Чароўны смычок Вані Карызны

№ 50 (816) 15.12.2007 - 21.12.2007 г

Старшыня журы ІІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на струнных смычковых інструментах імя М.Ельскага, знакаміты віяланчэліст Кірыл Родзін (Расія) сказаў пра 15-гадовага мінчука Івана Карызну, які спаборнічаў у дарослай групе: “Гэта — сапраўдны Гран-пры!..”

 /i/content/pi/cult/141/887/Vijalanchel.jpg
Смык віяланчэлі, мабыць, больш чым смыкі іншых струнных інструментаў падобны да чароўнай палачкі. Бо ў скрыпак ці альтоў ён лётае дзесьці над галовамі выканаўцаў — быццам “дырыжыруе” імі, у кантрабаса ўвогуле не кідаецца асабліва ў вочы, бо ўражвае, найперш, манументальная постаць інструмента і “схаванага” за ім музыканта. А вось ігра на віяланчэлі — сапраўднае чараўніцтва, бы ў лабараторыі алхіміка, дзе над інструментам робяцца магічныя “пасы”, якія ператвараюць яго голас то ў аксамітна барытонавы, мужчынскі, то ў жаноча-альтовы ці мецца-сапранавы, то ў пранікнёна “скрыпічны”, а то і ў харавы — магутны ў акордах і сцішаны на флажалетах. І толькі знаўцы разумеюць, што пры гэтым смык, змешчаны акурат у цэнтры кампазіцыі, быццам закліканы адцягнуць увагу ад левай рукі выканаўцы, якая па-доктарску спрытна ашчупвае выцягнутую “шыю” інструмента і націскае на патрэбныя кропкі.

Але — і гэта самае галоўнае! — пра ўсё вышэй апісанае ніколі не думаеш, калі іграе Іван КАРЫЗНА. Бо і ён сам, і яго інструмент, падораны яму сусветна знакамітым расійскім музыкантам і дырыжорам Уладзімірам Співаковым (гл. “К” № 38 за 2005 г.), становяцца часткай музыкі. Ці ж не ў гэтым самае неспасцігальнае чараўніцтва юнага музыканта?
— Знакамітасць прозвішча камусьці дапамагае, а камусьці, наадварот, перашкаджае, бо нібы не дазваляе выйсці за межы “наканаванага родам”. А як на цябе паўплывала тое, што ты нарадзіўся ў музычна-паэтычнай сям’і патомных дзеячаў культуры? Бацька — кампазітар, дзядуля — паэт, ды яшчэ і аўтар гімна Беларусі...
— Ды ніяк асабліва не ўплывала. Я ніколі не “прыкрываўся” прозвішчам, не бравіраваў ім — проста быў самім самой. Паэзію я папраўдзе люблю, ведаю шмат вершаў напамяць. Але не думайце, што гэта выключна дзядулевы творы ці, яшчэ горш, менавіта радкі, прысвечаная ім свайму ўнуку: мне больш падабаюцца Пушкін, Лермантаў.
— Дзядулеў верш быў пра тое, як аднойчы малым ты застаўся дома адзін і вельмі баяўся.
— Зараз я, наадварот, люблю пабыць сам-насам з сабой, але атрымліваецца гэта рэдка: хіба калі іду куды-небудзь у адзіноце.
— А што яшчэ цікавіць, акрамя музыкі і паэзіі?
— Футбол — я ўсё пра яго ведаю. Калі ёсць вольны час, гуляю ў настольны тэніс. У камп’ютэрныя гульні — зрэдку, хіба каб расслабіцца ці калі рабіць нічога не хочацца. Вабіць мяне таксама дакументалістыка, біяграфічныя кнігі пра майстроў — толькі часу на кнігі застаецца мала.
— Але на тамы пра Гары Потэра часу, відаць, не шкадаваў?
— Ну, пачытаў — мабыць, больш пагартаў. Ад чароўнай палачкі я не адмовіўся б, а трапіць у школу чараўнікоў — не марыў, як іншыя. У школе мне бліжэй гуманітарныя дысцыпліны — гісторыя, геаграфія. А вось фізіка, матэматыка — не так. Аднойчы мы з хлопцамі вырашылі прагуляць урок і пайшлі бавіць час у баскетбол непадалёк ад каледжа. А там якраз будоўля вялася, я за штосьці зачапіўся і паляцеў у вялізную яму. Злякацца не паспеў, але потым ледзь не атрымаў шок: побач з тым месцам, куды я ўпаў, з зямлі тырчэлі два штыры...
— Давай лепей пра прыемны шок: што калісьці больш за ўсё ўразіла, натхніла? Я разумею, што такіх успамінаў шмат...
— Мабыць, сёлетнія майстар-класы ў Бельгіі. Іх вёў знакаміты саліст і педагог Гаўрыэль Ліпкінд — яму ўсяго гадоў 30, не больш, а ён столькі ведае! Для мяне ён чалавек нават не ХХІ стагоддзя, а ХХІІ-га. Да ўсяго, я навучыўся ў яго спецыяльным практыкаванням для рук — гэта можа быць карысна многім музыкантам.
— Да прыкладу, тваёй маці. Яна, дарэчы, цудоўная піяністка, прафесійны канцэртмайстар. Але на конкурсе табе акампаніравала Любоў Пятрова. Выступаць разам з маці, як гэта робяць іншыя, пэўна, залішне хвалююча?
— Мама гадоў да 12-ці хадзіла са мной на заняткі ў класе прафесара Уладзіміра Перліна, запісвала ўсё, што там гаварылася, займалася са мной. Але зараз я не змог бы з ёй іграць: хочацца самастойнасці.
— А ў класе з выкладчыкам ты можаш выяўляць сваю самастойнасць?
— Магу, толькі часам гэта заканчваецца спрэчкамі — творчымі, вядома. Але ў Варыяцыях Чайкоўскага на тэму ракако я ўвасабляў і драматургію, і вобразны лад, падказаныя Уладзімірам Паўлавічам Перліным, за што вельмі яму ўдзячны.
— На твой уласны погляд, ты канфліктны чалавек? Пераходны ўзрост, як-ніяк...
— Гледзячы які ў мяне настрой: я, канешне, намагаюся ім кіраваць, але часам, атрымліваецца, ён мной кіруе.
— А што ў такіх выпадках можа цябе ўраўнаважыць?
— Прырода. Не проста відарыс з акна, а нейкая прыродная з’ява як адчуванне жыцця, прыгажосці, чагосьці чароўнага.

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