Аб выніках праверкі ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

У рэдакцыю "К" звярнуўся Камітэт дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці з просьбай апублікаваць наступную інфармацыю.

Камітэтам дзяржаўнага кантролю вобласці праведзена праверка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама, якой устаноўлены парушэнні заканадаўства ў галіне аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Так, пытанням захавання гісторыка-культурнай спадчыны дзяржавай надаецца асаблівая ўвага.

На фінансаванне работ па аднаўленні, рэканструкцыі і рамонце гісторыка-культурных каштоўнасцей Гомельскай вобласці з бюджэту за 2007 — 2012 гады выдаткавана 157,1 млрд. руб. Пры гэтым грашовыя сродкі выкарыстоўваюцца не заўсёды эфектыўна.

Так, на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі па рэканструкцыі сядзібна-паркавага комплексу XIX ст. у в. Хальч Веткаўскага раёна пад гісторыка-этнаграфічны турыстычны комплекс (рэканструкцыя прадугледжана Нацыянальнай праграмай развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь на 2008 — 2010 гады), у 2005, 2008 — 2010 гадах выдаткавана 324,0 млн. руб. бюджэтных сродкаў. З 2011 года работы па далейшым вырабе праектна-каштарыснай дакументацыі ў сувязі з адсутнасцю фінансавання спынены.

Распачатая ў чэрвені 2009 г. рэканструкцыя Дома культуры ў г. Чачэрску па вул. Савецкая, 15 да цяперашняга часу не скончана, асвоена 1,4 млрд. руб. бюджэтных сродкаў. Дом культуры не эксплуатуецца, для завяршэння работ неабходна яшчэ каля 3,0 млрд. руб. Пры нарматыўнай працягласці рэканструкцыі 8 месяцаў, з 2012 года работы па рэканструкцыі не праводзяцца, і на 2013 год сродкі для яе заканчэння не прадугледжаны.

Выяўлены парушэнні артыкула 28 Закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь у частцы адсутнасці ахоўных дошак на аб’ектах, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.

Так, адсутнічалі ахоўныя знакі на трох аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны, размешчаных у Гомельскім раёне: Брацкая магіла (1941 — 1944 гады) у в. Пясочная Буда (балансатрымальнік — Грабаўскі сельвыканкам), Брацкая магіла (1943 год) у в. Маркавічы і Брацкая магіла (1943 год) у в. Глыбоцкае (балансатрымальнік — Маркавіцкі сельвыканкам).

На аб’екце Жлобінскага раёна (гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку ў н.п. Стрэшын Жлобінскага раёна (карыстальнік — Стрэшынскі пасялковы выканкам) быў устаноўлены ахоўны знак старога ўзору.

Балансатрымальнікамі (уласнікамі) гісторыка-культурных каштоўнасцей дапускаліся парушэнні патрабаванняў заканадаўства пры правядзенні аднаўленчых і рамонтных работ.

Так, у будынку гісторыка-культурнай каштоўнасці па вул. Камсамольская, 1 уласнікам кватэры № 62 грамадзянінам Радухам В.І. у сакавіку — чэрвені 2010 года без дазволу Міністэрства культуры зроблена рэканструкцыя нежылога памяшкання пад гандлёвае памяшканне з арганізацыяй асобнага ўваходу. У цяперашні час гэтае памяшканне выкарыстоўваецца як цэнтр вясельнай моды для арганізацыі гандлю.

Аналагічна, у чэрвені 2012 г. без дазволу Міністэрства культуры Акцябрскім сельскім выканаўчым камітэтам праведзены капітальны рамонт гісторыка-культурнай каштоўнасці "Брацкая магіла" ў в. Акцябр Жлобінскага раёна.

У парушэнне артыкула 53 Закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў прадугледжаны месячны тэрмін з моманту пераходу права ўласнасці ў жылых дамах г. Гомеля, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю (пр. Леніна, 51, вул. Савецкая, 21 і інш.), уласнікамі кватэр не заключаліся ахоўныя абавязкі.

Без дазволаў Гомельскага гарвыканкама, афармленняў пашпартоў сродкаў вонкавай рэкламы і заключэння дагавораў ва ўстаноўленым парадку ў г. Гомелі 9 юрыдычнымі асобамі (ПГУП "Тэндэнцыя", ТАА "Камп’ютар-Плаза Рытэйл", ПГУП "Камп’ютэкс", ТДА "Грынвэй", ТДА "Трэвалэнт", ТАА "Оптыкгуп", ПГУП "Красуня люкс", ТДА "Рэбус", ПГУП "Эканомбізнес") была размешчана вонкавая рэклама на аб’ектах, што з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.

У Гомельскай вобласці з 2007 года юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, дзейнасць якіх аказвала непасрэднае ўздзеянне на гісторыка-культурныя каштоўнасці, не рабіліся адлічэнні ў фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, іх поўны ўлік ва ўпраўленні культуры адсутнічаў.

Са студзеня 2012 года аддзелам культуры Веткаўскага райвыканкама не аформлены ва ўстаноўленым парадку прававызначальныя дакументы, не праведзена ацэнка былога сядзібнага дома ў н.п. Рэчкі Веткаўскага раёна.

Аналагічна, не аформлены ва ўстаноўленым парадку прававызначальныя дакументы і не праведзена ацэнка Барысаўшчанскім сельвыканкамам фрагментаў былой сядзібы "Барысаўшчына" ў н.п. Барысаўшчына Хойніцкага раёна, Стрэлічэўскім сельвыканкамам — фрагментаў ансамбля былой сядзібы ў н.п. Рудакоў Хойніцкага раёна. Барбараўскім сельвыканкамам не праведзена ацэнка кошту фрагментаў сядзібна-паркавага комплексу ХІХ стагоддзя ў Мазырскім раёне.

Вынікі праверкі плануецца разгледзець на калегіі Камітэта вобласці.