У жанры святкаванняў

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь з 80-годдзем з дня заснавання. "Ваш тэатр — наш гонар і сапраўдны нацыянальны здабытак. Яго гісторыя напоўнена яркімі адкрыццямі, незабыўнымі спектаклямі і нязгасным творчым гарэннем выдатных майстроў, якія прынеслі беларускаму мастацтву сусветную славу", — гаворыцца, у прыватнасці, у віншаванні. "Сёння, як і дзесяцігоддзі таму, Вялікі тэатр захоўвае адданасць высокім эстэтычным ідэалам акадэмічнага мастацтва і, у той жа час, застаецца надзвычай сучасным, адкрытым для смелых эксперыментаў ды наватарскіх мастацкіх рашэнняў. Выдатная плеяда праслаўленых артыстаў і маладых талентаў паспяхова вырашае самыя складаныя творчыя задачы", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі адсвяткаваў сваё 80-годдзе.

Урачыстасцей было — ажно на два дні. 22 мая адбылася "пашыраная" прэс-канферэнцыя з запрашэннем шматлікіх гасцей. Святочны антураж стварала папраўдзе цудоўнае выступленне трыа "Ларэлея". Генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка ўзняў такія "генеральныя" пытанні, як творчыя здабыткі калектыву і прызнанне гледачоў. Тут сапраўды ёсць чым ганарыцца. За ўвесь час тэатрам было пастаўлена звыш 200 спектакляў, сярод якіх — 125 опер і 78 балетаў. А гэта — больш чым 21 тысяча паказаў спектакляў публіцы. Уласна гледачоў за гэтыя гады тэатр сабраў ажно 18 мільёнаў. За адзін толькі мінулы год іх "набегла" — 254 тысячы. А ёсць жа яшчэ гастролі! У замежжа вазілася каля 70 найменняў з рэпертуару, а гэта нават крыху больш за трэць ад усяго спісу.

/i/content/pi/cult/428/8847/3-1.jpeg

Як жа жыве тэатр на сучасным этапе? Штогод — больш як 300 паказаў. 40 працэнтаў усіх сталічных тэатралаў — гледачы менавіта Вялікага тэатра. За апошнія чатыры гады як тэатр вярнуўся ў адноўлены будынак, тут здзейснены 24 прэм’еры, падпісаны 29 мемарандумаў — пагадненняў аб супрацоўніцтве — з опернымі тэатрамі іншых краін. 138 гастрольных паказаў сабралі больш як 160 тысяч замежных гледачоў. Няма чаго здзіўляцца, што разнастайнымі ўзнагародамі былі адзначаны ў святочны дзень больш чым 100 чалавек: 37 — узнагародамі Міністэрства культуры Беларусі, 75 — ганаровымі граматамі тэатра. Таму і сама цырымонія доўжылася больш за гадзіну.

/i/content/pi/cult/428/8847/3-2.jpeg

Хутка прыхільнікаў у тэатра стане яшчэ больш — дзякуючы намаганням Нацыянальнага банка, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама "Белпошты", бо ў абарачэнне ўведзены памятныя манеты "Беларускі балет. 2013", адчаканеныя на Літоўскім манетным двары, а таксама паштовая марка "Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь" з серыі "Тэатры Беларусі". Маркі, накладам 50 тысяч экзэмпляраў, раз’едуцца ажно па 192-х краінах свету, з якімі супрацоўнічае "Белпошта".

Прыхільнікі балета, напэўна, з’явяцца і сярод аматараў жывапісу, бо мастачка Аксана Аракчэева падарыла тэатру сем партрэтаў вядучых салістаў балета, што змешчаны ў фае. Яна не падманула, калі паведаміла на прэс-канферэнцыі, што ейны прынцып — "партрэты-сюрпрызы": да канца працы мадэль не бачыць сваю выяву. Сюрпрызы сапраўды атрымаліся: артысты ўбачылі тыя партрэты разам з журналістамі і змаглі ацаніць нечаканасць бачання.

/i/content/pi/cult/428/8847/3-3.jpeg

Святочны канцэрт, прызначаны на 23 мая, паказалі напярэдадні, сабраўшы ў зале ветэранаў ды супрацоўнікаў тэатра і запрасіўшы журналістаў. Павіншаваць Вялікі прыляцела знакамітая Ніна Ананіяшвілі, "лебядзінае" выступленне якой на музыку К.Сэн-Санса ўпрыгожыла канцэрт.

Юбілейны ж вечар уключыў у сябе даволі працяглыя фрагменты са спектакляў, часта — у напаўканцэртным варыянце. Затое прыемным сюрпрызам сталася Адажыа з будучага балета — "Вітаўт" Вячаслава Кузняцова ў харэаграфіі Юрыя Траяна. Прэм’ера прызначана на пачатак наступнага сезона. І такі "погляд у будучыню" ў дзень падвядзення вынікаў мінулага 80-годдзя падаўся больш чым сімвалічным.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА і з сайта тэатра

На здымках: Уладзімір Грыдзюшка пад час цырымоніі гашэння маркі; партрэты салістаў балета; вытанчаная мадэль і таленавітая мастачка.

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова "Культура і мастацтва" таксама далучаецца да шматлікіх віншаванняў на адрас нашага Вялікага тэатра! Шчыра зычым аншлагавых залаў, натхнёных творцаў і выбітных пастановак для славы нацыянальнага мастацтва!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"