Аперацыя "Рэстаўрацыя", або Як выратаваць старадрук?

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

Сёння і без таго зусім не багаты Рэспубліканскі фонд старадрукаў і рэдкіх выданняў патрабуе неадкладных захадаў па рэстаўрацыі ды кансервацыі. Няўважлівасць да кніжных помнікаў можа прывесці да велізарных страт гісторыка-культурных каштоўнасцей, а як вынік — і "прабелаў" у нашай гісторыі. Думаецца, ніхто не запярэчыць таму факту, што арыгіналы кніг Францыска Скарыны або, скажам, Слуцкага Евангелля не менш каштоўныя за старадаўнія сядзібы ці нават палацы.

Галоўнае — не нашкодзіць

Але калі рэстаўрацыяй архітэктурных помнікаў у нашай краіне адпаведныя спецыялісты займаюцца не адно дзесяцігоддзе, то кніжнымі скарбамі — зусім нядаўна. Канешне, можна казаць і пра спробы "лячэння" кніг у Беларусі за савецкім часам, але, на вялікі жаль, сваёй методыкай яны нагадвалі школьную, усім знаёмую, падклейку падручнікаў з дапамогай сілікатнага клею ды звычайнай паперы. У такім выпадку, у той або іншай ступені рэстаўратарам быў ці не кожны школьнік. Але калі падручнікі маюць рэсурс усяго некалькі гадоў і іх рэстаўрацыя — толькі часовае вырашэнне пытання (да новага перавыдання), то што рабіць са старадрукамі і рэдкімі выданнямі, не кажучы ўжо пра рукапісы, кожны з якіх — на вагу золата? Як іх адрэстаўраваць, не пашкодзіўшы пры гэтым?

/i/content/pi/cult/430/8895/1-1.jpeg

На думку намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алеся Сушы, пытанне рэстаўрацыі кніг павінна разглядацца комплексна. Ужо даволі доўга вядуцца спрэчкі адносна крытэрыяў для рэстаўрацыі кнігі. А таму, найперш, трэба адрозніваць інфармацыйныя рэсурсы ад кніжных помнікаў. Першая катэгорыя — гэта сучасныя выданні, якія выкарыстоўваюцца, найперш, як крыніцы атрымання інфармацыі. Для іх важная як актуальнасць змешчанай інфармацыі, так і стан захаванасці асобніка. З розных прычын у дачыненні да гэтых выданняў, няхай сабе і сучасных, таксама вельмі часта патрабуецца рэстаўрацыя. Яскравы прыклад: на пачатку 90-х выйшла з друку вельмі шмат кніг з няякаснай паперай, клеем, пераплётамі, з парушэннямі ў тэхналагічным працэсе. У выніку ў гэтых кнігах сёння назіраецца пашырэнне грыбкоў. Не спрыяе захаванасці і іх актыўнае выкарыстанне. А таму рэстаўратарам Нацыянальнай бібліятэкі даводзіцца часам нават рабіць ксеракопіі выдраных старонак і ўклейваць іх у выданні. Вядома, у такой сітуацыі не да эстэтыкі. Галоўнае — не страціць інфармацыйную цэласнасць.

Што ж да кніжных помнікаў, якія маюць сацыякультурнае значэнне, то ў гэтым выпадку важны не толькі змест, але і форма, канкрэтнае ўвасабленне таго або іншага помніка пісьменства. Бібліятэкары мусяць максімальна захаваць аўтэнтычную форму кнігі. Усе пазнакі ў старадруках павінны застацца на месцы. У такой сітуацыі гаворка ідзе нават не пра рэстаўрацыю, а пра кансервацыю помніка. Праўда, і ў добрай справе маецца, як і ў медаля, адваротны бок. Па словах Алеся Сушы, часам у нашай краіне сустракаюцца выпадкі, калі рэстаўратары спрабуюць узнавіць першапачатковы выгляд твора. Пры гэтым губляецца ўся аўтэнтыка, адчуванне даўніны, а ўласна 500-гадовая кніга пачынае выглядаць так, нібыта надрукавана на каляровым прынтары. На жаль, гэтым грашаць музеі, для якіх важны, найперш, візуальны выгляд твора мастацтва.

Тэхналогія выратавання ад грыбка

Вядома ж, каб даведацца аб працэсе рэстаўрацыі кніг, яго трэба пабачыць на свае вочы. Разам з намеснікам дырэктара НББ карэспандэнт "К" завітаў у "бібліятэчны шпіталь", дзякуючы якому старадаўнія кнігі вяртаюцца да жыцця. Загадчык аддзела рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў Зоя Каваленка прадэманстравала аркушы кнігі 1857 года з вялікімі пашкоджаннямі, у тым ліку з выдранымі кавалкамі паперы. Перад рэстаўрацыяй фотафіксуецца першапачатковы стан кнігі. Дзякуючы дэзінфекцыі ды дэзінсекцыі, а таксама лістаадалівачнай машыне, зробленай у Даніі, і валакну абарваныя кавалкі літаральна на вачах "зарастаюць" паперай. Акрамя таго, павялічваецца аб’ём паперы за кошт нанясення празрыстага слою. Пасля гэтай працэдуры аркушы дастаюцца з машыны, апрацоўваюцца адмысловым клеем для ўмацавання паперы і адпраўляюцца на прасушку. Такім чынам цалкам аднаўляецца фармат кнігі, яна пазбаўляецца грыбкоў. Дарэчы, апошніх можна ўбачыць у адмысловай лабараторыі аддзела — гэта некалькі дзясяткаў разнастайных відаў. Іх споры пры адпаведных умовах могуць жыць у кнігах і імі ж харчавацца.

Каб не страціць праз іх кнігу, відавочна, неабходна стварэнне адпаведнага мікраклімату, пастаянны маніторынг, аналіз фондаў. Пакуль, па словах Алеся Сушы, Нацыянальная бібліятэка з гэтай задачай паспяхова спраўляецца. Сёння фонд "Нацыяналкі" налічвае каля дзевяці мільёнаў друкаваных адзінак захоўвання. У год у рознай ступені рэстаўруюцца тысячы кніг. І гэта прытым, што ў згаданым вышэй аддзеле ў дадзены момант працуе ўсяго сем чалавек, большасць з якіх мае адукацыю мікрабіёлагаў, інжынераў-хімікаў.

Дзе ўзяць спецыяліста?

У тым і бачыцца праблема, што спецыялістаў па спецыяльнасці "рэстаўратар кніг" у нас рыхтуецца вельмі мала. Ды і тыя — на базе сярэднеспецыяльных устаноў. Па словах Алеся Сушы, у свой час вялася размова пра стварэнне шэрагу рэгіянальных рэстаўрацыйных лабараторый на базе абласных бібліятэк. Гэта дало б магчымасць зберагаць каштоўныя экзэмпляры не толькі дзяржаўных бібліятэк, але і ведамасных, і нават прыватных, паколькі у Беларусі шмат калекцыянераў. Сёння ж у рэгіёнах спецыялістаў-рэстаўратараў фактычна няма.

Дык дзе ж вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў гэтага профілю? Як адказаў Алесь Суша, пакуль нідзе. Да прыкладу, Паліграфічны каледж у Мінску рыхтуе спецыялістаў кніжнай справы. У далейшым — вядома ж, праз практыку — такога майстра можна навучыць азам рэстаўрацыі. Акрамя таго, некаторыя рэстаўратары павінны мець адпаведную хімічную і мікрабіялагічную адукацыю. Фактычна, у кожнага рэстаўратара — свой профіль.

/i/content/pi/cult/430/8895/1-2.jpeg

Як неаднаразова пісала "К", у краіне на сённяшні дзень існуе вялікая праблема з падрыхтоўкай рэстаўратараў розных профіляў. Так, на ўзроўні вышэйшай адукацыі толькі некалькі гадоў таму ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адкрылася спецыяльнасць па падрыхтоўцы рэстаўратараў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Праўда, яны працуюць з тканінай і дрэвам, а не з паперай.

Такім чынам Нацыянальная бібліятэка, па сутнасці, сама займаецца падрыхтоўкай неабходных ёй спецыялістаў. Актыўна вывучаецца замежны вопыт, праводзяцца майстар-класы, штогод ладзяцца замежныя стажыроўкі для рэстаўратараў, часцей за ўсё — у Расію і Польшчу, дзе маюцца свае рэстаўратарскія школы. Калі ж зірнуць на вопыт нашых суседзяў, то высвятляецца, што яшчэ ў 1969 годзе ў Кіеве на базе адной з ВНУ было адкрыта аддзяленне па падрыхтоўцы рэстаўратараў-паліграфістаў. У той жа Расіі на пачатку 90-х пачалося актыўнае стварэнне вышэйшых адукацыйных устаноў з падрыхтоўкай спецыялістаў-рэстаўратараў.

А чаму б той жа Нацыянальнай бібліятэцы не арганізаваць платныя курсы, робячы не толькі карысную справу, але пры гэтым яшчэ і зарабляючы грошы? За мяжой гэта абсалютна нармальная практыка. Скажам, у Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве існуе Навукова-даследчы цэнтр кансервацыі дакументаў. Акрамя рэстаўрацыі кніг, на базе Цэнтра адбываецца платнае навучанне з выдачай пасведчанняў дзяржаўнага ўзору па такой спецыяльнасці, як "рэстаўратар дакументаў на папяровай аснове". Працягласць такіх курсаў — ад месяца да года. Думаецца, і для Беларусі гэтая практыка вельмі цікавая. Па словах Алеся Сушы, магчымасці для рэстаўрацыі, якія маюцца сёння ў бібліятэцы, з’явіліся зусім нядаўна: з пераездам установы ў новы будынак. Вытворчых жа магчымасцей не хапае нават на працу з вялікай колькасцю ўласных фондаў. Да слова, поўная комплексная рэстаўрацыя яшчэ не адбылася.

Што ж да адукацыйных перспектыў НББ, то, як мяркуе Алесь Суша, існуе вялікая праблема перападрыхтоўкі бібліятэчных спецыялістаў, павышэння іх кваліфікацыі:

— Як вядома, раз на пяць гадоў кожны спецыяліст павінен прайсці курсы па павышэнні кваліфікацыі. А дзе сёння гэта можна зрабіць? Здавалася б, у Інстытуце культуры Беларусі. Але ж там няма ні адмысловага аддзела, ні спецыялістаў у бібліятэчнай сферы. У выніку бібліятэкарам выкладаюць тыя ж… бібліятэкары. А ў БДУКіМ пры павышэнні кваліфікацыі арыентуюцца галоўным чынам не на практыку, а на тэорыю. Разам з тым, Нацыянальная бібліятэка пакуль не гатова атрымаць ліцэнзію на навучальную дзейнасць. Галоўным чынам, кіраўніцтва бібліятэкі не жадае "перабягаць" дарогу ўжо існуючым рэспубліканскім і рэгіянальным навучальным установам. Тым больш, ва ўмовах аптымізацыі ўстаноў культуры, калі дубліраванне функцый з’яўляецца непрадуктыўным…

Знайсці рэстаўратара і месца працы для яго

Але ўявім, што спецыялістаў-рэстаўратараў у кніжнай сферы стане вельмі шмат. Куды яны пойдуць працаваць, калі ў штатным раскладзе бібліятэк няма такой пасады? На думку Алеся Сушы, адсутнасць пасад для рэстаўратараў у тыпавых штатах — праблема не самая галоўная. Не будзе трагедыі, калі рэстаўратар стане працаваць на стаўцы звычайнага бібліятэкара ці метадыста. Іншая справа — дзе будзе працаваць рэстаўратар? Цэнтра з лабараторыяй аналагічнага таму, які маецца ў Нацыянальнай бібліятэцы, няма не толькі ў іншых установах сталіцы, але і ў абласных гарадах нашай краіны. А яго стварэнне патрабуе не толькі шматлікага абсталявання, але і пастаяннай закупкі замежных і зусім не танных матэрыялаў для рэстаўрацыі.

/i/content/pi/cult/430/8895/1-3.jpeg

Дык ці не прасцей даручыць рэстаўрацыю кніг прыватным фірмам, у тым ліку замежным? Сапраўды, у Нацыянальную бібліятэку звярталіся рэстаўратары кніг з Расіі. А паколькі зараз у нас Адзіная эканамічная прастора, то фармальна ніякіх праблем з падпісаннем дамоўленасцей няма. Іншая справа, што прапанаваныя на рэканструкцыю кошты даволі высокія. Але калі падлічыць, колькі будуць каштаваць рэстаўрацыя і кансервацыя гэтых помнікаў сіламі замежных спецыялістаў, і колькі сродкаў неабходна на стварэнне паўнавартасных лабараторый, першы варыянт на сённяшні дзень выглядае больш прывабным.

Фаліянт у рэгіёне

А што на гэты конт думаюць у рэгіёнах? Так, па словах намесніка дырэктара Магілёўскай абласной бібліятэкі Вольгі Чумаковай, актуальнасць рэстаўравання кніг — надзвычайная.

— У фондах установы захоўваецца каля пяці тысяч рэдкіх выданняў. Безумоўна, істотная іх частка патрабуе прафесійнай рэстаўрацыі. На жаль, ва ўмовах аптымізацыі ўстаноў культуры не даводзіцца казаць пра стварэнне асобнай лабараторыі ці Цэнтра рэстаўрацыі. Якое ж выйсце з сітуацыі? Каб захаваць для нашчадкаў старадрукі, мы вырашылі іх алічбаваць, для чаго звярнуліся з адпаведнай просьбай у Нацыянальную бібліятэку, — адзначыла Вольга Чумакова.

Не менш актуальная праблема рэстаўрацыі рэдкіх кніг і для Віцебскай абласной бібліятэкі. Як адзначыла намеснік дырэктара ўстановы Таццяна Адамян, на дадзены момант у бібліятэцы маецца ўсяго адзін рэстаўратар, які, да таго ж, займаецца сучаснымі выданнямі — пераплётам кніг, падклейкай старонак, сшыўкай газет. Стварэнне ж Цэнтра рэстаўрацыі, на думку Таццяны Адамян, справа вельмі добрая, але і, разам з тым, надзвычай затратная. Выклікае сумневы — у мэтазгоднасці з’яўлення пры абласной бібліятэцы такой структуры і той факт, што ўстанова мае ў сваіх фондах усяго пару соцень старадрукаў, якія прасцей перадаць на рэстаўрацыю прыватным фірмам ці ў Нацыянальную бібліятэку.

І ўсё ж, думаецца, ідэальным варыянтам было б заснаванне, няхай сабе і за кошт пашырэння базы Нацыянальнай бібліятэкі, цэнтралізаванай структуры, якая займалася б рэстаўрацыяй рэдкіх выданняў з бібліятэк усіх рэгіёнаў краіны, незалежна ад форм іх уласнасці. Тым больш, што сёння даволі рэальна атрымаць дзяржаўны ці прыватны грант на стварэнне рэстаўрацыйнай лабараторыі, у тым ліку, у рамках дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"