Уладзімір РЫЛАТКА, першы намеснік міністра культуры РБ: “Венесуэла авацыямі вітала беларускіх артыстаў”

№ 50 (816) 15.12.2007 - 21.12.2007 г

Афіцыйны візіт беларускай дэлегацыі на чале з Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам у Каракас прымусіў свет загаварыць аб новым этапе ўзаемасупрацоўніцтва Беларусі і Венесуэлы. Прэзідэнты дзяржаў адкрылі сумеснае венесуэльска-беларускае прадпрыемства па здабычы нафты ў басейне ракі Арынока; паміж дзвюма краінамі было падпісана 15 міждзяржаўных пагадненняў, пакет двухбаковых кантрактаў. Якія перспектывы развіцця ўзаемастасункаў адкрыліся сёння ў культурнай сферы паміж Беларуссю і Венесуэлай — аб гэтым “К” папрасіла расказаць першага намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Рылатку, які ў складзе беларускай афіцыйнай дэлегацыі пабываў на паўднёваамерыканскім кантыненце.

 /i/content/pi/cult/141/885/Venesuela.jpg

Аляксандр Лукашэнка і Уга Чавес на Нацыянальнай

выстаўцы Рэспублікі Беларусь у Венесуэле.

Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА
— Уладзімір Пятровіч, ці можна пасля гэтага візіту ў Каракас гаварыць і аб плённым развіцці культурных ўзаемасувязяў паміж Венесуэлай і Беларуссю?
— Безумоўна. Беларусь у гэтай частцы свету наогул ведаюць вельмі, скажам так, прыблізна. Таму першы візіт Уго Чавеса ў Беларусь стаўся для паўднёваамерыканцаў своеасаблівым адкрыццём нашай краіны. Тое, што ён убачыў тут — што створана і пабудавана рукамі людзей: гарады, вёскі, — зрабіла на яго такое ўражанне, што кіраўнік венесуэльскай дзяржавы вырашыў узяць за ўзор мадэль нашай эканомікі, яе сацыяльную накіраванасць, каб вырашыць праблемы, якія сёння існуюць у яго краіне. Калі нам хтосьці гаворыць пра ахвяры імперыялізма, усё ўспрымаецца аддалёна — дзесьці штосьці адбываецца. А калі бачыш ўвачавідкі тысячы хацін-будак, якія абляпілі горы вакол Каракаса, разумееш, які ўзровень беспрацоўя, галечы, цяжкага сацыяльнага становішча існуе ў Венесуэле, у краіне, якая — казачна багатая. Каб ліквідаваць гэты кантраст, натуральна, венесуэльцы павінны прыкласці вялікія намаганні. Але ўзровень ўзаемастасункаў двух прэзідэнтаў — узровень ўзаемапаразумення, зацікаўленасці, які існуе паміж імі ў пытаннях эканомікі, палітыкі, культуры — дае падставы гаварыць аб тым, што шлях, які абрала Венесуэла, абавязкова будзе годна пройдзены.
Зрэшты, на паўднёваамерыканскім кантыненце пераплялося мноства ўзаемных інтарэсаў Беларусіі Венесуэлы. Гэта датычыцца і культуры.
Па сутнасці, падчас візіту венесуэльцы ўпершыню ўбачылі беларускіх артыстаў, пазнаёміліся з беларускай культурай. Наш культурны дэсант складаўся больш чым са 100 чалавек — ансамблі “Харошкі”, “Бяседа”, “Чысты голас”, “Верасы”, выканаўцы Ірына Дарафеева, Аляксандр Шувалаў, Алёна Шведава, Зміцер Качароўскі, Аляксандр Кунец… — каманда была дастаткова ўнушальная. І пачыналася ўсё з культурнай праграмы на Нацыянальнай выстаўцы Рэспублікі Беларусь у Каракасе — натуральна, што такая буйная выстаўка не магла абысціся без культурнага складніка. На кожным паверсе, у кожнай зале гучала беларуская музыка ў выкананні нашых артыстаў.
Акурат перад экспазіцыяй была сцэна, на якой праходзіў эстрадны канцэрт. Цікавасць публікі да беларускіх калектываў была неверагоднай. У выставачным павільёне нашы артысты далі прадстаўленне і на другі дзень мерапрыемства — і ў залу немагчыма было патрапіць: столькі прыйшло людзей. Але галоўнай культурнай падзеяй візіту можна назваць выступленне беларусаў у адной з буйнейшых канцэртных залаў Паўднёвай Амерыкі — зале Театrо Teresa carreno. Яе нават забаронена фатаграфаваць, настолькі венесуэльцы шануюць імідж і аўтарытэт славутасці.Менавіта там адбылася прэзентацыя нашай дэлегацыі і вялікі канцэрт артыстаў. Намеснік міністра народнай улады па культуры Іван Падзілья, славуты венесуэльскі паэт і пісьменнік, ахарактарызаваў наша выступленне як грандыёзнае. Венесуэльская публіка вітала артыстаў стоячы. Яна ўставала, напэўна, разоў дзесяць — я ніколі не чуў такога шквалу апладысментаў, такога ўдзячнага ўспрыняцця музычнага мастацтва. Відавочна, што паўднёваамерыканскі кантынент — гэта публіка, да якой мы па-сапраўднаму не дабраліся, і яна чакае высокага мастацтва.
— Каго з нашых артыстаў венесуэльцы ўспрымалі з асаблівым захапленнем?
— Вельмі цяжка кагосьці аднаго вылучыць. Добра ўспрымалі ўсіх. Спадабалася публіцы тое, што нашы артысты спявалі на іспанскай мове — так, нашы выканаўцы падрыхтаваліся да паездкі, — і венесуэльцы бясконца выклікалі “на біс” Ірыну Дарафееву і Зміцера Качароўскага. Усіх ашаламіў Саша Кунец — сваім неверагодным абаяннем, жвавасцю, артыстычнасцю. А як ўспрымалі Алену Шведаву! Публіка лавіла кожную яе ноту падчас выканання, выбухала апладысментамі, калі Алене з бляскам ўдавалася пэўная філаратура. Цудоўна прымалі “Бяседу”... Аднак, прызнацца, больш за ўсіх паланілі венесуэльцаў “Харошкі” — калі яны завяршылі сваё выступленне, мне падалося, што дах залы немінуча рухне — не зможа вытрымаць такі шквал эмоцый. Напэўна, вось гэтая запальваючая танцавальная культура ім вельмі блізкая.
Аднак трэба адзначыць, што канцэрт быў агульным, на адной сцэне з беларускімі артыстамі выступалі і венесуэльскія калектывы. Шчыра прызнаюся, я нават не чакаў, што ўбачу такі высокі ўзровень танцавальнай культуры. Венесуэльцы вельмі даткліва ставяцца да фальклора, захоўваюць яго і, да ўсяго, віртуозна выконваюць.
Мяне неверагодна ўразіў Нацыянальны танцавальны калектыў Венесуэлы, які ў сваім рэпертуары мае 70 унікальных танцаў — кожны характэрны для пэўнага рэгіёна краіны.
Вельмі спадабаўся і адзін венесуэльскі джазавы ансамбль. У яго быў даволі незвычайны склад: дзве гітары, кантрабас, флейта. Музыканты па-майстарску выконвалі народныя творы ў сучаснай джазавай апрацоўцы — і гэта слухалася.Увогуле, калі ахарактарызаваць венесуэльскую культуру ў двух словах, яна можа пахваліцца і багатымі здабыткамі мінулага, і сучаснымі творамі. У іх добра развіваецца народнае мастацтва, ёсць выдатны маладзёжны сімфанічны аркестр, оперны тэатр, балет, а Каракас — увогуле, горад багаты на мастацкія музеі. Венесуэльцы мяне ўразілі сваім выяўленчым мастацтвам. У іх вельмі моцныя зборы старых майстроў, шырока прадстаўлена індзейская культура, археалогія, але што для мяне сталася сапраўдным адкрыццём — дык гэта калекцыі сучаснага мастацтва. Калі вы хочаце ўбачыць выразнае, проста абпальваючае сучаснае мастацтва — вам належыць ехаць у Венесуэлу.
