Грань абстракцыі

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

У лабірынце іншай рэальнасці

У галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі экспануюцца нефігуратыўныя, інакш кажучы — абстрактныя, жывапіс і графіка. Выстаўка мае назву “Іншая рэальнасць”.

Паводле амбіцыйнай задумы арганізатараў экспазіцыя павінна адлюстраваць сённяшні стан гэтага кірунку мастацтва ў краіне, высветліць, ці глыбока ўкаранёны абстракцыянізм у наша культурнае поле і, адпаведна, ці мае ён у Беларусі перспектыву. Звычайна адэпты нефігуратыўнага мастацтва для абгрунтавання сваіх амбіцый і права на пачэснае месца ў культурнай прасторы спасылаюцца на шляхетны радавод, згадваюць імёны Кандзінскага, Малевіча, Мандрыяна, Брынкуша ды іншых стваральнікаў эстэтыкі ХХ стагоддзя. І насамрэч, абстракцыянізм, які ад пачатку ўспрымаўся рэвалюцыйнай альтэрнатывай артадаксальнаму рэалізму, што, як падавалася, адпрацаваў свой рэсурс, сам за стагоддзе паспеў забранзавець і напрацаваць ўласную сістэму эстэтычных штампаў і канонаў. Сказаць новае слова ў абстракцыянізме сёння так сама цяжка, як і высветліць новую грань рэалізму. І на тым, і на гэтым полі ўсё ўжо было… Прынамсі, так здаецца. Удзельнікі ж выстаўкі спрабавалі гэтую тэзу абвергнуць. Атрымалася ці не, няхай вырашае глядач.

/i/content/pi/cult/430/8902/1-5.jpeg

А.Плясанаў. "Шукальнікі сэнсу".

Асабіста ж у мяне на вернісажы было пачуццё, нібыта я трапіў у мінулае, апынуўся на мяжы 1980 — 1990-х. Збольшага тыя ж аўтары, тыя ж вобразы. Рэтра. Але тады гэта хвалявала, правакавала спрэчкі і дыскусіі, сёння ж пакідае амаль што абыякавым. Зрэшты, не сакрэт: усялякая навацыя, якая не здолела стаць “вялікім стылем” эпохі ці хаця б заняць афіцыёзную нішу, мусіць пасунуцца на ўскраіну, у маргіналы, у суб’ектывізм.

Разам з тым, выстаўка можа прывабіць гледача ужо хаця б з той прычыны, што на ёй прадстаўлены работы мастакоў відавочна таленавітых. Яны цікавыя не як адэпты пэўнай плыні, а як асобы з уласным бачаннем свету. Гэта творцы розных пакаленняў. Сярод іх — Мікола Бушчык, Сяргей Давідовіч, Уладзімір Клімушка, Андрэй Савіч, Фёдар Ястраб, Аляксандр Забаўчык, Сяргей Лапша ды іншыя. Выстаўка лічыцца рэспубліканскай, але дамінуюць на ёй мінчане. Тым больш прыемна адзначыць удзел у ёй віцябчан. Для віцебскіх мастакоў, прыхільнікаў нефуратывізму, Казімір Малевіч — не толькі брэнд, але і хросны бацька. У той час як большасць нашых абстракцыяністаў аддае перавагу рэфлексіўнай спантаннасці, віцябчане спрабуюць быць канцэптуальнымі. Горад на Дзвіне прадстаўлены ў экспазіцыі 26-ю творамі Валянціны Ляховіч, Віктара Шылко, Алены Гурынай, Алеся Фалея…

Рэальнасць, што экспануецца ў “Лабірынце”, і насамрэч “іншая”: гэта значыць, адрозная ад той, з якой мы сутыкаемся штодня. Разам з тым, яна дазваляе ўбачыць звыклае ў іншым святле…

П.В.