Навошта абсерваторыя для кансерваторыі?

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

У Мінску адбылася Другая Рэгіянальная сустрэча экспертаў з міжнародным удзелам “Пытанні і перспектывы мастацкай адукацыі і адукацыі пры дапамозе мастацтва ў краінах СНД: развіццё творчага патэнцыялу ў XXI стагоддзі”. Яе галоўным вынікам стаўся запуск Абсерваторыі мастацкай адукацыі краін СНД. Паказальна, што першую такую сустрэчу ў 2010-м ладзіла Міністэрства адукацыі Беларусі. Цяперашнюю — Міністэрства культуры. Гэта сведчыць пра зацікаўленасць абодвух ведамстваў ва ўдасканаленні нашай сістэмы адукацыі і развіцці творчага патэнцыялу маладога пакалення ва ўсіх сферах.

Вывучэнне з даручэннем: зрабі паўзу — намалюй “мікст”!

У неабходнасці пашырэння мастацкай адукаванасці грамадства сёння ніхто не сумняваецца. Рыта Ірвін (Канада), які ўзначальвае Міжнароднае супольніцтва “Адукацыя праз мастацтва” (InSEA), звярнуў увагу на розныя суадносіны мастацтва і адукацыі. Бо сутыкненне з мастацтвам на працягу ўсяго жыцця, ва ўсіх узростах нязмушана працягвае працэс адукацыі чалавека, нават калі ён гэтага не заўважае. Выхоўваючы ў чалавеку не толькі эмацыйнасць ды духоўныя якасці, але і ўласна фантазію, мастацтва павышае крэатыўнасць мыслення і тым самым уплывае на жыццё як асобных людзей, так і ўсяго грамадства. Так што яно патрэбна не толькі гуманітарыям, але і тэхнарам — для прыняцця нестандартных рашэнняў! Пра гэта казаў і Мар’ян Прэводнік (Славенія) — старшыня Еўрапейскага рэгіянальнага савета InSEA. Мастацтва не толькі наладжвае ўзаемаразуменне між народамі — яно стымулюе інавацыйны патэнцыял грамадства. Дык можа, з часам і ў рэкламныя ролікі будуць унесены змяненні? Напрыклад, такія: “Зрабі паўзу — схадзі на выстаўку, спектакль ці канцэрт!”. Або яшчэ лепш: “Зрабі паўзу — намалюй і сыграй!”. Бо такое спасціжэнне навакольнага свету “знутры”, праз уласныя мастацкія спробы, дае новае, больш глыбокае, разуменне рэчаіснасці. Новае — і інавацыйнае, як стала модна казаць.

На жаль, да рэкламных слоганаў справа пакуль не дайшла. Затое апошнім часам прымаліся разнастайныя сур’ёзныя дакументы — як унутры кожнай дзяржавы, так і міжнародныя: “Дарожная карта мастацкай адукацыі (Лісабон, 2006 г.), “Сеульскі парадак дня: мэты мастацкай адукацыі (Сеул, 2010 г.). Сярод краін — удзельніц СНД распрацаваны і Канцэпцыя адукацыі ў галіне культуры і мастацтва, і Рэкамендацыі па заканадаўчым забеспячэнні развіцця мастацкай адукацыі. Але працэс гэты павінен быць няспынным — як і сама адукацыя. Вось і на цяперашняй сустрэчы быў складзены афіцыйны дакумент, дзе прадугледжана, што варта рабіць кожнай краіне для далейшага вывучэння ды вырашэння пастаўленых праблем. Прайшоўшы цягам месяца дзяржаўнае ўзгадненне на месцах, План сумесных дзеянняў будзе зацверджаны. Кожная краіна, такім чынам, атрымае сваё “даручэнне”, каб асобныя намаганні былі з’яднаны, а лепшы вопыт — пераняты.

“Мастакоўня”: два ў адным

Вялікі ўнёсак у агульны кошык робіць і Беларусь. Нашы дэлегаты, дарэчы, былі аднымі з самых актыўных, што сведчыла пра іх неабыякавае стаўленне да ўзнятых праблем. Цікавыя прапановы агучваліся імі і ў зале пасяджэнняў, і ў кулуарах. Сярод іх — падключэнне да размовы не толькі тэарэтыкаў ды метадыстаў, але і, найперш, практыкаў, выкладчыкаў, нават саміх студэнтаў. Ці яшчэ: вылучыць у школах адзін кабінет (гэткую “шпакоўню”, няхай нават у падвале ці паддашку) — пад майстэрню для маладога мастака. І дамовіцца, каб ён там, акрамя ўласнай творчай працы, займаўся б з дзецьмі. Тады, маўляў, у школы рынуцца самыя таленавітыя творцы, апантаная моладзь, бо аплачваць арэнду майстэрні сёння не ўсім па кішэні. А тут мастак атрымае “два ў адным”: і месца пастаяннай працы, і месца для сваёй уласнай творчай работы. “Два ў адным” атрымаюць і вучні: і месца для заняткаў, і “персанальную выстаўку” настаўніка, якая дапаможа ім разумець і іншыя жывапісныя палотны. Дадамо, нешта падобнае магло б быць і для музыкантаў — у выглядзе студыі гуказапісу, добрых інструментаў і да т.п.

