Адажыо Ружы і Мусаргскага з ненапісанага балета “Шляхцянка-Папялушка”

№ 50 (816) 15.12.2007 - 21.12.2007 г

Сімвалічна, што 75-годдзе Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі супадае акурат з такім жа юбілеем доктара мастацтвазнаўства, заслужанага работніка вышэйшай школы, члена Беларускага саюза кампазітараў, прафесара Таісіі ШЧАРБАКОВАЙ. Працуючы ў нашай кансерваторыі ўжо 46 гадоў, яна стала сапраўдным сімвалам беларускай музычнай навукі і выкладчыцтва. А ўся яе сям’я — прыкладам выбітной музычнай дынастыі: муж — віяланчэліст, прафесар Акадэміі па класе камернага ансамбля (дарэчы, яго пятая кніга пра свайго настаўніка “А.П.Стагорскі ў лістах і дакументах” мае прысвячэнне — “вернай і адданай жонцы”), адзін зяць — піцерскі кампазітар, другі — найвыдатны беларускі піяніст, унукі — таксама скрозь музыканты, лаўрэаты міжнародных конкурсаў, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. “Мудрэйшая з мудрэйшых” (аўтар некалькіх манаграфій і безлічы грунтоўных навуковых артыкулаў, распрацоўшчыца новых комплексных падыходаў у музыказнаўчых даследаваннях), чалавек “нечалавечай” працаздольнасці, Т.Шчарбакова выхавала дзвюх дачок, якія, скончыўшы Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю, прадоўжылі яе музыказнаўчую прафесію: старэйшая засталася жыць і працаваць у Піцеры, малодшая — доктар мастацтвазнаўства, прафесар, знаная даследчыца творчасці Чайкоўскага і феномена балетнай музыкі, з’яўляецца прарэктарам нашай Акадэміі па навуковай працы.

