З драйвам і “АВВА”

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

Мюзікл “Мама мія!”, асновай якога зрабіліся хіты знакамітага шведскага гурта “АВВА”, быў прадстаўлены на Малой сцэне Канцэртай залы “Мінск”. Яго выканаўцы — студэнты, што навучаліся па спецыяльнасці “Артыст музычнага тэатра” ў нашай Акадэміі мастацтваў.

Надзіва папулярны мюзікл ідзе ў многіх краінах. Вядома, твор — ліцэнзійны, але стваральнікам спектакля (рэжысёр — Эмілія Кавальчык, мастацкі кіраўнік курса — Міхаіл Кавальчык) не давялося шукаць спонсараў, каб вырашыць юрыдычныя пытанні: цягам лета і на пачатку восені “Мама мія!” будзе паказвацца ў сталіцы і на гастролях менавіта як дыпломны спектакль.

Пастаноўка вабіць цікавай інтрыгай, што да самага канца разгортваецца неспадзявана. Запланаванае вяселле так і не адбудзецца, а святкавацца будзе тое, пра якое і не здагадваліся. Наступная прыемнасць — музычная аснова. Пазнавальныя, радасна-лёгкія хіты гурта “АВВА” (музычны кіраўнік і аранжыроўшчык — Аляксандра Сандлер) — быццам вяртанне ў маладосць, калі гурт быў культавым і вандраваў па ўсім свеце. Вабіць мінімалісцкая сцэнаграфія, якая дапаўняецца камп’ютарнымі праекцыямі.

/i/content/pi/cult/429/8865/8-7.jpeg

У імклівым камедыйным спектаклі, дзе рамантычнасць настрояў яднаецца з дасціпнасцю і гумарам, маладыя артысты выглядаюць раскавана. Яны з задавальненнем танцуюць, упэўнена спяваюць (прычым без дужак і “падгучкі”). Найбольш пераконваюць удала падабраныя выканаўцы дзвюх галоўных роляў — дачкі і маці. Сафі (Аляксандра Жук) — мініяцюрная, жвавая, гарэзлівая, як сонечны праменьчык. Донна (Дар’я Валожына) — больш салідная, здатная перадаць разнастайную палітру пачуццяў дарослай жанчыны.

Некаторыя з гэтых акцёраў ужо спяваюць у хоры Вялікага тэатра, некаторыя працуюць у трупе Музычнага. Але будзе шкада, калі курс Міхаіла Кавальчыка, дзе маладыя артысты добра адчуваюць і разумеюць адно аднаго, разбяжыцца ў розныя бакі. І ў той жа час, ідэя Маладзёжнага музычнага тэатра, як кажуць, лунае ў паветры. А чаму б і не?.. Хацелася б, каб драйв, які выканаўцы з гэткім імпэтам транслююць у залу, і надалей заставаўся запатрабаваным.

Таццяна МІХАЙЛАВА

На здымку: сцэна са спектакля “Мама мія!”.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА