“Ткалі ўсе жанкі майго роду...”

№ 50 (816) 15.12.2007 - 21.12.2007 г

Падыходзіць да завяршэння вялікае, грунтоўнае і вельмі змястоўнае мерапрыемства, над якім культработнікі вобласці працавалі цягам двух гадоў. Адным з вынікаў Года традыцыйнага ткацтва стала выстаўка, якая зараз праходзіць у абласным цэнтры народнай творчасці. Экспанаты яе — гэта пераважна тое, што яшчэ збераглося ў бабуліных куфрах. А знойдзена ў іх надзіва шмат — даваенныя, пасляваенныя тканыя вырабы і нават старадаўнія, стогадовай даўніны.

 /i/content/pi/cult/141/891/Tkali-zhanki1.jpg

Удзельніцы калектыва “Суботка” з Лагойшчыны.

— Абвяшчаючы Год традыцыйнага ткацтва, — распавядае каардынатар праекта, вядучы метадыст аддзела традыцыйнага мастацтва Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Наталля Сухая, — мы мелі на мэце, з аднаго боку, даследаваць і зрабіць сучасны зрэз стану ў вобласці гэтага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, актывізаваць работу майстроў, з другога — павысіць статус ручнога ткацкага рамяства сярод насельніцтва.
На жаль, не заўсёды цэняцца вырабы продкаў. У дачыненні да гэтых рэчаў у нас не надта развіта такое паняцце, як сямейная рэліквія. Бываючы ў экспедыцыях, мне неаднаразова даводзілася бачыць, што старыя тканыя посцілкі валяюцца пад нагамі, імі мыюць аўтамабіль, жанчына абрэзкам старадаўняга галаўнога ўбору — наміткі дастае гаршчок з печы.
Падрыхтоўку да Года ткацтва на Міншчыне пачалі яшчэ летась. Распрацавалі апытальнік на гэтую тэму больш чым з 60 пытанняў.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел усе клубныя ўстановы вобласці. Некаторыя рэспандэнты адказвалі на дасланыя пытанні сцісла, але былі і такія, як, да прыкладу, мастацкі кіраўнік Падлескага СДК са Случчыны Сяргей Шпак, які даслаў у адказ сапраўднае даследаванне, нават з замалёўкамі і эскізамі. У раёнах былі зладжаны тыдні традыцыйнага ткацтва, на працягу якіх праходзілі сустрэчы жыхароў з майстрамі, майстроў з дзецьмі, гутаркі пра ткацтва, яго тэхналогіі і рэгіянальныя асаблівасці, рабіліся выстаўкі сабраных рэчаў. Больш шырока Год ткацтва адзначаўся ў Капыльскім і Старадарожскім раёнах, дзе традыцыйна праводзяцца святы-конкурсы па гэтым відзе народнага мастацтва. У Капылі ён завяршыўся нават не тэматычным тыднем, а фестывалем.
Згаданую ж выстаўку ткацтва ў Мінску недарэмна называлі мастацкай картай вобласці. Тканыя посцілкі, ручнікі, сурвэткі, адзенне прадстаўлены на ёй па раёнах. Па ёй можна прасачыць і рэгіянальныя асаблівасці, і тое, чым адрозніваюцца працы розных часоў, і як рэгіянальная традыцыя асімілявала запазычаныя ўзоры. Як тлумачылі спецыялісты, вельмі шмат праблем у сучасным ручным ткацтве, звязаных нават не з майстэрствам, а з недахопам традыцыйных матэрыялаў, фарбавальнікаў. Сучасныя анілінавыя ні ў якое параўнанне не ідуць з вытанчанымі прыроднымі фарбамі. Наўрад ці можа штосьці параўнацца з чароўным спалучэннем колераў, карункаў і ўзораў рэчаў традыцыйнага ручнога ткацтва. Ды ўвогуле прыгажосць — гэта найперш тое, што экалагічна. Таму настолькі і ўражваюць падобныя выстаўкі.
На адкрыцці той, аб якой размова, з працэсам апрацоўкі ільну, з народнай музыкай,
 /i/content/pi/cult/141/891/Tkali-zhanki2.jpg
Экспанаты выстаўкі

традыцыйнага ткацтва Міншчыны.

