“Дзверы” ўдзень і ўначы

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

У майскую Ноч музеяў-2013 Цэнтр сучасных мастацтваў прывабліваў гледачоў выстаўкай “Дзверы”. Я наведаў яе пазней і ў чарговы раз пераканаўся, што назва з’явы або падзеі і яе сутнасць зусім не абавязкова супадаюць, а часцяком — радыкальна разыходзяцца.

Дзвярэй на выстаўцы не было, прынамсі, як мастацкага аб’екта. Разгорнутая ў трох пакоях Цэнтра, экспазіцыя рэпрэзентуе творчасць трох мастакоў з адным прозвішчам: Антона, Аляксандра і Паўла Шапо. У чацвёртым пакоі (паводле структуры выстаўкі, ён — першы, уводны) змешчаны вялікі фотаздымак маці і бацькі мастакоў як знак таго, што праз іх дачыненне пачалося ўсё, і творчасць нашчадкаў — таксама.

/i/content/pi/cult/429/8864/8-6.gif

Аляксандр — скульптар. Ён прапануе гледачу сваё бачанне рэлігійнай міфалогіі. Ад вядомых сюжэтаў творца бярэ толькі іх эмацыйную формулу. Антон і Павел — жывапісцы. Адзін распавядае пра няўцямную ды загадкавую з’яву пад назвай “каханне”, другі — пра таямнічую для еўрапейца Індыю, якую, трэба меркаваць, не так даўно наведаў. Кантэкст выстаўкі — даволі стракаты і канцэптуальна размыты, але для Ночы музеяў, калі ў прыцемках віруе натоўп, можа, гэта менавіта тое, што трэба.

/i/content/pi/cult/429/8864/8-5.gif

Я ж глядзеў выстаўку днём і ў адзіноце, і тыя акалічнасці высветлілі як пазітыўныя, так і адмоўныя рысы экспазіцыі. Спроба аўтараў аб’яднаць стылёва і ментальна разнапланавыя матэрыяльныя аб’екты ў нешта цэласнае праз літаратурныя тэксты падалася мне цікавай, але, у дадзеным выпадку, не надта канструктыўнай. Дарэчы, найлепшы літаратурны опус выстаўкі належыць не мастакам, а іхняй сястры Марыі, (няйначай, ейная прафесія мае дачыненне да друкаванага слова). А, бадай, самыя арыгінальныя экспанаты змешчаны ў “індыйскім” раздзеле: гэта рэшткі корпуса легкавіка, якія, на думку Паўла Шапо, выклікаюць асацыяцыю з індыйскімі сланамі. Мне ж яны чамусьці больш нагадваюць зебру афрыканскую.

На здымках: экспанаты выстаўкі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"