— А ці магчыма будзе ўбачыць гэтыя творы калі-небудзь у Беларусі?
— Мяркую, што музейны абмен — гэта адна з перспектыў нашага супрацоўніцтва. Дамова ў галіне культуры, якая была падпісана падчас візіту ў Венесуэлу, раскрывае шырокія магчымасці ўзаемасупрацоўніцтва. Нягледзячы на аддаленасць нашых краін і звязаныя з гэтым праблемы, спадзяюся, мы здолеем пазнаёміцца з калекцыямі венесуэльскіх музеяў.
У наступным годзе, мяркуецца, да нас прыедзе намеснік міністра народнай улады па культуры — для таго, каб пазнаёміцца з нашай сістэмай адукацыі. Бо адным з пытанняў, якія абмяркоўваліся падчас сустрэчы ў Венесуэле, — было стварэнне ў Каракасе адзінай вышэйшай установы мастацтваў. Мы дамовіліся, што нашы спецыялісты — універсітэта культуры і мастацтваў, акадэміі музыкі і акадэміі мастацтваў прыедуць у Венесуэлу, каб дапамагчы ў стварэнні такой ВНУ — сфарміраваць прадуктыўную мадэль установы. Але перш, чым адбудзецца гэты візіт, Іван Падзілья наведае нашу краіну, а потым ужо наша дэлегацыя паедзе працаваць у Паўднёвую Амерыку.
Што тычыцца венесуэльскіх артыстаў і музыкантаў, дык мы чакаем іх на “Славянскі базар у Віцебску”.
На наступны год запланаваны ўдзел у фестывалі Нацыянальнага ансамбля танца Венесуэлы, пра які я ўзгадваў вышэй, і венесуэльскага гітарыста-віртуоза. У рамках еўрапейскага турнэ да нас завітае і маладзёжны сімфанічны аркестр Венесуэлы. Пад час “Славянскага базару ў Віцебску” для таго, каб бліжэй пазнаёміць беларусаў з унікальнай культурай нашых сяброў, мяркуецца правесці Дзень культуры Венесуэлы ў Беларусі, у рамках якога адбудзецца вялікі канцэрт венесуэльскіх артыстаў у Белдзяржфілармоніі.Увогуле, пра венесуэльскі народ мне хочацца сказаць наступнае: ён вельмі таленавіты, адкрыты, шчыры. Венесуэльцаў вылучае неверагодная чысціня помыслаў, бясконцая дабрыня. Мне падаецца, што яны вельмі падобны да беларусаў. Або, наадварот, беларусы вельмі падобныя да венесуэльцаў, і таму нам так лёгка знаходзіць агульную мову. Мы сустрэлі падчас паездкі вялікую зацікаўленасць, прагу да супрацоўніцтва, да пераймання нашых набыткаў, і мы з ахвотаю падзелімся ўсім, чым можам.І ў заключэнне хачу адзначыць, што пашырэнне нашага культурнага досведу ў першую чаргу неабходна для вызначэння сваёй ўласнай самабытнасці. Для таго, каб захаваць сваю адметнасць, часам неабходна паглядзець на сябе з боку. Навукоўцы кажуць, што менавіта на перакрыжаванні розных тэндэнцый і нараджаецца найбольш самабытныя з’явы. І я думаю, што нам будзе вельмі цікава пазнаёміцца з іншай культурай і праз яе спазнаваць глыбіню ўласнага мастацкага вопыту.

Занатавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