Зямля і неба Фердынанда

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

Валожыншчына: пленэр

Днямі на Валожыншчыне скончылася работа ІІІ Рэлігійнага дзіцячага конкурсу-пленэру “Зямля і неба Фердынанда”, прысвечанага выдатнаму беларускаму мастаку Ф.Рушчыцу (1870 — 1936 гг.) — ураджэнцу вёскі Багданаў. Пленэр праводзіў аддзел культуры Валожынскага райвыканкама, а старшынёй журы быў член БСМ і выкладчык архітэктурнага факультэта БНТУ Алесь Квяткоўскі.

У пленэры прымалі ўдзел каля пяцідзесяці дзяцей — юных мастакоў з Валожыншчыны (Вішнева, Валожын, Доры, Івянец), таксама з Ашмян і Вілейкі. Сярод пераможцаў конкурсу-пленэру — М.Мядзвецкі, Д.Луціна, М.Няхай, В.Красоўская, А.Зара, М.Місян, В.Станулевіч.

/i/content/pi/cult/429/8867/12-2.jpeg

А.Квяткоўскі. "Вада".

Прыемна, што ў самой багданаўскай школе  пра памяць аб Рушчыцу рупяцца, ствараюць музей, адшукваюць усе магчымыя звесткі з жыцця славутага земляка.

 Наогул, Алесь Квяткоўскі — асоба цікавая, бо ўсё сваё мастацтва цалкам прысвячае роднаму краю (сам ён родам з Валожына). І свае апошнія работы, звязаныя з Бацькаўшчынай — Беларуссю, з беларускай міфалогіяй, сёння (да 3 чэрвеня) можна пабачыць на яго персанальнай выстаўцы “Песні дрыгвы”, якая з поспехам працуе ў галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці і прымеркавана да 35-годдзя прафесійнай і педагагічнай дзейнасці мастака.

Праект “Песні дрыгвы” з’явіўся дзякуючы вершу Віктара Шніпа “Балота”, вандроўкам па Палессі, супрацоўніцтву з грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Хутка разам са сваімі студэнтамі — будучымі архітэктарамі Алесь Квяткоўскі выязджае на штогадовую практыку: ізноў на Валожыншчыну, у Вішнева — мястэчка, дзе нарадзілася некалькі знакамітых дзеячаў Беларусі і свету. Як вынік гэтай вандроўкі павінна адбыцца выстаўка, прысвечаная 90-годдзю дзявятага Прэзідэнта Ізраіля Шымона Пераса, які нарадзіўся менавіта ў Вішневе 2 жніўня 1923-га.