Між іншым, штосьці з гэтага ўжо рэалізуецца, бо многія праблемы могуць быць вырашаны на месцах. Калі дырэктар школы ўсведамляе значнасць мастацкага складніка ў агульнаадукацыйным працэсе, дык ён мае паўнамоцтвы адкрыць і мастацкую студыю, і музычную — былі б жаданне ды прапанова. Так што ўжо сёння, не чакаючы ўказанняў “зверху”, многае можа рабіцца ў індывідуальным парадку — і з часам стаць масавай з’явай.

Ужо ўлетку, упэўнены доктар філасофскіх навук, прафесар Вадзім Салееў, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў выйдзе часопіс “Артэфакт”, дзе будзе спецыяльны раздзел, прысвечаны мастацкай адукацыі. Так што перадавы вопыт пачне перадавацца яшчэ хутчэй.

Дарослыя — у аўтсайдарах

Адным з самых цікавых і змястоўных быў даклад Алены Гуляевай — кандыдата педагагічных навук, начальніка аддзела ўстаноў адукацыі і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Беларусі. Метадам сацыялагічнага апытання, пытанні якога рассылаліся па розных краінах, яна прааналізавала становішча і вопыт замежнікаў.

Усе эксперты сышліся ў тым, што будучыня — за міждысцыплінарным падыходам, выкарыстаннем розных крыніц фінансавання (бюджэтных, пазабюджэтных, лакальных — іншымі словамі, усіх, якія толькі магчымы), увядзеннем ільгот для розных катэгорый насельніцтва (у некаторых краінах — не толькі для малазабяспечаных катэгорый насельніцтва, але і, да прыкладу, для імігрантаў, каб тыя хутчэй спасцігалі нацыянальную культуру новай для іх краіны).

Высветлілася, што практычна паўсюль у групе аўтсайдараў — дадатковая адукацыя для дарослых. Са свайго боку, заўважу, што ў некаторых краінах гэтая праблема здымаецца праз такую, здавалася б, звыклую ў нас форму, як “клуб па інтарэсах”. Суполка аматараў мастацтва напярэдадні якой-небудзь падзеі (адкрыцця выстаўкі, прэм’еры і г. д.) унікае ва ўсе дэталі будучай з’явы, а потым разам абмяркоўвае пачутае і ўбачанае. Асаблівым попытам карыстаюцца такія “курсы-клубы” сярод жонак палітыкаў ды бізнесменаў, бо сваёй дасведчанасцю, уменнем выказаць слушную думку пра розныя віды мастацтва “чароўныя дамы” ўзнімаюць рэйтынг сваіх мужоў. Штосьці падобнае было і ў нас — да прыкладу, Клуб аматараў оперы, які дзейнічаў пры нашым Вялікім тэатры ў 1980-я. Сёння падобнае згуртаванне маюць прыхільнікі драматычнага мастацтва, праўда, не сярод бізнесменаў, а — пенсіянераў, што дружна прыходзяць на прэс-паказы ды прагоны спектакляў.

Прадстаўнікі краін СНД распавядалі пра ўласныя напрацоўкі. Ва Узбекістане, да прыкладу, узяты дзяржаўны курс на ўмацаванне матэрыяльнай базы дзіцячых музычных школ. Там будуецца ажно 300 новых ДМШ, укамплектаваных добрымі музычнымі інструментамі. Пра выкладчыкаў, якія прыйдуць у гэтыя школы, паклапоцяцца пазней. У Арменіі, наадварот, акцэнтуецца сама асоба педагога, бо за апантаным творчым чалавекам заўсёды пацягнуцца астатнія. У Таджыкістане асаблівую ўвагу надаюць сямейным ансамблям, дзе дзятва навучаецца ў бацькоў. Ва Украіне мастацкія дысцыпліны, як і раней, выкладаюцца ва ўсіх класах школы, а не толькі ў малодшых, як у нас.

