Падзарадка з космасу

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

23 кастрычніка 2012 года ў 14 гадзін 51 хвіліну 12 секунд з касмадрома “Байканур” стартаваў касмічны карабель “Саюз ТМА-06М”. Экіпаж карабля: Алег Навіцкі — камандзір карабля, Кевін Форд — бортінжынер (ЗША) і Яўген Тарэлкін — бортінжынер. 16 сакавіка 2013 года ў 7 гадзін 5 хвілін 41 секунду экіпаж “Саюз ТМА-06М” прызямліўся ў раёне горада Аркалык. Алег Навіцкі, Яўген Тарэлкін і амерыканец Кевін Форд працавалі на арбіце больш за 143 сутак.

— Зайдзі да мяне, — голас Івана Міско ў тэлефоннай слухаўцы быў трывожны і ўрачысты.

Майстэрня народнага мастака Беларусі размяшчаецца ў Мінску па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Цяпер гэта — майстэрня-музей.

У майстэрні быў госць — малады чалавек з адкрытай усмешкай, светлавалосы, з ветлівым позіркам.

/i/content/pi/cult/430/8896/1-2.jpeg

Алег Навіцкі ў космасе.

— Алег Навіцкі, — прадставіўся ён, падаючы мне руку.

— Наш касманаўт?!

— Мабыць, не — зараз я пазірую Івану Якімавічу ў якасці мадэлі, — Алег усміхнуўся і паказаў на станок: там узвышаўся ягоны бюст з гліны — дакладная копія Алега, але погляд сур’ёзны.

Мы разгаварыліся, быццам былі знаёмы цэлую вечнасць.

Я разумеў, што гэтым кантактам быў абавязаны свайму сябру Івану Міско, які яшчэ ў 2011 годзе пазнаёміўся з будучым касманаўтам, выхадцам з Беларусі. Алег Навіцкі нарадзіўся ў 1971-м у старажытным горадзе Чэрвені, якому сёлета споўнілася 626 гадоў. Гэта агульнавядомыя факты, а вось так папросту размаўляць з чалавекам, які праславіў сваю Радзіму касмічным палётам, не кожны дзень атрымліваецца.

Першае пытанне Алегу Віктаравічу — вядома, пра вытокі, пра беларускую культуру.

/i/content/pi/cult/430/8896/1-1.jpeg

— Для мяне беларуская культура — гэта тое, што я ўвабраў з малаком маці. І сёння ганаруся беларускай мовай. Дзе б я ні знаходзіўся, ува мне гучаць вершы Якуба Коласа: “Мой родны кут, як ты мне мiлы!.. / Забыць цябе ня маю сiлы! / Ня раз, утомлены дарогай, / Жыццём вясны мае убогай, / К табе я ў думках залятаю / I там душою спачываю...”

І вось мой новы знаёмы — народны мастак Беларусі Іван Якімавіч… Калі ён прыехаў у Зорны гарадок, мы з Генадзем Іванавічам Падалкам пазіравалі яму. Спачатку я называў гэта экзекуцыяй, а зараз пазірую з задавальненнем, хаджу, як на працу. Акрамя гэтага, Міско — выдатны суразмоўца…

У яго майстэрні — партрэты маіх касмічных братоў Пятра Клімука і Уладзіміра Кавалёнка. Перад палётам я сустракаўся з імі ў Зорным, бо мы  — тры беларусы, а зямляцтва абавязвае. І Пётр Ільіч, і Уладзімір Васільевіч давалі парады, рэкамендацыі, і наш дыялог працягваўся, калі я лятаў у космасе. Яны цікавіліся, якія мае ўражанні. Ім было цікава, што за змены адбыліся з таго часу, калі яны ляталі ў космас.

Перад пасадкай у лютым 2013 года, калі наш карабель пралятаў над Мінскам, я зрабіў здымак, які падарыў Міско…

— Алег Віктаравіч! Зараз у Інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што ў космас хутка адправяцца артысты, якія выйгралі конкурс. Ваша меркаванне: любы можа злятаць?

— Я думаю, першая кандыдатура для палёту ў космас — гэта Іван Якімавіч. Ён возьме інструменты і будзе працаваць. А гліну давядзецца дастаўляць на касмічным “грузавіку”, бо касманаўт можа браць з сабой не больш за адзін кілаграм грузу.

А калі сур’ёзна, то палёту ў космас папярэднічаюць гады няпростых трэніровак…

/i/content/pi/cult/430/8896/1-3.jpeg

У размову ўключаецца Іван Міско:

— Распавяду пацешны выпадак. Да палёту ў космас Алег сказаў мне, што патэлефануе адтуль. Я ўспрыняў тое як жарт. І аднойчы (гэта было напярэдадні майго дня нараджэння ў лютым 2013 года) прагучаў тэлефонны званок. “Алё!” Чую: “Добры дзень, Іван Якімавіч! Гэта Алег”. У мяне ёсць некалькі знаёмых з такім імем. Адказваю: “Прывітанне, Алег! Заходзь у майстэрню”. “Я — на працы”. — “А дзе ты працуеш?” Пачутае мяне ўзрушыла: “Я — у космасе…” У мяне быў шок. Ніколі не думаў, што буду гаварыць з суразмоўцай з космасу! Гэта была выдатная падзарадка для мяне. Касмічны карабель пралятаў над Мінскам а 17-й гадзіне і Алег тэлефанаваў мне:

— Пралятаю над Інтэрнацыянальнай вуліцай, бачу: святло ў майстэрні гарыць…

Я дзяжурыў ля тэлефона кожны дзень і адчуваў сябе ў палёце!..

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф