Гомельская дабрадзейка

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

Ірына Іванаўна Варанцова-Дашкава лічылася адной з самых прыкметных пецярбургскіх нявест сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Па-першае, яна была прадстаўніцай старажытнага і вельмі славутага дваранскага роду. Па-другое, Варанцовы-Дашкавы на працягу некалькіх стагоддзяў, знаходзячыся практычна ля самога расійскага прастола, аказвалі істотны ўплыў на палітыку дзяржавы. І, нарэшце, сям’я была вельмі багатая. Пецярбургскі салон, адкрыты маці Ірыны — Аляксандрай Кірылаўнай, адной з першых прыгажунь, вылучаўся раскошай і лічыўся прэстыжным.

Аднойчы салон наведаў сын героя руска-персідскай і руска-турэцкай войнаў, праслаўленага фельдмаршала Івана Фёдаравіча Паскевіча-Эрыванскага. Спадчыннік славы свайго сталага бацькі, Фёдар Іванавіч ужо не быў легкадумным юнаком. Але, дажыўшы да трыццаці гадоў, усё яшчэ не ажаніўся. Юная Ірына Варанцова-Дашкава завалодала яго думкамі настолькі, што ён хутка стаў пастаянным наведвальнікам салона, маючы на мэце прыцягнуць да сябе ўвагу дзяўчыны. Багацце, здабытае бацькам на марсавых палях, дазваляла яму заляцацца да князёўны, і вытанчаныя знакі ўвагі Паскевіча былі ацэнены бацькамі Ірыны.

/i/content/pi/cult/429/8852/14-4.gif

Аднак, калі ў рэшце рэшт дачка заявіла, што збіраецца прыняць прапанову Паскевіча, радасці ў іх гэта не выклікала. Пра Паскевіча-старэйшага ў свецкіх колах казалі не інакш як “из грязи в князи”. Нашчадак небагатага ліцвінскага шляхціча, стары Паскевіч не толькі багацці, але і княжацкі тытул атрымаў выключна дзякуючы ўласнаму воінскаму таленту. Але для расійскай знаці ён, тым не менш, заставаўся чалавекам “захудалага паходжання”, які займеў свой статус не па праве.

Родныя і блізкія як маглі адгаворвалі князёўну Ірыну ад такога выбару, але шлюб усё адно адбыўся. Замужжа Ірыны Варанцовай-Дашкавай было ўспрынята як выклік. Маладой сям’і фактычна абвясцілі байкот. Ахвяраваўшы дзеля кахання “дружбай” вялікага свету, новаспечаная княгіня Паскевіч тры гады вымушана была весці замкнуты лад жыцця, прымаючы ў багатым пецярбургскім доме свайго мужа на Англійскай узбярэжнай толькі нешматлікіх, найбольш блізкіх ёй, людзей.

Калі ў самым пачатку 1856-га фельдмаршал Паскевіч памёр, Ірына Іванаўна без шкадаванняў пакінула сталіцу Расійскай імперыі, каб разам з мужам уступіць у валоданне спадчынай свёкра. Перлінай уладанняў Паскевіча-старэйшага быў Гомель. Яму належыла палова горада і яшчэ 90 маёнткаў, фальваркаў, сядзіб, хутароў, дамоў у Гомельскім павеце. Абжываючы шыкоўны гомельскі палац, княгіня Ірына, выхаваная на творах Талстога, Дастаеўскага, Тургенева, усё часцей, міжволі, думала аб тых, пра каго кажуць “пакрыўджаныя лёсам”, пра “бедных” людзей…

І вось у 1857 годзе княгіня Паскевіч прымае рашэнне ахвяраваць штомесяц па дзесяць рублёў срэбрам для бясплатнага жаночага вучылішча. На яе сродкі ствараецца і ўтрымліваецца прытулак для дзяўчынак-сірот, дзіцячы прытулак гарадскога Апякунства бедных і багадзельня для пажылых жанчын. З выхаванцаў прытулка княгіня Ірына выбірала найбольш здольных дзяцей і давала ім магчымасць атрымаць прафесію, якая ў далейшым магла б забяспечыць ім прыстойнае жыццё.

Моцна жадаючы мець дзяцей, Ірына Іванаўна аднойчы мусіла выслухаць безапеляцыйны прысуд урачоў: дзяцей у іх з князем Паскевічам быць не можа… Пазбаўленая магчымасці прылашчыць сваё ўласнае дзіця, княгіня падарыла сваю любоў дзецям-сіротам. Менавіта для іх на перакрыжаванні вуліц Замкавая і Траецкая княгіня адкрыла салон, у якім іх навучалі музыцы і спевам. Але і тыя гомельскія дзеці, што мелі сем’і, не былі забыты. У вёсцы Сцюдзёная Гута, што пад Гомелем, Ірына Іванаўна пабудавала школу для вясковых дзетак. А ў самім Гомелі на грошы Паскевічаў была створана мужчынская класічная гімназія. Па святах усім дзецям горада, па загадзе княгіні Ірыны, раздавалі падарункі…