Разам з тым, было заўважана, што ніякая колькасць школьных гадзін, адведзеных на заняткі мастацтвам, не перакрые той інфармацыі, якая чэрпаецца з соцыуму. Пакуль мы недаацэньвваем гэта, не вядуцца сацыялагічныя даследаванні дзейнасці тых жа начных клубаў, дыскатэк, праз якія працягваецца “адукацыя” моладзі.

Вучыць ці развіваць — вось дзе пытанне!

Беларусь здаўна ганарыцца тым, што ў нас захавалася добра распрацаваная і апрабаваная яшчэ ў савецкія гады сістэма трохпрыступкавай мастацкай адукацыі. Спачатку — пачатковае навучанне, на ўзроўні дзіцячых музычных, мастацкіх, харэаграфічных школ (паводле цяперашняга азначэння — школ мастацтваў). Далей — сярэдняя спецыялізаваная адукацыя ў гімназіях, вучылішчах, каледжах. Нарэшце, ВНУ мастацкага профілю, пасля чаго ёсць магчымасць далейшага ўдасканалення прафесійнага майстэрства ў магістратуры ды аспірантуры, а да нядаўняга часу — яшчэ і ў асістэнтуры-стажыроўцы (ужо некалькі гадоў як гэтую форму, прызначаную не для навукоўцаў, а для музыкантаў-выканаўцаў, скарацілі). Паступальнасць і паслядоўнасць, калі паміж рознымі прыступкамі існуе пераемнасць, — вось тыя прынцыпы, якія забяспечваюць непарыўнасць адукацыі ў абранай сферы. І ўжо з маленства будучага спецыяліста настройваюць на тое, што ўдасканальвацца ён будзе ўсё жыццё.

Еўрапейскі пункт гледжання на ўсё гэта — прынцыпова іншы: лічыцца, што надта ранні выбар прафесіі можа траўміраваць асобу, абмежаваць шматграннасць развіцця чалавека, прынесці расчараванне ў прафесіі і, у далейшым, незадаволенасць усім сваім лёсам. Да таго ж, калі чалавеку адразу прывіваюцца правільныя прафесійныя навыкі, калі ён з самага пачатку адчувае і разумее ўсю бязмежнасць мастацкага акіяна, дык бывае скаваны ў творчых фантазіях, не асабліва схільны да пошуку ўласных шляхоў: маўляў, чаго шукаць, калі ўсё знойдзена і ўсе даўно ведаюць, як рабіць правільна?

Захад настойвае на наступным прынцыпе: зацікавілася чымсьці дзіця — няхай паспрабуе. А раптам яго зацікавіць штосьці іншае, нават супрацьлеглае? Няхай паспрабуе і гэта. У выніку на нечым спыніцца, а галоўнае — будзе ўмець усё: граць патроху на розных інструментах, маляваць, танцаваць і г. д. Чым не рознабаковая асоба? А калі раптам пацерпіць фіяска ў якой-небудзь сферы, дык без асаблівага псіхалагічнага бар’ера пяройдзе да іншай прафесіі, не “зацыкліваючыся” на думках, што ўсё жыццё прайшло дарма.

Уласна кажучы, кожная з сістэм мае свае плюсы і мінусы. Пэўна, найбольш плённым было б спалучаць іх, шукаючы індывідуальны падыход да кожнага чалавека. Заўважу, што, на маю думку, аднабаковае развіццё сістэмы ранняй адукацыі прывяло да таго, што ў нашай краіне, як і на ўсёй постсавецкай прасторы, было ўзрошчана больш высакакласных акадэмічных музыкантаў, чым… іх зацікаўленых слухачоў, дасведчаных аматараў, горача ўлюбёных у мастацтва і схільных падтрымліваць яго, у тым ліку — грашыма. Разам з тым, страчваць заваёвы добрай падрыхтоўкі спецыялістаў было б немэтазгодна: разбурыць — заўсёды прасцей, чым адбудаваць наноў. Але канчатковага рашэння па гэтым пытанні пакуль не знойдзена. Можа, дапаможа Абсерваторыя?

Абсерваторыя для вырошчвання зорак

Само слова “абсерваторыя” азначае не толькі разгляданне зорак у тэлескоп. Яно перакладаецца як “установа, дзе навукоўцы штосьці назіраюць, вывучаюць і аналізуюць”.

Прэзентацыя і запуск Абсерваторыі мастацкай адукацыі краін СНД сталася кульмінацыяй усяго мерапрыемства. Гэты інфармацыйны рэсурс (buk.by/cd/) утрымлівае навіны, навуковыя распрацоўкі, праекты дзесяці краін свету. Права каардынаваць Абсерваторыю перададзена Інстытуту мастацкай адукацыіі Расійскай акадэміі адукацыі. Карыстайцеся!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"