Эксперты: адукацыя праз мастацтва

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

З 23 па 26 мая ў Мінску праходзіць Другая Рэгіянальная сустрэча экспертаў з міжнародным удзелам "Пытанні і перспектывы мастацкай адукацыі і адукацыі праз мастацтва: развіццё творчага патэнцыялу ў ХХІ стагоддзі".

У ёй, акрамя нашай краіны, прымаюць удзел прадстаўнікі Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны, а таксама — міжнародныя арганізацыі: UNESCO, Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, Міжнародная супольнасць "Адукацыя праз Мастацтва" (InSEA). Cустрэча прымеркавана да святкавання Міжнароднага тыдня мастацкай адукацыі, які прыпадае на апошні тыдзень мая.

Сустрэча арганізавана Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і структур UNESCO. Яе мэта — агляд ды асэнсаванне дасягненняў у галіне мастацкай адукацыі і адукацыі праз мастацтва з улікам міжнародных дакументаў, сярод якіх — "Дарожная карта мастацкай адукацыі" і "Сеульскі расклад: мэты мастацкай адукацыі". У праграме сустрэчы  — "круглыя сталы", тэматычныя дыскусіі. Спецыяльная сесія сустрэчы экспертаў прысвечана Канвенцыі па ахове і заахвочванні разнастайнасці культурнага самавыяўлення (2005 г.).

Урачыстае адкрыццё сустрэчы экспертаў адбылося ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Удзельнікаў вітаў намеснік міністра культуры нашай краіны Васіль Чэрнік. Ён, у прыватнасці, сказаў: "Удасканаленне сістэмы мастацкай адукацыі з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці Міністэрства культуры. З мэтай выяўлення, адбору, прафесійнай падрыхтоўкі найбольш адораных дзяцей з усіх рэгіёнаў нашай рэспублікі створаны ўнікальныя навучальна-педагагічныя комплексы. У профільных навучальных установах сканцэнтраваны лепшыя педагагічныя кадры, створаны найбольш спрыяльныя ўмовы для развіцця юных талентаў".

/i/content/pi/cult/428/8848/3-4.jpeg

Пасяджэнні сустрэчы праходзяць у зале пасяджэнняў Універсітэта культуры і мастацтваў, што дае экспертам магчымасць непасрэдна назіраць навучальны працэс у гэтай ВНУ і спрыяе яе міжнароднаму іміджу.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"