У 1903-м княгіня Ірына аўдавела, пражыўшы ў шлюбе пяцьдзясят гадоў. Яна засумавала, апранулася ў цёмнае адзенне на ўсё астатняе жыццё і… яшчэ больш паглыбілася ў справы дабрачыннасці ды міласэрнасці. У 1905-м ахвяравала дзесяць тысяч рублёў на заснаванне імянной стыпендыі пры Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце. Гэтая стыпендыя, якая ўтваралася ад працэнтаў з ахвяраванай сумы, штогод прызначалася аднаму са студэнтаў інстытута, самаму здольнаму, незалежна ад саслоўя і веравызнання. У 1907 годзе, на ўласныя грошы, Ірына Іванаўна пабудавала водаправод у Гомелі, падарыла гораду дзве пажарныя вышкі, каменны будынак для рамесных класаў мужчынскага прыходскага вучылішча.

Вымушаная прыняць пасля смерці мужа ў свае рукі кіраванне шэрагам прадпрыемстваў, якія яму належалі, княгіня Паскевіч паказала сябе не проста паспяховым “менеджарам”, але і чалавекам новага мыслення. Гэтак яна першай у Расійскай імперыі ўвяла для працоўных Добрушскай папяровай фабрыкі і Добрушскага лесапільнага завода васьмігадзінны працоўны дзень. Усе супрацоўнікі гэтых прадпрыемстваў атрымалі ад гаспадыні бясплатнае і вельмі прыстойнае жыллё. Зрэшты, гомельскія газеты па наказе княгіні Ірыны бясплатна карысталіся паперай, якую выраблялі на яе фабрыцы.

Аднойчы княгіня Паскевіч заўважыла, што ў горадзе і яго наваколлях надта ж шмат людзей пакутуюць на трахому. Сама княгіня таксама пачала слепнуць… Ірына Іванаўна фінансавала будаўніцтва спецыялізаванай лячэбніцы, на ўласныя грошы падрыхтаваўшы шэраг урачоў.

Узровень падрыхтоўкі гомельскіх акулістаў аказаўся такім высокім, што з усёй Беларусі хворыя спяшаліся да іх на прыём у лячэбніцу, якая знаходзілася на вуліцы Канатнай. Тут вярталі зрок многім. Але, на жаль, княгіню Паскевіч яе выхаванцы не змаглі вылечыць, толькі прыпыніўшы, расцягнуўшы на гады, працэс страты зроку…

Гэтая лячэбніца была не адзінай медыцынскай установай, адкрытай Ірынай Іванаўнай. У 1912-м яна будуе гінекалагічную бальніцу і раддом, а таксама ахвяруе грошы на ўзвядзенне нейрахірургічнай клінікі Пірагова ў Пецярбургу.

/i/content/pi/cult/429/8852/14-6.gif


Сучасны выгляд франтона трэцяга корпуса лячэбніцы, пабудаванай Ірынай Паскевіч.

У гады Першай сусветнай вайны па ініцыятыве княгіні Паскевіч быў пабудаваны ваенны шпіталь на 100 ложкаў. Прынялі параненых таксама іншыя медыцынскія ўстановы, часова пераўтвораныя намаганнямі Ірыны Іванаўны ў лазарэты. Дзейснае спачуванне гомельскай княгіні рускім воінам, якія былі паранены на палях бітваў, атрымала шырокі рэзананс. У 1915 годзе падзякаваць Ірыне Паскевіч у Гомель прыехаў сам цар Мікалай ІІ.

/i/content/pi/cult/429/8852/14-5.jpeg

Вуліца Замкавая і вакзал у Гомелі. 1911 г.

Праз тры дні пасля ўсталявання ў Гомелі ў лістападзе 1917-га савецкай улады княгіня Паскевіч адпісала ўсю сваю маёмасць дзяржаве і назаўжды пакінула свой палац. Першы час Ірына Іванаўна жыла пры лячэбніцы, якую сама ж і стварыла. Пакой для княгіні выдзеліў абучаны ёю доктар Брук. Потым улады далі ёй маленькую кватэрку непадалёк ад палаца, а апошні перадалі піянерам і краязнаўчаму музею. Жыла княгіня Паскевіч разам са сваёй былой служанкай. Да самага канца заставаўся пры былой гаспадыні і стары дварэцкі Далгоў. Пайшла з жыцця княгіня Паскевіч 14 красавіка 1925-га, пражыўшы амаль дзевяноста гадоў…

Ірына МАСЛЯНІЦЫНА,

Мікалай БАГАДЗЯЖ

Згодна з рашэннем, прынятым на сесіі Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў, вуліца Першамайская стане працягам Ірынінскай, названай у гонар княгіні Ірыны Паскевіч, і тым самым цалкам верне страчаную ў 1919 годзе назву.