Нечаканая радасць удвая саладзей

№ 50 (816) 15.12.2007 - 21.12.2007 г

Насуперак усім законам “Еўрабачання”, у дзіцячым конкурсе зноў пераможцам выйшаў прадстаўнік Беларусі — 11-гадовы Аляксей Жыгалковіч. Гэта ўжо другая абсалютная перамога нашых дзяцей за апошнія тры гады: у 2005-м конкурс бліскуча выйграла Ксеня Сітнік. Дый леташняе выступленне Андрэя Кунца было не менш зорным: па выніках галасавання тэлегледачоў з усёй Еўропы ён стаў другім па колькасці балаў.

 /i/content/pi/cult/141/886/Zhygalkovich.jpg
Да ўсяго, яго другое месца таксама можна было лічыць першым, бо апярэдзілі Андрэя сёстры Талмачовы з Расіі, якія скарылі не столькі рэтра-джазавай песенькай, колькі, бадай, сваім падабенствам адна да адной. Пасля таго некаторыя жартавалі, што, маўляў, для наступнай перамогі Беларусі трэба будзе знайсці адразу трох сясцёр.
Але, як высветлілася, хапіла і аднаго хлопчыка. Затое якога!За плячыма Алёшы Жыгалковіча ўжо былі тры перамогі на буйных міжнародных спаборніцтвах. Вялікі артыкул на старонках нашага выдання быў прысвечаны таму, калі ў 2005-м ён з песняй “Каза” Ганны Казловай скарыў гледачоў Еўропы, стаўшы срэбраным пераможцам 48-га Сусветнага тэлеконкурсу “Залаты цэхін” у Італіі (гл. “К” № 52 за 2005 г.). Не абышлі мы ўвагай і яго ІІ прэмію на леташнім “Славянскім базары ў Віцебску” (“К” №№ 29-30 за 2006 г.). Пісалі і пра ўдзел юнага спевака ў спектаклі “Прыгоды брэменскіх музыкантаў” (“К” № 13 за 2007 г.). Ну, а пра тое, колькі нататак было прысвечана падрыхтоўцы Алёшы да дзіцячага “Еўрабачання”, і казаць няма чаго, бо тут ужо быццам “спаборнічалі” між сабой усе СМІ.Праўда, у параўнанні з тым, як адлюстроўваліся “провады” папярэднікаў, усё было больш сціпла. Бо ўсе цудоўна разумелі, што пры ўсёй непрадказальнасці “Еўрабачання” (а дакладней, густаў і прыхільнасцей тэлегледачоў розных краін), там дзейнічае закон выпадковых лічбаў, пры якім двойчы ў адну лунку шар не трапляе. Аказалася, трапляе! Можа, менавіта ў гэтым адрозненне дарослага “Еўрабачання” ад дзіцячага, бо апошняе мае куды меншыя, усяго 5-гадовыя традыцыі? Але, здаецца, нават калі апытаць усіх, хто ўвечары 8 снежня аддаў свой голас за нашага Алёшу, многія так і не змогуць растлумачыць, чым ім спадабалася яго песня: маўляў, спадабалася — і ўсё тут!Дык, папраўдзе, не трэба шукаць ні “падводных камянёў”, ні высокіх філасофскіх абгрунтаванняў, а проста парадавацца за нашага хлопчыка і ўсю яго зорную каманду. Прычым радавацца не толькі ўласна за перамогу (а перамога на любым конкурсе, нават самым традыцыйным, — гэта, акрамя прафесійнага складніка, яшчэ і воля выпадку), але і за тое, як узрастае апошнім часам падрыхтаванасць беларускіх удзельнікаў, якія новыя рубяжы яны бяруць.
Той жа Алёша — не столькі вакаліст, колькі дасканала падрыхтаваны артыст з багатай сцэнічнай і тэлевізійнай практыкай. А група “All stars” (“Усе зоркі”), што з ім выступала, і ўвогуле прафесійная каманда, якой падуладны даволі складаныя “выбрыкі” брэйк-данса і хіп-хопа. Радуючыся за дзяцей, яшчэ больш трэба радавацца за дарослых, якія іх выхоўвалі і рыхтавалі непасрэдна да “Еўрабачання”. Гэта і бацькі (дарэчы, Лёшавы бацькі — абодва медыкі, а не музыканты, хаця ў свой час маці вучылася ігры на скрыпцы, а бацька — на акардэоне), і шматлікія выкладчыкі (Лёша вучыцца ў СШ № 161, у спісе яго навучальных устаноў таксама школа мастацтваў, дзе ён займаўся з 6-ці гадоў, студыя Пятра Ялфімава ў Маладзёжным тэатры эстрады), і ўсе тыя, хто дапамагаў яму ў падрыхтоўцы і ўдзеле ў іншых творчых праектах (ад тэлеконкурсу “Сузор’е надзей” да сёлетняга Міжнароднага конкурсу ў Балгарыі, дзе А.Жыгалковіч таксама стаў лаўрэатам). Нарэшце, непасрэдныя “творчыя бацькі”, якімі трэба лічыць педагога па вакале Вольгу Вронскую і харэографа Аляксандра Мяжэннага. Сумесная праца гэтага творчага тандэма ўражвала і раней, у тым ліку падчас тэлеконкурсу “Цудоўная пяцёрка”, калі яны літаральна за некалькі дзён рабілі з’яднаную спеўна-энергічна-харэаграфічную каманду з прадстаўнікоў самых розных прафесій.
Што ж да наступных “Еўрабачанняў” і, адпаведна, вывядзення новых “заканамернасцей” гэтага конкурсу, дык правільней было б, відаць, не столькі загадваць на будучыню, колькі проста працягваць карпатлівую працу па выяўленні адораных дзяцей і далейшай іх падрыхтоўцы. З накіраванасцю не толькі на той ці іншы конкурс, але і ўвогуле на раскрыццё іх уласнага творчага патэнцыялу, які пазней дазволіць малым вундэркіндам перарасці ў сапраўдных творцаў. Бо менавіта ў гэтым — залог росквіту нацыянальнай культуры.

Надзея БУНЦЭВІЧ