Пласцінка для Нэмэна

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

Фотаплёнка з гісторыяй

Фотакарэспандэнт Аляксандр Дзмітрыеў, чые здымкі з'яўляюцца ў "К", прысутнічаў у лістападзе 1976-га на рэпетыцыях і адным з канцэртаў Чэслава Нэмэна ў Мінску. Акрамя таго, што ён зрабіў серыю цікавых здымкаў нашага земляка, ураджэнца вёскі Старыя Васілішкі, што на Шчучыншчыне, Аляксандр Фёдаравіч займеў пласцінку з аўтографам Нэмэна.

— Пад час дзённай рэпетыцыі пачуў, як Нэмэн казаў камусьці, што нядаўна выйшаў дыск Давіда Тухманава “Па хвалі маёй памяці” і ён вельмі хацеў бы яго пачуць. А я з Масквы за колькі дзён да гэтага прывёз менавіта гэты альбом. Вярнуўшыся здымаць канцэрт, я прэзентаваў яму пласцінку, а Чэслаў Нэмэн, у адказ, падарыў свой апошні альбом з аўтографам...

Таксама Аляксандр Дзмітрыеў папрысутнічаў і за кулісамі пад час інтэрв’ю з музыкантам, дзе ўдалося зрабіць некалькі вельмі ўдалых партрэтаў Нэмэна. Наогул, як згадвае візаві, музыка польскага артыста зрабіла ў той час на яго моцнае ўражанне сваёй непадобнасцю на ўсё, што даводзілася чуць раней: “Яна была нават не незвычайная, а — іншая, складаная, тая, што прымушала задумвацца”.

/i/content/pi/cult/429/8851/14-1.jpeg

/i/content/pi/cult/429/8851/14-2.jpeg

/i/content/pi/cult/429/8851/14-3.jpeg

Частку кадраў з той фотаплёнкі рэдакцыя “Культуры”, з дазволу Аляксандра Фёдаравіча, перадала ў Клуб-музей земляка ў Старых Васілішках. Прапануем і нашым чытачам вярнуцца пасродкам здымкаў Аляксандра Дзмітрыева у 1976-ы, каб адчуць дух таго часу і нэмэнаўскую артыстычную абаяльнасць.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах