Яна ажыўляе казкі

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

Мінск: конкурс прафесіяналаў

Шэсць таленавітых, адважных і крэатыўных дзяўчат паспрабавалі даказаць, што яны яшчэ і дасведчаныя бібліятэкары. Конкурс прафесійнага майстэрства праводзіў міжведамасны гарадскі бібліятэчны савет.

Прадстаўніцы трох сталічных універсітэтаў — БДЭУ, БДПУ імя М.Танка і БНТУ — сустрэліся з супрацоўнікамі Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк, Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк і Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.

Па напружанасці спаборніцтва, насычанасці конкурснай праграмы і атмасферы хоць і сяброўскага, але ўсё ж такі змагання конкурс “Лепшы па прафесіі-2013” можна параўнаць хіба што з фіналам Вышэйшай лігі КВЗ. Праўда, у нас пад час падліку галасоў выступалі яшчэ і студэнткі БДУКіМ, падтрымлівалі песнямі дзяўчынак — намінантак на ганаровы тытул.

Пасля першага і, мабыць, аднаго з самых важных конкурсаў — “Візітоўкі” — стала зразумела, што барацьба будзе сур’ёзная. Але фаварыт вызначыўся адразу: Марына Петрашкевіч — сціплая, таленавітая і вынаходлівая, якая ўсе свае ідэі ды задумы з задавальненнем увасабляе ў Дзіцячай бібліятэцы № 8. Але і іншыя бібліятэкары прыемна здзівілі: і песні, і відэаролікі, і проста яркія прэзентацыі — усё стыльна, цікава, тэматычна разнастайна.

Перамагла ўсё ж Марына. Ейныя творчыя праекты радуюць дзетак, здзіўляюць дарослых — словам, павялічваюць колькасць чытачоў. Марына ажыўляе казкі, ахвотна піша артыкулы і кнігі пра бібліятэку, будуе хатку з... палачак ад марозіва, дзе потым жывуць героі кніг, прыдумляе захапляльныя прыгоды, якія заўсёды звязаны з чытаннем... І яшчэ шмат-шмат усяго.

Віншуем пераможцу! А таксама — яе дастойных канкурэнтак, што заваявалі “срэбра” і “бронзу”, — Вольгу Журомскую з БДПУ імя М.Танка ды Аксану Кухарэнка з Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк Мінска. І — запрашаем усіх у бібліятэкі: на свае вочы ўбачыць, што дзяўчаты-бібліятэкары — сапраўды прафесіяналы ды выдумшчыцы!..

Вікторыя БАРОДЗІЧ, метадыст аддзела маркетынгу ЦГДБ імя М.Астроўскага