Адарвацца ад зямнога прыцяжэння...

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

Нехта сказаў, што “стыхія любові ўкладваецца толькі ў рамкі паэзіі”. Дадамо: і ў рамкі выяўленчага мастацтва — таксама. Менавіта такога мастацтва, якому прысвяціў сваё кароткае, але іскрамётнае жыццё выдатны літоўскі графік Стасіс Красаўскас, чыя выстаўка твораў адкрылася 22 мая ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Вядома трывіяльная фраза: жыццё поўніцца парадоксамі. Але менавіта так і ёсць. За год да сыходу ў іншы свет 48-гадовы Стасіс зрабіўся лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР, у год смерці — народным мастаком Літвы, хаця “народным” па сутнасці сваёй ён стаў яшчэ ў 1960-я...

Мая першая сустрэча з Красаўскасам адбылася ў Мінску, калі ў Беларусі ўпершыню — у 1974-м — праводзіліся Дні культуры Літвы. З таго часу мы пасябравалі, потым сустракаліся і ў Маскве на розных мастацкіх мерапрыемствах, і, канешне ж, у яго родным Вільнюсе.

/i/content/pi/cult/430/8903/2-1.jpeg

С.Красаўскас. "Мара (з цыкла "Акно")".

Беражліва захоўваю два цудоўныя альбомы “STASIS KRASAUSKAS. Grafika” і “STASIS KRASAUSKAS. Moters gimimas”, якія мне падарыў мастак у час нашых сустрэч. Як рэліквія застаўся ў першым яго альбоме памятны аўтограф: “Дорогому Борису! Надеюсь, наши встречи-связи будут продолжаться много лет! На память о хорошем начале. Стасис Красаускас. Минск. 74 — III — 28”. У другім альбоме — такі надпіс: “Борису К. На память о Декаде и о наших встречах. Минск. 74 — III — 29”.

Стасіса не стала праз тры гады, 10 лютага 1977-га... І вось — новая сустрэча. Доўгачаканая сустрэча з яго цудоўнымі творамі (каля 50 станковых аркушаў у розных тэхніках і кніжная графіка), прывезенымі з Літоўскага мастацкага музея. Стасіс — маэстра паэтычнай метафары ў станковай і кніжнай графіцы, прафесіянал высокай пробы. Яго крэда: “Наш час патрабуе ад мастака асаблівага лаканізму. І я імкнуся не загрувашчваць свае кампазіцыі лішнімі дэталямі, не перагароджваць гледачу шлях да пошуку эмацыйнай унутранай сутнасці той або іншай з’явы, якую адлюстроўваю…”. Сапраўды, ён, акрамя ўсяго іншага, што звязана з унікальным прафесіяналізмам, часцей за ўсё абапіраўся на сучасны асацыятыўны прынцып: не дагаворваць да канца, а прадастаўляць чытачу або гледачу шырокую прастору для ўяўлення, фантазіі, разваг. Словам, для няпростай работы думкі…

Прадстаўленыя ў экспазіцыі серыі “Акно”, “Рух”, “Імкненне”, “Нараджэнне жанчыны”, “Вечна жывыя”, вельмі выразныя ілюстрацыі да “Санетаў” Шэкспіра, а яшчэ аўтацынкаграфія “Юнацтва”, тая самая, што калісьці з’яўлялася эмблемай савецкага часопіса “Юность”, — толькі маленькая частка вялікай і чароўнай спадчыны мастака. Асобая прывабная музычнасць лініі, “дзівосная” разнастайнасць чорнага і белага, глыбокая філасофія аўтарскага мыслення, метафарычная экспрэсія рытмаў, — вось толькі некаторыя якасці яго лепшых графічных твораў, дасканаласць якіх і сёння застаецца непераўзыдзенай.

/i/content/pi/cult/430/8903/2-2.jpeg

С.Красаўскас. "З цыкла "Вечна жывыя".

Стасіс Красаўскас за свае нядоўгія гады жыцця паспеў зрабіць неймаверна многа. Цяпер цяжка ўсвядоміць, што адзін чалавек мог ствараць бліскучыя гравюры і малюнкі, спяваць у прафесійнай оперы, выкладаць у мастацкім інстытуце і здымацца ў кіно, маляваць шаржы для гумарыстычнага часопіса, вандраваць па свеце і збіраць народныя песні, гучна сустракаць сяброў за бутэлькай віна ці куфлем піва пад цэпеліны... А яшчэ ён быў чэмпіёнам краін Балтыі па плаванні, і за гэты від спорту вельмі паважаў неаднаразовага алімпійскага чэмпіёна канца 20-х гадоў мінулага стагоддзя Джоні Вайсмюлера — знакамітага Тарзана…

Стасіс запомніўся мне і як дасціпны жартаўнік, які цудоўна расказваў анекдоты, але адначасова мякка адстойваў свае жыццёвыя ды мастакоўскія пазіцыі. Апошнім разам я гутарыў з ім за некалькі месяцаў да ягонага ад’езду ў Маскву, на лячэнне ў Крамлёўскую бальніцу. Я рыхтаваў экспазіцыю беларускага жывапісу ў вільнюскім Палацы мастацтва, і напрыканцы дня мы са Стасісам спусціліся ў шынок “Локіс”. За кілішкам каньяку пацякла няспешная гутарка. Адно з маіх пытанняў было пра тое, што ж ён ведаў пра беларускую паэзію, бо сапраўдная паэзія наогул была яго ўлюбёным “аб’ектам” для ілюстравання, у адрозненне ад прозы. Ён адказаў: “Мне сорамна, але — вельмі мала. Чытаў Купалу. Ведаю яго “Паўлінку”, якая была ўпершыню пастаўлена менавіта ў Вільні. Яшчэ ведаю, што Купала некалькі гадоў працаваў у газеце “Наша ніва”, якая выходзіла ў Вільні. Чытаў па-руску Максіма Багдановіча: падобны да Лермантава, толькі мякчэйшы... Песні беларускія люблю, асабліва — народныя... Вось у вас, у Мінску, нядаўна з’явіліся “Песняры” — унікальны ансамбль, думаю, з вялікім будучым...” А яшчэ Стасіс сказаў мне дзіўныя словы: “Ведаеш, Барыс, хутка надыдзе той час, калі Літва стане той Літвой, якую з самага пачатку задумаў Бог”. “А чым табе і твайму народу кепска?” — здзіўляўся я. — “Не хапае свайго паветра, свежага ветру...”

Тады, канешне ж, я не ўнікнуў у гэтую фразу і прыняў яе проста як эфектную метафару. Мінула трынаццаць гадоў, калі Літва стала першай з савецкіх рэспублік, якая абвясціла сваю незалежнасць. Але Стасіс да гэтага свята не дажыў...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"