 /i/content/pi/cult/141/889/Sub-sustrecy.jpg

— Аглядаючы апошнія амаль паўстагоддзя,— усміхнуўшыся, Таісія Аляксееўна пачала з “рэверанса” ў бок юбіляркі-аднагодкі, — даводзіцца канстатаваць, што Беларуская кансерваторыя перажывае не лінейнае, а больш складанае развіццё. Асабіста мяне трывожыць і падзел бібліятэкі па розных кансерваторскіх карпусах, і скарачэнне некаторых курсаў гуманітарных дысцыплін (тая ж руская музыка цяпер выкладаецца не тры вучэбныя семестры, а ўсяго паўтара). Між тым, у кансерваторыі (дый пасля яе заканчэння) павінна адбывацца ператварэнне дыпламаванага навучэнца ў сапраўднага спецыяліста.
—Вы лічыце, гэта розныя рэчы?
— Спецыялістам можа лічыцца той, хто не толькі спасцігнуў здабытыя папярэднікамі веды, але і выпрацаваў сваё ўласнае стаўленне да матэрыялу. Без гэтага можна так і застацца на прыступцы “вечнага вучнёўства”.
—А вашы студэнцкія гады? Вам ёсць што параўноўваць. Вы ж заканчвалі Горкаўскую кансерваторыю (цяпер гэта Ніжні Ноўгарад), а ў музычным вучылішчы ўвогуле займаліся ў гады сумна вядомай “жданаўшчыны”, калі лепшая музыка называлася “дэкадэнцтвам”, а джаз лічыўся здрадай Радзіме. Дарэчы, і родам вы з горада Марыупаля, які ў 1948-ым быў перайменаваны ў Жданаў.
— Было б блюзнерствам ухваляць тую пасляваенную барацьбу з іншадумствам, але менавіта дзякуючы ёй мне давялося вучыцца ў сапраўдных зорак расійскай музычнай навукі. Лепшыя прафесары, якія мелі ўласную пазіцыю, былі звольнены з Маскоўскай кансерваторыі. І яны, працягваючы жыць у Маскве, сталі выкладаць у Горкім— па некалькі разоў на тыдзень туды-сюды на цягніку. Жытомірскі, Пекеліс, Фліэр, Гінзбург— стасункі з імі натхнялі мяне на самастойныя даследаванні. Памятаю, яшчэ на першым курсе я падышла да Пекеліса і папрасіла дапамагчы абраць тэму для выступлення на студэнцкім навуковым таварыстве.
Ён прапанаваў звярнуцца да творчасці Баха, а паслухаўшы потым мой даклад, ухваліў, сказаўшы пры ўсіх, што ў мяне ёсць (я добра запомніла гэтыя словы) “здольнасць ажыўляць рэаліі мінулага”. З Жытомірскім я падтрымлівала сувязі да апошніх дзён яго жыцця, раілася з ім падчас шматгадовай працы над доктарскай дысертацыяй. У Горкаўскай кансерваторыіён выкладаў рускую музыку. А калі змог вярнуцца ў Маскоўскую, я аформілася да яго суіскальнікам, пачала даследаваць творчасць Мусаргскага. Ездзіла ў Маскву, бы дамоў, прысутнічала на пасяджэннях кафедры, удзельнічала ў абмеркаваннях, дзе выступалі Кандзінскі, Карабельнікава, Левашова — усё гэта папраўдзе бясцэнны вопыт.
—А як трапілі ў Мінск?
—Паехала за мужам: яго сюды запрасіў знакаміты расійскі віяланчэліст Аляксандр Стагорскі — сваім “асістэнтам”. Я ж выйшла замуж у 19 гадоў! А Мікалай Сямёнавіч ужо тады быў прыметным музыкантам, выкладаў. Так і пазнаёміліся: я вучылася ў Горкаўскім музычным вучылішчы як піяністка і яму акампаніравала.
—Але ж не засталіся ў ролі “акампаніятара”, які толькі і робіць, што стварае найбольш спрыяльныя ўмовы для саліста. Вы ўвесь час самі ведзяце ўласную партыю, знаходзячы час і сілы як для сваіх музыказнаўчых сола, так і для сямейнага ансамбля. Гэта надзвычай рэдкае выключэнне, асабліва для тых, хто так рана выходзіць замуж, ды яшчэ за чалавека, які ўжо склаўся як творчая асоба. У падобных выпадках не застацца “ў вечным цені” свайго абранніка амаль немагчыма!
— Проста мы заўсёды падтрымліваем адно аднаго.
—А побыт? Вы прыехалі ў Мінск з трохгадовай Машай на руках. Пачалі выкладаць у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, прычым адразу ўсе курсы гісторыі музыкі — рускай, замежнай, старадаўняй, сучаснай. Неўзабаве нарадзілася Каця. І не было памагатых! Дый дзеці, калі падрасталі, больш займаліся, наколькі я разумею, вучобай і творчай самарэалізацыяй, а не хатнімі клопатамі. А ў вас яшчэ і летнік ёсць…
—… а на ім, акрамя садавіны-гародніны,— ружы. Божа, якіх яны намаганняў патрабуюць! Але ж— якая прыгажосць. А яшчэ калі зацвітаюць півоны — вачэй не адвесці.
—Дык менавіта гэта стала штуршком для тэмы вашай доктарскай дысертацыі? Для усіх было шокам, калі вы “не знайшлі нічога лепшага”, як музычны побыт. Вы ж усё жыццё распавядаеце пра музыку выключна ўзнёслай мовай, нават самой сваёй постаццю ўвасабляеце шляхцянку ў дваццатым калене, якая ва ўсеагульнай мітусне захоўвае спакойную разважлівасць, нетаропка грацыёзную пластыку рухаў, — і раптам звяртаецеся да гэткай “музыкі-папялушкі”: пачынаеце даследаваць цыганскія спевы, салоны ХІХ стагоддзя. Мабыць, менавіта ўласны жыццёвы побыт і прывёў вас да сур’ёзных навуковых разважанняў над побытам музычным?