танцамі, спевамі, дэманструючы традыцыйныя вячоркі-попрадкі, знаёміў усіх прысутных цудоўны народны калектыў “Суботка” з вёскі Гайна Лагойскага раёна. Аснову яго складае гурт вяскоўцаў старэйшага пакалення — сваякоў і суседзяў. Да іх далучыліся спявачкі сярэдняга ўзросту, а потым — усё-ткі дае плён сумесная праца культуры і адукацыі — далучыліся і дзеці.
Прыцягвае ўвагу сімвалічнае дрэва жыцця ў цэнтры залы традыцыйных для Случчыны і прылеглых рэгіёнаў бела-блакітных адценняў, якія прадставіла ўзорная студыя “Лянок” з Салігорскага цэнтра дзіцячай творчасці. Ужо 20 гадоў кіруе гэтай студыяй вядомая ў вобласці майстрыха Валянціна Кучынская. У дрэве жыцця — праца пяці пакаленняў яе сям’і (малодшай ткачысе — 8 гадкоў). На пытанні пра ўсё гэта Валянціна Паўлаўна, да майго здзіўлення, адказала вершамі ўласнага сачынення: “Ткалі ўсе жанкі майго роду. Бабуля, дзве цёткі, матуля. І я сярод іх круцілася... Дзяцей мабыць 500 прайшло праз “Лянок”. Сярод іх былі мае дзеці — дачка і сынок. А зараз унучка-гарэза, якая толькі што мне замінала — здавалася, гены продкаў прапалі тут — ажно не: на конкурсе ткацтва атрымала дыплом “За ўдалы дэбют”.
Старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута, ад якога часцей можна пачуць, што недастаткова яшчэ робіцца для адраджэння традыцыйнага народнага мастацтва, на гэтай выстаўцы казаў, што ў захапленні ад зробленага культработнікамі Міншчыны.
— Сучаснае пакаленне, — дзяліўся ён сваімі думкамі, — вырасла ўжо ў іншых умовах. А вось нам давялося бачыць, як 20-30 гадоў таму традыцыйныя рамёствы занепадалі. Лічылася, што гэта атрыбуты ўчарашняга дня, што ўсё за нас зробяць машыны, усё заменяць фабрычныя рэчы — такія зручныя, адносна танныя, па-свойму прыгожыя. У тыя часы даволі часта даводзілася чуць ад майстрых, якія яшчэ заставаліся: “Не хачу такой сучаснасці! Не хачу глядзець “Рабыню Ізаўру” — ад яе галава баліць. А вось за кроснамі галава не баліць”. На шчасце, зараз, — працягваў Яўген Міхайлавіч, — мы назіраем адваротны працэс.
На мерапрыемствах з нагоды Года традыцыйнага ткацтва на Капыльшчыне я даведаўся, што, апроч усяго іншага, тамтэйшыя культработнікі падрыхтавалі больш за 20 навуковых прац па гэтай тэме. А што да майстроў традыцыйнага ткацтва старэйшага пакалення, дык сёння яны нарасхоп — іх запрашаюць выкладаць у гуртках цэнтры рамёстваў, Дамы культуры, агульнаадукацыйныя школы. Іншыя краіны зайздросцяць нам, што ў нас яшчэ ёсць жывыя майстры, якія пераймалі спрадвечную народную традыцыю ад уласных бацькоў і дзядоў. Гэтыя майстры, можа нават і нечакана для саміх сябе, аказаліся героямі святаў. Бо мастацтва, якім яны валодаюць, ніколькі не супярэчыць навукова-тэхнічнаму прагрэсу, але, ажыўляючы сучасны інтэр’ер, упрыгожвае жыццё і нагадвае пра нашы карані.
Год ткацтва на Міншчыне завершыцца навуковай канферэнцыяй з гэтай нагоды, якая будзе працаваць 17 снежня.

Наталля РУСАК
Фота аўтара