыі. Таму аддзел культуры імкнецца, каб у кожнай сельскай бібліятэцы быў доступ да Сеціва. На сённяшні дзень з 17 бібліятэк аграгарадкоў 14 — камп’ютарызаваны і маюць магчымасць выхаду ў Інтэрнэт, а гэта значыць, што аддаленасць вёскі ўжо не мае вялікага значэння.

4. Выдаём буклеты

Акрамя таго, Інтэрнэт з’яўляецца важнай крыніцай краязнаўчых ведаў. Аддзел маркетынгу ЦРБ падрыхтаваў і выпусціў для агульнага карыстання буклеты “Кляштар бернардзінцаў — нямы сведка гісторыі”, “Цудадзейная крыніца” — пра крыніцу Кіраёўскага гаю, якая ахутана мноствам легенд, “Подзвіг не дзеля славы” — пра героя руска-турэцкай вайны Аляксандра Казарскага.

Асноўная частка інфармацыі, мастацкае афармленне і выяўленчы матэрыял для гэтых выданняў бярэцца з інтэрнэт-крыніц. Так, ужо трэці год аддзел маркетынгу выпускае серыю буклетаў “Беларускія пісьменнікі-юбіляры” з метадычнымі рэкамендацыямі для бібліятэчных супрацоўнікаў.

5. Уся музыка свету

Сеціва дапамагае і Дзіцячай школе мастацтваў пры рэалізацыі розных праектаў. Так да 200-годдзя з дня нараджэння Дж.Вердзі настаўнікі ДШМ распавялі навучэнцам пра яго творчасць. Знаёмства з “Аідай”, “Травіятай” ды іншымі кампазіцыямі адбылося менавіта з дапамогай Інтэрнэту. А ў выніку была арганізавана выстаўка вучнёўскіх работ па творах знакамітага кампазітара.

Другі сумесны праект харэаграфічнага і выяўленчага аддзяленняў ДШМ прадставіў гледачам казку “Прыгоды Бураціна”. З дзіцячых малюнкаў быў створаны фільм, які агучвалі самі дзеці. А потым гледачы з задавальненнем паглядзелі і харэаграфічнае выступленне.