Музычныя скарбы “Хрустальнай катрынкі”

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

Гэты кампазітар мае сваё, адметнае, месца ў беларускай музычнай прасторы. Валерыя Карэтнікава ведаюць як аднаго з найбольш яркіх кампазітараў, якія працуюць у галіне камерна-інструментальных жанраў. А таксама — як чулага і захопленага сваёй справай педагога, што шмат гадоў выкладае кампазіцыю ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай акадэміі музыкі. Ягоныя шматлікія вучні больш за сорак разоў станавіліся лаўрэатамі нацыянальных ды міжнародных конкурсаў.

Пацвярджэннем гэтага стаўся і творчы вечар Валерыя Іванавіча, які напрыканцы мая ладзіўся Культурна-асветніцкім аб’яднаннем “Ператварэнне” (“Преображение”), што існуе пры Расійскім цэнтры навукі і культуры.

Месца сустрэчы кампазітара з ягонымі слухачамі — сам Цэнтр — было абрана невыпадкова. Кампазітар нарадзіўся ў апошні перадваенны год у Чэлябінску. Але ўсё яго творчае жыццё звязана з Беларуссю. Шлях да прафесіі аказаўся нялёгкім і пакручастым. Валерый Карэтнікаў пачаў займацца музыкай толькі ў 15 гадоў. Спачатку асвоіў ігру на мандаліне, а потым, самастойна, і на скрыпцы. У 1958-м праслухоўваўся ў Мінскае музычнае вучылішча і быў прыняты ў клас вядомага кампазітара Яўгена Глебава. А педагогам Карэтнікава ў кансерваторыі быў Пётр Падкавыраў, які таксама родам з Чэлябінска. Музыканту і педагогу давялося шмат павандраваць па тагачасным СССР і самой Беларусі, перш чым ён атрымаў магчымасць заняцца творчасцю: Калініград, Магілёў, Маладзечна, нарэшце, Мінск...

/i/content/pi/cult/430/8904/2-3.jpeg

Валерыя Іванавіча ведаю даўно. Ён нагадвае мне прафесара Паганэля з рамана “Дзеці капітана Гранта” Жуль Верна: такі ж задуменны, крыху забыўчывы, наіўны. І — не па-сучаснаму перакананы ў перамозе дабра над злом, вечных каштоўнасцей — над штодзённай мітуснёй, у марнасці пошукаў багацця і славы…

Паміж кампазітарам і ягонымі творамі існуе, на маю думку, моцны кантраст. Сам ён — чалавек ураўнаважаны, дасціпны, а яго музыка  — экспрэсіўная і няпростая, нават калі яе выконваюць дзеці. У ёй шмат віртуознасці і бляску, унутранай дынамікі, змен эмацыйнага стану. У ліку лепшых твораў Валерыя Іванавіча — ягоныя камерныя сачыненні. Толькі п’ес для фартэпіяна больш за 80! А яшчэ існуюць санаты, трыа для розных складоў выканаўцаў. Невыпадкова іх з ахвотай і імпэтам выконваюць і прафесійныя музыканты, і юныя навучэнцы дзіцячых музычных школ. Прычым гучаць сачыненні Карэтнікава больш як у 15 краінах. Сярод іх — блізкія нам Расія, Украіна, краіны Прыбалтыкі, а таксама больш далёкія Швейцарыя, Галандыя, Італія, Кітай, Малдова і Казахстан. Фактам прызнання можна лічыць і тое, што ў 2008 годзе ў Пецярбургу быў выдадзены аўтарскі зборнік кампазітара — “Хрустальная катрынка”. Творы з яе нядаўна выконваліся ў ЗША на адным з міжнародных конкурсаў.

Багаццем рытмаў, тэмбраў, меладычных малюнкаў прываблівалі Скерцына № 1 для фартэпіяна, Трыа для скрыпкі, віяланчэлі і фартэпіяна. Дарэчы, апошні твор прысвечаны памяці вядомага віяланчэліста Мікалая Шчарбакова. Кампазітар з ахвотай прысвячае свае сачыненні блізкім па духу асобам. Так, інструментальная “Забытая мелодыя” прысвечана жонцы, Людміле Карэтнікавай, лірычная паэма “Флейстыст” — вядомаму музыканту Сцяпану Сізко.

У інструментальных творах, Трыа, п’есах для дзвюх скрыпак і фартэпіяна (“Канон у старадаўнім стылі”, “Забытая мелодыя”, “Полька”) адметнымі падаліся арыгінальнасць мыслення, дакладнае адчуванне тэмбру кожнага інструмента. Іх пасыл успрымаўся як кранальная і трапяткая размова душ. Разнастайнымі па настроях, рытмах і эмоцыях вылучаліся Пяць п’ес з дзіцячага цыкла “Хрустальная катрынка”, якія ўвасобіла піяністка Вольга Сізко-Габрыэлян.

Многія сімфанічныя творы кампазітара яшчэ чакаюць увасаблення. А самым значным сваім сачыненнем сам ён лічыць балет “Дзюймовачка”. На вечары прагучала і п’еса “Ластаўка”, якой уласціва яркая выразнасць, размаітасць інструментальных фарбаў, што ўвасаблялі лёгкасць, палётнасць, трымценне птушыных крылаў.

Апошнім часам у Карэтнікава з’явілася шмат вакальных сачыненняў, сярод якіх пераважаюць песні і рамансы. Некаторыя з іх выконваліся на творчым вечары ў Цэнтры. Шмат вакальных сачыненняў прагучала ў інтэрпрэтацыі Алены Калігаевай, артысткі хору оперы: два рамансы на словы Леаніда Путырскага (“Успамінаючы сосны” і “Бывай, зіма!”), песня “Сіняя птушка” і іншыя. Дадам, што вечар вяла кампазітар Эла Андрэенка, якая таксама лічыць сябе выхаванкай Валерыя Іванавіча. А сама імпрэза была прымеркавана да святкавання 1150-годдзя славянскай культуры і пісьменства.

Таццяна МУШЫНСКАЯ

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА