Канферэнц-зала Нацыянальнай бібліятэкі прыняла ў першы дзень форуму больш за 350 бібліятэчных спецыялістаў з усёй Беларусі, работнікаў адукацыйных устаноў, прадстаўнікоў заканадаўчай і выканаўчай улады. Старшыня савета Беларускай бібліятэчнай арганізацыі Наталля Чуева заўважыла, што дадзенае мерапрыемства — знакавае і лёсавызначальнае для далейшага развіцця нашай бібліятэчнай справы. Таму характэрныя яго асаблівасці — дзелавітасць і аналітычная канкрэтыка.
Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік, да прыкладу, адразу перайшоў да канкрэтных праблем. Паколькі сельскае насельніцтва рэспублікі скарачаецца штогод у сярэднім на два працэнты, адзначыў ён, дык змяншяецца і колькасць публічных бібліятэк. За апошнія дзесяць гадоў знікла кожная чацвёртая сельская ўстанова, а за 2012-ы ў вёсках было закрыта 130 бібліятэк. Несумненна, працэс неабходна трымаць пад кантролем. На гэта і скіравана Дзяржпраграма ўстойлівага развіцця сяла на 2011 — 2015 гады. Яшчэ адзін найважнейшы кірунак ва ўдасканаленні бібліятэчнага абслугоўвання — стварэнне ўстаноў культуры змяшанага тыпу: бібліятэк-клубаў, бібліятэк-музеяў. Сёння іх па краіне — больш за 520.
Гаворка ішла і пра інтэграцыю сельскіх публічных ды школьных бібліятэк. Эксперымент па іх аб’яднанні, ініцыяваны даручэннем кіраўніцтва краіны, праводзіцца з кастрычніка 2011 года. Інтэграцыя да 2014-га, як заўважыў намеснік міністра культуры, вядзецца паэтапна і ўлічвае сітуацыю ў кожным канкрэтным паселішчы. Інакш кажучы, эканамічны эфект дасягаецца без парушэння канстытуцыйных правоў сяльчан.
Чарговая праблема — камплектаванне бібліятэчных фондаў. Гаворка — не толькі пра колькасць, але і пра якасць кніжных збораў. Па словах Васіля Чэрніка, ва ўстановах сістэмы Міністэрства культуры сукупны фонд складае звыш 65 мільёнаў экзэмпляраў. Летась на камплектаванне з бюджэту, прызначанага на развіццё бібліятэчнай справы, было выдаткавана 16 працэнтаў сродкаў. У мінулым годзе гэтай справай займалася і бізнес-супольнасць. Аб’ёмы спонсарскай дапамогі ад прадпрыемстваў, арганізацый, прыватных асоб былі не надта важкімі, але прыемнае выключэнне склалі Міншчына і Брэстчына.
Дзяржаўная палітыка ў бібліятэчнай сферы знайшла яркае ўвасабленне ў Дзяржаўнай праграме "Культура Беларусі" на 2011 — 2015 гады. Яе рэалізацыя паспрыяе далейшай камп’ютарызацыі ўстаноў, іх рамонту і рэканструкцыі. Мяркуецца і ўдасканаленне заканадаўчай базы. Гэтага, дарэчы, чакае кожны, без перабольшання, бібліятэкар.
Дырэктар НББ Раман Матульскі прафесійна і аргументавана прааналізаваў кожны з сённяшніх працэсаў, што замінаюць дынамічнаму развіццю бібліятэчнай справы. Гаворка ішла пра аптымізацыю сеткі, фонды, скарачэнне паказчыкаў бібліятэчнага абслугоўвання і пра тое, што сённяшняя бібліятэка на дзве трэція "сышла" ў віртуальны асяродак.
Больш падрабязна аб праблемных нюансах бібліятэчнай справы, выказаных на форуме бібліятэкарамі з рэгіёнаў, чытайце ў наступным нумары "К".
Фота Юрыя ІВАНОВА