Рэліквіі ад продкаў

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

“Партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага” — унікальная выстаўка старажытных твораў з музеяў Львова і Луцка, працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі...

/i/content/pi/cult/430/8901/1-4.jpeg

Ксаверы Дамінік Гескі (каля 1810 г.). "Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1732 — 1798 гг.)".

“Партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага” — так называецца ўнікальная выстаўка работ з музеяў Львова і Луцка, якая адкрылася 8 мая ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. А побач — таксама з Украіны, са збору Львоўскага гістарычнага музея, — чатыры слуцкія паясы, створаныя на розных мануфактурах Рэчы Паспалітай напрыканцы XVIII — на пачатку XIX стагоддзя.

Дзіўная экспазіцыя! Душа радуецца, калі бачыш гэтыя бясцэнныя і непаўторныя скарбы, якія калісьці належалі нашым продкам. І, у той жа час, асабіста ў мяне ўзнікае нейкая патаемная журба-туга: божа мой, чаму так здарылася, што наша ўнікальная духоўная спадчына, на якой амаль шэсць стагоддзяў горда і незалежна трымалася зямля ВКЛ, аказалася ў рэшце рэшт раскіданай па розных кутках планеты? Так, камяні лягчэй раскідваць, чым іх збіраць... Ну дык вось, у апошнія дзесяцігоддзі надышоў час збірання беларусамі гэтых “камянёў”: маю на ўвазе не толькі “вяртанне імёнаў” выдатных мастакоў, якія па волі лёсу апынуліся за мяжой сваёй радзімы, але і “вяртанне” з нябыту помнікаў культуры, архітэктуры, гісторыі. Канешне ж, многае знікла ўвогуле, многае аказалася за мяжой — у музеях ды прыватных калекцыях. І таму любому, хаця б часоваму, “вяртанню” на Беларусь гісторыка-культурных рэліквій, якія сёння належаць іншым краінам, мы радуемся і ў душы... ганарымся хаця б тым, што гэтыя рэліквіі калісьці былі створаны рукамі нашых прашчураў і фарміравалі высокую эстэтыку жыцця нацыі.

/i/content/pi/cult/430/8901/1-2.jpeg

Пояс двухбаковы (к. XVIII — пач. ХІХ стст.).

У мінулыя гады мы, у асноўным, бачылі аналагічныя выстаўкі такіх мастацкіх каштоўнасцей, прывезеных з Расіі і Літвы (галоўным чынам — слуцкія паясы і жывапіс). Сёння наша госця — Украіна. У ёй таксама шмат “слядоў” нашай гісторыі часоў ВКЛ. А гэтая эпоха ў летапісе беларускага этнасу мае вырашальнае значэнне, бо былі сфарміраваны і беларуская мова ды пісьменства, і кнігадрукаванне, і архітэктура ды іканапіс і г.д.

Выстаўка сапраўды выдатная. Гістарычнаму музею і Нацыянальнай галерэі мастацтва Львова, Валынскаму краязнаўчаму музею, маючы такое багацце, ёсць чым ганарыцца. Значная частка партрэтаў прадстаўляе дзяржаўных дзеячаў і палкаводцаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай: ад Уладзіслава Ягайлы, пачынальніка дынастыі Ягелонаў (1388 г.), і да апошняга караля вялікай незалежнай дзяржавы — Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Мы бачым тут вялікіх гетманаў ВКЛ Міхала Казіміра Радзівіла “Рыбаньку” (тры партрэты), Канстанціна Астрожскага, таго самага, які ўзначальваў войска ў Аршанскай бітве 1514 года, Людвіка Канстанціна Пацея, Льва Іванавіча Сапегу — рэдактара Статута ВКЛ (1588 г.), вялікіх князёў Стэфана Баторыя, Жыгімонта III Вазу, Аўгуста II Моцнага, Аўгуста III. А яшчэ — партрэты розных віленскіх ваявод і маршалкаў ВКЛ.

/i/content/pi/cult/430/8901/1-3.jpeg

Невядомы мастак 2-й пал. XVIII cт. "Барбара Радзівіл (каля 1520 — 1551 гг.)".

Большасць выяў Сангушак, Сапегаў, Тышкевічаў, Пацеяў, магчыма, яшчэ мала вядомая беларускаму гледачу. Канешне ж, тон экспазіцыі задаюць вобразы прадстаўнікоў магнацкага роду Радзівілаў, што зразумела. Асаблівую увагу гледача (сам назіраў!) прыцягваюць непараўнальныя жаночыя партрэты: Тэафіліі Вішнявецкай з роду Ляшчынскіх, вядомай Барбары Радзівіл, Марыі Казіміры дэ Лангранж д’Арк’ен (жонка караля Яна Сабескага), Крысціны Людвікі з Пацеяў, Элеаноры Марыі Аўстрыйскай — усе прыгажуні, гордыя, незалежныя, часам непраглядныя для чужога вока і, у той жа час, надзіва жаноцкія.

У іншай зале НММ прадстаўлены чатыры слуцкія паясы канца XVIII — пачатку XX ст. з калекцыі Львоўскага гістарычнага музея. Гэта — два паясы Слуцкай мануфактуры часоў творчага жыцця майстра Лявона Маджарскага (1740 — 1811 гг.) з меткамі “В граде Слуцке”, у якіх таленавіта выкарыстаны раслінны арнамент у выглядзе букетаў кветак, сярэбраныя і залатыя ніткі. Трэці пояс зроблены ў традыцыях Слуцкай мануфактуры на фабрыцы Францішка Маслоўскага ў Кракаве. Чацвёрты — не мае сігнатур, але па інтэнсіўнасці колеру, па прапорцыях і вытанчаным малюнку вельмі падобны на кунтушовыя паясы Лявона Маджарскага.

Што і казаць, выстаўкі не толькі ўжо сталі значнай падзеяй у мастацкім жыцці нашай краіны — з пункта гледжання мастацка-эстэтычных якасцей унікальных экспазіцый, — але і з’явіліся яшчэ адным пасылам для далейшага ўмацавання культурных сувязей сучаснай Беларусі з брацкімі народамі Украіны, Літвы і Польшчы.

Б.К.