—Усё куды прасцей. Яшчэ калі была жывая Валянціна Конэн — расійская даследчыца паходжання джаза, мяне зачапіла адна фраза ў яе кнізе “Тэатр і сімфонія”: маўляў, негры пераўтваралі побытавую матэрыю ў нейкую трэцюю якасць. З таго й пачалося. Я задумалася: што знаходзілі ў цыганах лепшыя рускія пісьменнікі? Навошта Пушкін нейкі час жыў у табары, качаваў? Яго ж Алека — гэта Аляксандр, ён сам. І што далі рускай культуры салоны, да якіх у савецкім музыказнаўстве ставіліся пагардліва?
—Пагардліва ставіліся ўвогуле да побыту: маўляў, “першай справай самалёты”. І побыт, я лічу, адпомсціў: тая перавага ў цяперашнім грамадстве (не толькі беларускім) побытавых жанраў, разнастайнай забаўляльнасці, што замест фону прэтэндуе на “залаты фонд”, займаючы месца падзеі № 1, — усё гэта эфект маятніка, які хіснуўся ў супрацьлеглы бок.Сваімі навуковымі працамі вы быццам намагаецеся ўсталяваць гармонію, не крыўдзячы побыт і, у той жа час, узносячы прафесійнае мастацтва на яшчэ больш высокую прыступку, бо яно паэтызуе побыт, эстэтычна ўзвышае прыземленае. Таму асабіста для мяне ваша праца над новымі артыкуламі, прысвечанымі творчаму працэсу Глінкі, Рахманінава, Стравінскага, — гэта працяг роздумаў пра ўплыў побыту і ўсяго наваколля (ад сяброў да відарысаў) на кампазітарскую дзейнасць. Складаецца ўражанне, быццам вы прадбачылі цяперашнюю ўвагу да сядзібнай культуры мінуўшчыны, калі амаль 20 гадоў таму даследавалі аматарскую творчасць братоў Віельгорскіх. А колькі глыбінных паралеляў з сусветным музычным працэсам праведзена ў вашых нататках пра беларускую музыку! Цікава, хто з нашых кампазітараў мінулых дзесяцігоддзяў уражваў вас найболей?
— Пра кожнага магу расказваць бясконца. Мне пашчасціла яшчэ застаць жывым Рыгора Пукста, быць сведкам позняй творчасці Мікалая Аладава, пастаянна сустракацца з Пятром Падкавыравым, якому была ўласціва не ўсімі зразумелая прага да музычнай навізны...
—...ваш муж, дарэчы, быў першым выканаўцам яго Віяланчэльнага канцэрта, многіх і многіх твораў іншых аўтараў, занатаваўшы некаторыя ўспаміны пра іх у сваёй кнізе “Нататкі квартэтыста”.
— Да беларускай музыкі я таксама звярнулася свядома. Мне падабалася разгадваць загадкі, што ёсць у творчасці кожнага кампазітара, шукаць сутнасць музычных дадзеных нашых творцаў, знаходзіць для кожнай партытуры пэўны кантэкст, бо не бывае насамрэч замкнёнага мастацтва. Быў у мяне і цыкл з 26-ці тэлепраграм пра беларускую музыку, і радыёнарысы, і шматлікія рэцэнзіі. Як тэкстолага, які адсочвае працэс працы кампазітара над творам, мяне і дасюль не перастае хваляваць асоба Яўгена Цікоцкага.
—Не дзіва: такой колькасці рэдакцый, што мелі яго творы, асабліва оперы, не было больш ні ў кога. Прычым змяненні звычайна ўзнікалі пасля прэм’еры. Складаецца ўражанне, што любую прапанову “дзеля паляпшэння” ён успрымаў за “ісціну ў апошняй інстанцыі”. Можа, справа ў асаблівым “пагаджальніцтве” яго характара?
— Думаю, не толькі ў гэтым. Бо многія рэдакцыі яго твораў можна назваць выканальніцкімі, яны былі накіраваны на скарачэнне і перастаноўку музычнага матэрыялу для яго чарговага выканання. Цікоцкага здаўна прызнавалі “адным з заснавальнікаў беларускай кампазітарскай школы”, але творы яго, асабліва ў апошнія гады жыцця кампазітара, гучалі не так часта. І ён, мабыць, імкнуўся змяніць гэта становішча, ідучы насустрач выканаўцам.
—Якім вы яго запомнілі?
— Праніклівы позірк, заўсёды сур’ёзная, засяроджаная размова. Ужо першае знаёмства з ім пакінула ўражанне чалавека надзвычай разумнага, высокаадукаванага. А ўсё ж гэта дасягалася самаадукацыяй, накіраванай не на паверхню, а ўглыб культуры. Яўген Карлавіч зусім не адпавядаў таму тыпу “савецкага чалавека”, які адно дзейнічае, а не разважае. Але пры гэтым у ім нярэдка адчуваўся нейкі недавер да суразмоўцы, унутраная ўсхваляванасць, нежаданне акрэсліваць дэталі, што, відавочна, і выклікала сціслыя адказы. Памятаю, на з’ездах ды пленумах Саюза кампазітараў ад яго ўсё патрабавалі новых опер. Ён сядзеў, маўчаў — быццам бы пагаджаўся, але заставаўся пры сваіх думках. Не ўмеў прыстасоўвацца. Мажорныя маршы, якіх чакалі,пісаць не мог. Быў вялікім прыхільнікам творчасці Рыхарда Вагнера, іграў напамяць вялікія ўрыўкі з яго опер. У самой яго натуры жыла запатрабаванасць у наватарстве, выхаваная агульным духам пачатку стагоддзя і самой атмасферай Піцера, дзе ён правёў сваё дзяцінства і юнацтва.
—Кажуць, Цікоцкі быў бібліяфілам?
— Пра гэта хадзілі легенды, бо такую колькасць кніг і газет, у пэўным парадку змешчаных на паліцах, з любоўю класіфікаваных, можна было бачыць хіба ў вялікіх публічных бібліятэках. Я магу расказваць гадзінамі, але… трэба мужу абед гатаваць. Ён апошнім часам так схуднеў…

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА