Малевіч і горад

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

Творчы праект "Мастак і горад" вяртаецца ў Мінск. Ужо 6 чэрвеня на плошчы Якуба Коласа пад адкрытым небам разгорнецца экспазіцыя рэпрадукцый Казіміра Малевіча.

Праект ладзіцца сацыяльна-эканамічным фондам "Ідэя" пры падтрымцы ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама і Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Арганізатары з дапамогай праекта імкнуцца вывесці мастацтва па-за межы сцен музеяў ды зрабіць яго даступным для ўсіх. Да прыкладу, леташнюю выстаўку, прысвечанную 125-годдзю Марка Шагала, наведаў амаль мільён чалавек! Нездарма пляцоўкай праекта абрана заўсёды людная плошча Якуба Коласа.

Цэнтральнай персонай сёлетняга праекта стане Казімір Малевіч. У імправізаванай выстаўцы пад адкрытым небам будуць прадстаўлены 17 рэпрадукцый работ мастака. Зыходныя слайды былі перададзены Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэяй (Масква) і Дзяржаўным Рускім музеем (Санкт-Пецярбург).

Дырэктар музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Шаранговіч пад час прэзентацыі праекта адзначыла, што ў экспазіцыі прадстаўлены карціны розных перыядаў творчага жыцця аўтара: ад імпрэсіянізму да футурызму і супрэматызму. Кожная рэпрадукцыя будзе суправаджацца гісторыяй аб стварэнні карціны, а таксама цытатамі самога майстра, які вядомы, акрамя ўсяго, і як тэарэтык мастацтва.

Падзея будзе аформлена як гарадское свята. Пад час адкрыцця адбудзецца праграма Фестывалю сучаснага мастацтва і авангарднай моды "Мамант".

Акрамя таго, у час праекта "Мастак і горад" запланаваны дзіцячы пленэр у Верхнім горадзе, дзе свой позірк на творчасць майстра прадэманструюць навучэнцы дзіцячых мастацкіх школ і выхаванцы дзіцячых дамоў Мінска і Мінскай вобласці. А ўжо зараз у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва працуе выстаўка "Малевіч. Мір формы", на якой экспануюцца работы сучасных мастакоў, што ствараюць свае карціны пад уплывам творчасці знакамітага авангардыста.

Алена МАЧУЛЬСКАЯ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