“Парніковае” падаткаабкладанне? Тады шансон — не на аграсядзібу!

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

Мы шмат пісалі пра тое, што беларускія аграсядзібы павінны мець нацыянальны каларыт. Іх у нас — каля дзвюх тысяч. Цягам мінулага года адпачыла тут 223 тысячы чалавек. 30 працэнтаў з іх — замежныя турысты. І ў нашым вясковым антуражы прапаноўваць, скажам, японцам сушы як вячэру, арыгамі як сувенір, харакіры як абрад — не надта дарэчна, мякка кажучы. Не зразумеюць. Маўляў, свайго мы і дома пакаштуем — давайце дранікаў ды “Лявоніху”!.. Усё гэта так. Але гаспадароў сядзіб не вучаць нацыянальнай свядомасці. І не ўсе пакуль дацямілі, што аўтэнтычнае беларускае на Беларусі прадаваць выгадней — нават суайчынніку, які ўжо “наеўся” турцыямі і чэхіямі. Вось і ўзнікаюць на беларускіх абсягах, хутчэй, турыстычныя фазэнды ды ранча, а не традыцыйнае звонку беларускае жытло, няхай сабе і з сучасным унутраным еўраначыннем.

— Паслугі аграэкатурызму і рамесніцкай дзейнасці маюць значныя падатковыя льготы, — заўважыла на нядаўняй прэс-канферэнцыі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка. — Гэтыя прэферэнцыі — доказ таго, што дзяржава аказвае сацыяльную падтрымку сельскім ініцыятывам...

Згодны, справу на пачатковым этапе развіцця варта ўсебакова падтрымліваць. Гэта і адпачынак, і аздараўленне, і практычнае знаёмства з нашымі традыцыямі, гісторыяй ды прыродай. Карацей, справа ў перспектыве — цалкам бюджэтаўтваральная. І трэба для гэтага мінімум: жытло, падсобная гаспадарка, заяўка мясцовым уладам, выплата адной базавай у год (сто тысяч рублёў). І два гады — ніякіх падатковых праверак. Словам, умовы — самыя парніковыя... І хіба ж дзіва, што ў 2006 годзе такіх сядзібных гаспадароў было крыху больш за 30, а на сёння — ужо дзве тысячы.

Так, у большасці вясковых сядзіб цябе сустрэнуць з беларускай песняй, у нацыянальным строі і з караваем хатняй выпечкі. І, як паказвае практыка, гэта тыя прадпрымальныя людзі, якія даўно наладзілі цесны кантакт з мясцовымі аддзеламі культуры. А дакладней — з народнымі аматарскімі калектывамі ды майстрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Інакш кажучы, гэтыя гаспадары аграэкасядзіб даўно ўцямілі, што шансон — для рэстарана, а вёска — для нетаропкага ўспрыняцця менавіта сялянскага побыту. І тут акорды іншыя, без гарадскога фальшу. Сам бачыў на Расоншчыне, як сталы немец-турыст прасіў у гаспадыні экасядзібы баршчу з печы, і каб той быў з “вугельчыкамі”, міска — з гліны, а лыжка — з дрэва. Немец, відаць, добра пазнаёміўся ў свой час з нашымі спаконвечнымі традыцыямі...

А калі гаспадар сядзібы — колішні гараджанін і не ўмее як след гатаваць? Тады не абысціся яму без падтрымкі аматарскіх аб’яднанняў нацыянальнай кухні, якімі славіцца, да прыкладу, Шумілінскі раён. А калі спяваць ды граць не ўмее, дык прамая дарога яму — у бліжэйшы аддзел культуры. І такімі трывалымі дзяржаўна-прыватнымі сувязямі даўно славіцца, скажам, Ашмяншчына. А на двары такой сядзібы майстар-клас могуць правесці кавалі, бондары, ганчары, ткачыхі, якіх цяпер хапае ці не ў кожным нашым раённым Доме рамёстваў. Канкрэтныя геаграфічныя прыклады можна доўжыць бясконца, але неаспрэчным застаецца тое, што сельскі турызм на паях з аддзеламі культуры толькі спрабуе набраць сілы.

Вось рамесніцкай дзейнасцю на Беларусі займаецца на сёння шэсць з паловай тысяч творцаў. Для іх таксама створана спрошчанае падаткаабкладанне. Як паведамляе намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб — начальнік упраўлення падаткаабкладання індывідуальных прадпрымальнікаў Міністэрства па падатках і зборах Таццяна Пятрэнка, існуе больш за 30 відаў рамесніцтва. Дарэчы, сярод саломкапляцення, ганчарства і г. д. ёсць арыгамі і ікебана. Указы і законы гэтага, натуральна, не забараняюць. Справа, зноў-такі, — у нацыянальным гонары, наяўнасць якога прававымі актамі не прастымулюеш. А вось дзейнасць аддзела культуры па наладжванні творчых праграм у сядзібных межах і на “зялёных маршрутах” рэгламентуецца, па словах Святланы Шаўчэнка, таксама вельмі проста: грошы ад выканання культурных паслуг ён атрымлівае ад гаспадара сядзібы ў адпаведнасці са складзенай загадзя дамовай...

Пры наладжванні беларускага аграэкатурызму, як падкрэсліла Святлана Шаўчэнка, мы выкарысталі і замежны вопыт: польскі, амерыканскі, украінскі. Наша схема — найбольш спрыяльная ў плане спрошчанага падаткаабкладання і справаздачнасці. Нагадаю: усе гэтыя прэферэнцыі — найперш для росту эканамічнай заможнасці сяла. Не забыцца б толькі, што сяла — беларускага…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"