Мары Мацвея: сола сям'і ў кантэксце культуры

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

Я пайду ў спевакі! Хай мяне навучаць! / Рэпетыцыя для бацькоў і выкладчыкаў

У свае сем гадоў Мацвей Равуцкі (на здымку ён з бацькам — кіраўніком культурных праектаў АТН Белтэлерадыёкампаніі Міхасём Равуцкім) паспявае шмат. Ён скончыў першы клас СШ № 4 з музычным ухілам і падрыхтоўчае аддзяленне Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (адначасова па двух аддзяленнях), паступіў у другі клас каледжа — і працягвае займацца ў Дзіцячым музычным тэатры-студыі пры нашым Вялікім тэатры. Спазнаўшы “пах сцэны”, марыць абуладкаваць тэатральныя падмосткі дома — для рэпетыцый і хатніх пастановак.

/i/content/pi/cult/429/8861/7-3.jpeg

На оперы Р.Вагнера “Зігфрыд”, якую прывозіў Сафійскі нацыянальны тэатр, публіка захаплялася не толькі дарослымі артыстамі, але і жвавым, артыстычным хлопчыкам: маўляў, знайшлі ж балгары такі цуд! А той “цуд” быў знойдзены ў Мінску, у нашым Дзіцячым музычным тэатры-студыі пры Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі. Мацвей Равуцкі настолькі натуральна ўліўся ў спектакль, што складалася ўражанне, быццам гэты хлопчык усё жыццё толькі і рабіў, што ўцякаў ад пачвары, малюючы на сцэне мудрагелістыя траекторыі. Насамрэч жа балгары прыехалі, правялі кастынг, растлумачылі, што ды як, — і ўсё, пачалі прагон.

/i/content/pi/cult/429/8861/1-1.jpeg

Удзельнічае Мацвей і ў “Чарадзейнай флейце” В.А. Моцарта, і ў “Кашчэі Бессмяротным” М.Рымскага-Корсакава, і ў нядаўняй прэм’еры “Турандот” Дж.Пучыні. І хаця дзятвы ў гэтым спектаклі шмат, ягоны герой адразу заўважны — тым, як шчыра, аддана ён пражывае ўсе перыпетыі падзей кітайскай філасофскай казкі. Не іграе-спявае, а менавіта жыве — у музыцы і музыкай.

— У тэатры, — кажа Мацвей, — бываюць усялякія незвычайныя... штуковіны, якіх не сустрэнеш у жыцці. Хачу стаць оперным спеваком, калі вырасту. Я буду ўсё-ўсё рабіць, што настаўнікі скажуць! Вельмі хочацца навучыцца...

Няма чаго здзіўляцца, што і яго хатнія забавы імітуюць тэатральную атмасферу. Разам з бацькамі ён выпускае хатні часопіс — таксама, як у Вялікім тэатры, з назвай “Партэр”. Уяўляе сябе рэжысёрам і “муштруе” бацькоў рэпетыцыямі. Нават замовіў, каб зрабілі дома сапраўдную сцэну — не толькі з подыумам, але і з сафітамі, бо добра “выставіць святло” — палова поспеху ўсёй пастаноўкі. Але калі вы думаеце, што сам ён умее адно камандаваць, а ўсе дзверы яму адчыняе хіба бацькава прозвішча (Міхась Равуцкі — адзін з вядучых тэлежурналістаў, кіруе культурным напрамкам Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі, які пачынаў, між іншым, з працы ў рэдакцыі “К”), дык вы памыляецеся. Шлях на вялікую сцэну пачаўся ў Мацвея з дзіцячага садка, а дакладней — з прыходу туды выкладчыкаў Рэспубліканскага каледжа пры БДАМ, якія з усіх дзяцей выбралі менавіта яго.

/i/content/pi/cult/429/8861/7-2.jpeg

— Я пра тое даведаўся толькі праз тыдзень, — кажа бацька юнага артыста. — І хаця мы з жонкай працуем у сферы культуры (Наташа — музейны супрацоўнік), неяк не надавалі ўвагі таму, што наша сістэма прафесійнай музычнай адукацыі, пры ўсіх неспрыяльных для яе ўмовах, усё ж захавала выпрацаваную дзесяцігоддзямі “старую савецкую” методыку ранняга выяўлення творчых схільнасцей. У гэтай галіне працуюць папраўдзе самаадданыя педагогі, якія імкнуцца не толькі даць веды ды ўменні, але і захаваць, развіць індывідуальнасць дзіцяці.

/i/content/pi/cult/429/8861/7-4.jpeg /i/content/pi/cult/429/8861/7-5.jpeg

На падрыхтоўчым аддзяленні Мацвей займаўся па двух класах: харавым і па класе скрыпкі. І калі паўстала пытанне, чаму навучацца далей, мы не ведалі, на чым лепш спыніцца. Кіраўніцтва каледжа само прапанавала выйсце, і ігру на скрыпцы Мацвей будзе працягваць факультатыўна, хаця раней такіх прэцэдэнтаў у іх не было. І ў оперную студыю яго ўзялі — насуперак заведзенаму правілу не прымаць дзяцей без папярэдняй музычнай падрыхтоўкі. Некаторыя бацькі, як я заўважыў, прыводзяць туды дзяцей з-за ўласных амбіцый, а тым гэта бывае не вельмі і цікава. У нас — усё наадварот. Не перастаю здзіўляцца выкладчыкам, як яны ўмеюць працаваць на перспектыву! Заўважаюць у кожным найбольш прыдатныя кірункі ягонага развіцця — і дбаюць пра будучыню дзіцяці, а не пра тое, каб хутчэй атрымаць неабходны вынік.

Кажуць, усе дзеці — таленавітыя. Але хтосьці ўсё дзяцінства прасядзіць у пясочніцы, так і не рэалізаваўшы закладзены ў яго патэнцыял… Дзякуй усім, хто заўважыў і падтрымаў у маім сыне творчыя парасткі! Галоўнае цяпер, каб ён сам усё паспяваў і не страчваў той цікавасці, што ў яго ёсць. Мы часта з ім бываем на оперных спектаклях, і я здзіўляюся таму, як глыбока ён успрымае такія “дарослыя” пастаноўкі, як, да прыкладу, “Тоска”, заўважае тое, чаго, здараецца, не бачу я. Ну а тую ж “Турандот” можа дома праспяваць з пачатку да канца, увасабляючы ўсіх герояў па чарзе!..

Фота Ірэны ГУДЗІЕЎСКАЙ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"