Дванаццаць разьбяроў — “Ружанскай браме”

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

Кожны фестываль спрыяе ўпарадкаванню месца, дзе ён праходзіць. Сёлетняя "Ружанская брама" падорыць мястэчку, якое дало назву фестывалю, новы турыстычны аб’ект. Разьбяры з усёй Беларусі працуюць зараз над скульптурамі, што ўпрыгожаць цэнтр Ружан. Арганізатар пленэру разьбяроў, загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцько з гэтай нагоды распавядае:

— Гэта адзінаццаты па ліку пленэр. Паводле статуса ён — абласны, але фактычна — рэспубліканскі, бо ў ім бяруць удзел разьбяры з усёй Беларусі. Удзельнічаюць у пленэры дванаццаць майстроў, кожны з якіх за дзесяць дзён павінен стварыць сваю скульптуру.

Плэнэр прысвечаны гісторыі роду Сапегаў. Дзевяць скульптур будуць аб’яднаны ў сюжэтную кампазіцыю "Наданне Ружанам Магдэбургскага права", дзе Кароль і Вялікі Князь Уладзіслаў IV Ваза са сваёй жонкай Цэцыліяй Рэнатай Аўстрыйскай уручае Казіміру Сапегу і ягонай жонцы прывілей. Пятая фігура — вяшчальнік, які зачытвае каралеўскі ўказ. Астатнія чатыры — світа, па дзве з кожнага боку.

/i/content/pi/cult/430/8891/2-1.jpeg

Рабочы момант пленэру разьбяроў.

Тры творы будуць стаяць паасобку: гэта скульптуры Льва Сапегі — асобы, што зрабіла велізарны ўнёсак у развіццё Ружан, Казіміра, святога ахоўніка мястэчка, і легендарныя ружы, ад якіх пайшла назва паселішча. Перш чым прыступіць да працы, разьбяры вызначылі ў скверы месца для кожнай скульптуры, каб камунальнікі маглі як мага хутчэй пачаць бетаніраваць гэтыя пляцоўкі: калі распачнецца свята "Ружанская брама", скульптуры павінны ўжо быць устаноўлены і апрацаваны спецыяльнымі растворамі.

Большасць разьбяроў — з Брэстчыны. І гэта лагічна, бо пленэры пачыналіся менавіта як брэсцкія абласныя. Потым пачалі запрашаць майстроў з іншых рэгіёнаў. Сёння ў Ружанах працуюць разьбяры з Гомеля, Гродна, Мінска і Мінскай вобласці. Пленэры мы ладзім штогод на новым месцы, і маем на мэце ахапіць імі ўсе раёны Брэсцкай вобласці, каб кожны раён меў скульптурную кампазіцыю, якая адлюстроўвала б ягоную гістарычную і культурную адметнасць.

Адпаведна, для кожнага пленэру мы распрацоўваем новую канцэпцыю. Асабліва я ганаруся леташнім, які праходзіў у Пінску. Разьбяры ўвасобілі вобразы "Пінскай шляхты" Дуніна-Марцінкевіча, а яшчэ зрабілі скульптурны партрэт самога драматурга. Скульптуры ўстанавілі каля Палескага тэатра. Той пленэр стаў сапраўднай культурнай падзеяй, а скульптуры — упрыгожаннем горада. Яшчэ магу згадаць цудоўны пленэр у Камянцы ў 2005 годзе: тады там праходзіла Свята пісьменства, і разьбяры ўпрыгожылі горад скульптурамі беларускіх асветнікаў. У Варацэвічах пленэр быў прысвечаны 200-годдзю Напалеона Орды, у Баранавічах тэмай была беларуская міфалогія, у Брэсце — Грунвальдская бітва…

Плён пленэраў — гэта пашырэнне ведаў пра нашу гісторыю і культуру. Часта я сутыкаюся з сітуацыяй, калі людзі ў нейкім горадзе ці мястэчку жыццё пражылі, ды нават блізка не ўяўляюць, чым іх малая радзіма адметная. А між тым, скульптура, якая штодня трапляе на вока, неяк ды адбіваецца ў свядомасці. Да таго ж, нашы арыгінальныя скульптурныя комплексы — гэта яшчэ і аб’екты, што могуць прывабліваць турыстаў, а гэта для нашай краіны сёння надзвычай актуальна.

У 2002 годзе мы пачыналі, лічы, з нічога, з нуля. Цяпер жа разьбяры ведаюць і нас, і адзін аднаго, а мы ведаем іх. Дзякуючы гэтаму маем на пленэрах спрацаваныя творчыя групы, з якімі можна рабіць праект любога ўзроўню складанасці.

П.В.