“Еўрафэст”: лепшых больш за 15

№ 50 (816) 15.12.2007 - 21.12.2007 г

Назваўшы на прэс-канферэнцыі ў Белтэлерадыёкампаніі імёны пераможцаў “прамежкавай дыстанцыі”, кіраўнік праекта Аляксандр Ціхановіч не мог не адзначыць, што патрапілі ў гэты спіс далёка не ўсе лепшыя, а іх сёлета і без таго больш за пятнаццаць.

Летась на конкурс было пададзена каля 60 заявак. Сёлета іх лік узрос амаль удвая — і гэта пры тым, што паводле новых правілаў, прэтэндаваць на права прадставіць Беларусь на “Еўрабачанні” могуць толькі яе грамадзяне. Прыемнай для журы акалічнасцю стала не столькі ўвага да конкурса маладых музыкантаў, колькі якасць іх матэрыялу.
Дзеля таго, каб наступным разам гэтыя адкрыцці не засталіся “па-за кадрам”, на прэс-канферэнцыі прагучала досыць слушная прапанова аб правядзенні не аднаго паўфінала, а двух.
Ёсць сярод паўфіналістаў і так званыя “шэрыя конікі”, аднак пры больш пільным разглядзе выяўляецца, што за новымі брэндамі хаваюцца даўно ўжо вядомыя твары. “Champions” — гэта праект Нілса, “Sкандал” — “дзіця” Сяргея Мінскага. А Аксана Кавалеўская вядомая праз сваю “групавую” назву — “Краски”. Але казаць, што чакаць ад іх неспадзяванак марна, не выпадае, бо вядомыя артысты абяцаюць з’явіцца перад намі ў новым для сябе “еўрафармаце”.
Па словах А. Ціхановіча, менавіта гэтая акалічнасць была вызначальнай пры выбары журы, склад якога сёлета папоўнілі кампазітар і прадзюсер Леанід Шырын і прымадонна нашай эстрады Ірына Дарафеева. Дарэчы, да спеваў па-англійску стаўленне стала куды больш прыдзірлівым — у журы з’явіўся спецыяльны кансультант, здатны ўлоўліваць розныя “асаблівасці пранонсу”.
Цікава, ці дапасуецца неяк да гэтага фармату фальклорная песня ў выкананні знакамітага “Палаца”? Балазе, завадатары “Еўрафэсту” не скупіліся на добрыя словы ў яе адрас.
Прадстаўлены ў спісе і ветэраны конкурса — рок-гурты “Dali” і “Litesound”, што бяруць удзел вось ужо трэці раз запар. А рэйтынг “папярэдніх” фаварытаў спаборніцтва, неаспрэчна, узначальвае Руслан Аляхно, які мае з’явіцца перад публікай у новым, “экспартным” вобразе. Члены журы сцвярджаюць, што былому “народнаму артысту” ён цалкам пасуе. Больш чым сур’ёзна выпадае ставіцца і да заяўкі Гюнеш.Сёлета рынгам для музычнага спаборніцтва стане не Палац Рэспублікі, як у мінулыя разы, а тэлестудыя. Хаця “правілы гульні” застаюцца тымі самымі: толькі жывы вакал. І паколькі стылістычна і канцэптуальна праграма паўфінала вельмі насычаная, а вынікі конкурсу непрадказальныя, правесці вечар 21 снежня ля тэлеэкрана будзе асабліва цікава.

Ілля СВІРЫН