“Увесь гэты джаз”

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

Цягам трох субот месяца — 8, 15 і 29 чэрвеня — знакамітыя джазмены з ЗША, Італіі, Францыі, Эстоніі, Украіны, Германіі і Беларусі прадэманструюць сваё майстэрства мінчанам ды гасцям сталіцы на адкрытай пляцоўцы каля Канцэртнай залы "Верхні горад".

Гарадскі музычны праект "Джазавыя суботы каля Ратушы" праходзіць упершыню ў Мінску, але, па словах аднаго з арганізатараў праекта, дырэктара Міжнароднага сацыяльна-эканамічнага фонду "Ідэя" Віктара Радзькова, гэтае мерапрыемства можа стацца выдатным стартам для правядзення не толькі вечароў джаза, але і фольк-рок-блюз-фестываляў.

/i/content/pi/cult/430/8894/2-2.jpeg

У першую музычную суботу на сцэне пад адкрытым небам сумесна з беларускім гуртом "Apple Tea" выступіць амерыканская джазавая спявачка Шэнда Рул, якая колькі гадоў таму ўжо наведвала Мінск з канцэртнай праграмай. Шэнду лічаць адной з найлепшых вакалістак, зоркай новай амерыканскай джазавай хвалі, чый стыль з’яўляецца своеасаблівай сумессю джаза, R&B, соула і блюза. Таксама перад мінчанамі ды гасцямі горада выступяць украінскі гурт "Пур-пур" ды французскае трыа "Экселтэ" з незвычайным для джазавых выканаўцаў спалучэннем інструментаў: акардэон, электронная гітара і ўдарныя.

У другую суботу, 15 чэрвеня, аматараў музыкі парадуюць хіп-хоп-джаз-трыа "Three Fall" з Германіі і вядомы гурт з Беларусі "Liptnitsky Show Orchestra". Аднак адным з самых нечаканых сюрпрызаў "Джазавых субот каля Ратушы" стане выступленне амерыканскага трубача і флюгельгарніста Эдзі Хендэрсана, які лічыцца "ветэранам" джаза, музыкантам найвышэйшага ўзроўню. Напэўна, такому поспеху паспрыяла і тое, што свой першы ўрок ігры на інструменце Эдзі атрымаў ад легендарнага Луі Армстранга…

У апошні джазавы вечар, 29 чэрвеня, на сцэне каля Ратушы сваё майстэрства прадэманструе гурт Яка Лутсойі, які з’яўляецца адным з найлепшых акардэаністаў Эстоніі. Музыкант выдатна спалучае ў выступленнях джаз, фольк, блюз і нават індыйскія народныя матывы.

Услед за ім гледачоў парадуе італьянскі дуэт Кекка Фарнарэллі і Рабэрта Чэрылла, якія віртуозна інтэрпрэтуюць класікаў джаза, ствараючы маляўнічую гармонію пры дапамозе акустычных інструментаў ды электронных элементаў, спалучаючы сучаснасць з традыцыяй джаза.

Такім чынам, прыкладна тры тысячы гледачоў (а менавіта столькі, па словах намесніка начальніка ўпраўлення культуры Мінскага гарвыканкама Сяргея Мядзведзева, зможа ўмясціць пляцоўка перад Ратушай) атрымаюць асалоду ад трох гадзін жывой музыкі ў выкананні мэтраў джаза ў самым "сэрцы" Мінска.

"Мы хацелі правесці вечары джазавай бясплатнай музыкі, якія не толькі прынясуць асалоду тым, хто прыйдзе на канцэрт, але і па ўзроўні арганізацыі змогуць адпавядаць аналагічным сусветна вядомым мерапрыемствам, — кажа дырэктар канцэртнага агенцтва "Эквілібрыум АРТС" Інга Бухвалава. — У праграме прагучыць сучасны еўрапейскі джаз, традыцыйны амерыканскі і малады беларускі, які варты таго, каб яго слухаць з задавальненнем".

У сваю чаргу, куратар праекта Настасся Сцёпіна назвала "Джазавыя суботы каля Ратушы" новым крокам у развіцці гарадской прасторы Мінска, дзе ўсё больш пляцовак становіцца сцэнай для рэалізацыі культурных ідэй ды ініцыятыў.